Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка схадзіў у калёніі ў царкву і атрымаў вымову


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Ленінскі раённы суд Магілёва пакінуў без задавальненьня скаргу зьняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.

Вязень магілёўскай турмы № 4 намагаўся абскардзіць вымову, вынесеную яму 21 студзеня 2015 году, калі ён сядзеў у бабруйскай папраўчай калёніі № 2. Судзьдзя Алена Дыбленка палічыла: асуджаны прапусьціў тэрмін абскарджаньня пастановы аб накладаньні дысцыплінарнага спагнаньня, што не дае падставаў для задавальненьня ягоных прэтэнзіяў да адміністрацыі калёніі.

Нагодай для вымовы Бандарэнку, як вынікае з матэрыялаў справы, сталася парушэньне ім правілаў унутранага распарадку калёніі. Паводле адміністрацыі, асуджаны не зьявіўся на полудзень і быў затрыманы ў царкве, што на тэрыторыі вязьніцы. Дазволу наведваць набажэнства Бандарэнка нібыта ня меў.

Адвакат Бандарэнкі Вадзім Мушынскі даводзіў суду, што ў падабароннага не было намеру парушаць правілы ўнутранага распарадку.

«Ён неаднаразова інфармаваў адміністрацыю калёніі пра жаданьне наведаць набажэнства. У тым ліку пісьмова. Са свайго боку ён выканаў усе неабходныя ўмовы, каб не парушыць правілы ў калёніі», — казаў адвакат суду.

Адказваючы на пытаньне судзьдзі, чаму Бандарэнка накіраваў скаргу ў суд толькі праз год і восем месяцаў з дня накладаньня спагнаньня, адвакат Мушынскі спаслаўся на канфліктны характар стасункаў ягонага падабароннага з адміністрацыяй і зь іншымі нявольнікамі калёніі.

«Дужа няпроста складалася ў Бандарэнкі сытуацыя па адбыцьці пакараньня ў калёніі № 2. Зь яго словаў, ён цярпеў дужа моцны ціск з боку адміністрацыі ды пэўных груп асуджаных. Ён быў вымушаны праз гэтыя канфліктныя сытуацыі зьвярнуцца да адміністрацыі, каб яго зьмясьцілі ў бясьпечнае месца. Неаднаразова пісаў скаргі ў пракуратуру, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але, паводле асуджанага, яны не пакідалі межаў калёніі. Такую выснову ён зрабіў, бо не атрымліваў адказаў. І толькі пасьля пераводу яго ў Шклоўскую калёнію № 17, калі зьніклі праблемы з атрыманьнем карэспандэнцыі, ён стаў паўторна пісаць скаргі. Таму і зацягнуў час на абскарджаньне спагнаньня».

Адвакат хадайнічаў перад судом, каб той дазволіў ягонаму падабароннаму прысутнічаць на працэсе, бо прычыны накладзенага спагнаньня, казаў ён, спэцыфічныя, і патлумачыць іх можа толькі сам асуджаны. Хадайніцтва было пакінутае без задавальненьня. Пакінуў суд без задавальненьня і зварот адваката, каб на працэс быў запрошаны сьвятар царквы, якую наведваў у калёніі Бандарэнка.

Вадзім Мушынскі сказаў, што вырак судзьдзі Дыбленкі будзе абскарджаны. Паводле яго, судзьдзя ўхілілася ад таго, каб разглядаць скаргу Бандарэнкі па сутнасьці, спаслаўшыся на недатрыманьне ім дапушчальных тэрмінаў разгляду скаргі.

За час знаходжаньня Бандарэнкі ў няволі яму вынесена прынамсі 13 спагнаньняў. Некаторыя зь іх асуджаны праваабаронца будзе абскарджваць, казаў журналістам Вадзім Мушынскі.

На момант накладаньня на Бандарэнку вымовы «за царкву» ў яго было толькі адно дысцыплінарнае спагнаньне. Статусу злоснага парушальніка рэжыму ён ня меў.

Цяпер Андрэй Бандарэнка ўтрымліваецца ў магілёўскай гэтак званай «крытцы». Туды праваабаронцу перавялі са Шклоўскай калёніі, калі прызналі яго злосным парушальнікам рэжыму. У камэры Магілёўскай турмы № 4 Бандарэнка сядзіць адзін. Прэтэнзіяў з боку адміністрацыі, паводле адваката, да ягонага падабароннага няма. У няволі Бандарэнка клеіць канвэрты. На волю мае выйсьці 31 сакавіка 2017 году.

Былы кіраўнік арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. На судзе Бандарэнка прызнаў віну часткова і заявіў, што супроць яго спэцслужбы зладзілі правакацыю. Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў наконт справы Андрэя Бандарэнкі разышліся. Адны мяркуюць, што пакараньне, якое атрымаў калега, адпавядае судовай практыцы, іншыя патрабуюць прызнаньня, што справа Бандарэнкі палітычна матываваная, і лічаць, што яе трэба перагледзець.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG