Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку, якая зрабіла рэпартаж пра бадзяжных жывёлаў, пакаралі за супрацу зь Белсатам


Аліна Скрабунова
Аліна Скрабунова

Журналістку-фрылансэра Аліну Скрабунову Кастрычніцкі суд Магілёва пакараў штрафам на 20 базавых велічыняў (460 рублёў ) за супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі. Судзьдзя Натальля Ясенка прызнала яе вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Скрабунова: «Я зьдзіўленая выракам»

Журналістка настойвала, каб суд спыніў адміністрацыйную справу праз адсутнасьць правапарушэньня. Вырак яна будзе абскарджваць. Паводле Скрабуновай, судзьдзя вымушаная была вынесьці абвінаваўчы прысуд, што зьвязана з агульным ціскам на «Белсат».

«Я дужа зьдзіўленая гэтым выракам, бо нішто не казала, што мяне могуць пакараць штрафам, — пракамэнтавала пастанову судзьдзі Ясенкі журналістка. — Я лічу, што міліцыя не назьбірала доказаў, якія б сьведчылі пра маю віну. Было відаць, што справа развальвалася. Гэта быў палітычны загад, і судзьдзя вымушаная была даць мне гэты штраф».

Аліна Скрабунова даводзіла суду, што яна не журналістка замежнага СМІ і ня мае з тэлеканалам «Белсат» працоўных адносін. На яе думку, міліцыя ўвогуле не здабыла доказаў, што яна журналістка — ці замежнага, ці беларускага СМІ. Паводле Скрабуновай, міліцыянт, які праводзіў праверку па справе, не парупіўся даслаць запыт тэлеканалу, каб высьветліць, ці працуе яна там, а на падставе сваіх меркаваньняў зрабіў выснову пра парушэньне ёю закону.

Міліцыянт: Скрабунова без акрэдытацыі, бо так сказалі сьведкі

Нагодай для перасьледу журналісткі стаў апублікаваны на сайце «Белсат» матэрыял пра талаку, якую зладзіла Таварыства аховы жывёлаў. Талака ладзілася, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў бадзяжных сабак і катоў, а таксама каб уладкаваць пляцоўку з вальерамі, у якіх тыя ўтрымліваюцца.

Паводле ўчастковага міліцыянта Ўладзімера Шчарбакова, у Кастрычніцкі аддзел міліцыі паступіў сыгнал, што публікацыя пра талаку зробленая Скрабуновай, якая ня мае акрэдытацыі журналіста замежнага СМІ. Міліцыянт, якога выклікалі ў суд сьведкам, праводзіў праверку па справе. Ён адшукаў герояў рэпартажу і, як ён казаў у судзе, тыя пацьвердзілі, што зь імі гутарыла Скрабунова. На падставе іхніх паказаньняў Шчарбакоў зьвінаваціў журналістку ў парушэньні закону.

Сьведкі скардзіліся на міліцыянтаў

Давалі паказаньні суду і актывісты Таварыства, якія ў тэлесюжэце камэнтавалі сытуацыю з бадзяжнымі жывёламі. Адна са сьведак сказала, што міліцыянт чыніў на яе псыхалягічны ціск. Другая ж сказала, што яе выклікалі ў міліцыю нібыта таму, што жыхары дамоў, прылеглых да вальераў, скардзяцца на сабачы брэх. А насамрэч яе дапыталі па справе Скрабуновай.

Будынак Кастрычніцкага суду Магілёва
Будынак Кастрычніцкага суду Магілёва

Суд не адрэагаваў на заяву Скрабуновай, што паказаньні актывістаў Таварыства аховы жывёлаў здабытыя незаконна, таму ня могуць брацца пад увагу.

Міліцыянт адкінуў заявы пра псыхалягічны ціск. На абвінавачваньні Скрабуновай у выкарыстаньні ілжывых падставаў для выкліку на допыт сьведкі Шчарбакоў адказаў:

«Яны былі выкліканыя па добрапрыстойнай прычыне. Падставы для выкліку залежаць ад самога супрацоўніка».

Судзьдзя Ясенка агучыла вырак, не аргумэнтаваўшы яго. Коратка сказала, што Скрабунова пакараная штрафам на 20 базавых велічыняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG