Кіраўнік польскай парлямэнцкай дэлегацыі, якая ад учорашняга дня знаходзіцца з трохдзённым візытам у Беларусі, віцэ-маршалак Сэйму Рышард Тэрлецкі правёў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі. На яе запрасілі дэпутатак Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім і Ганну Канапацкую, Уладзімера Някляева, Юрася Губарэвіча ды іншых.
Удзельнік гэтай размовы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька расказаў Свабодзе пра самае актуальнае, што прагучала на дыскусіі.
Пра Белсат
«Сустрэча доўжылася больш за дзьве гадзіны. Мы паспрабавалі атрымаць ясную, выразную інфармацыю кіруючай партыі наконт інфармацыйных праектаў, якія падтрымлівае Польшча. Мы выказалі ўдзячнасьць, што гэтыя праекты былі, асабліва што тычыцца тэлеканалу „Белсат“. Наша пастаноўка пытаньня перад палякамі была такая: „Што будзе далей?“
Таму што „Белсат“ — гэта ня толькі магчымасьць для многіх атрымліваць праўдзівую інфармацыю, асабліва для людзей старэйшага пакаленьня ў рэгіёнах. Гэта яшчэ і альтэрнатыва інфармацыйнай прысутнасьці ў Беларусі расейскіх тэлеканалаў, расейскіх мэдыяў.
Адказ быў такі: „Белсат застанецца, але ўлада хацела б, каб фінансаваньне не ішло праз МЗС, каб не было ўраду“. Гэта значыць, каб урад ня нёс адказнасьці за кантэнт. Але што будзе далей, у якім фармаце — пакуль не зразумела.
Спадар Тэрлецкі ўзгадаў яшчэ пра канал „Палёнія“, хацеў бы, каб ён прысутнічаў у Беларусі. Але „Палёнія“ — гэта не палітычны праект. Добра, калі яна тут будзе, але калі гэта разглядаць як замену „Белсату“, то яна нераўнавартасная».
Пра выбары
«Мы праінфармавалі, што ёсьць праект закону, які будзе ўносіць дэпутатка Ганна Канапацкая, якая таксама прысутнічала на сустрэчы. Віцэ-маршалак казаў: няма вялікай надзеі, што зьменіцца заканадаўства, але яны падтрымліваюць стандарты АБСЭ. І (казаў), што вельмі важна вярнуць беларусам права выбару».
Пра бясьпеку
«Мы запрасілі іх на нашу канфэрэнцыю. Палякі кажуць, што вельмі занепакоеныя вучэньнямі «Захад-2017».
Пра няўдалыя праекты
«Гаварылі яшчэ пра праекты няўдалыя: эўрапейскі праект падтрымкі судовай сыстэмы, праект падтрымкі мясцовага самакіраваньня. Мы казалі, што грошы, якія даюцца ўладам, мы разглядаем як 13-ю зарплату чыноўнікам, якія сядзяць у будынках з шыльдамі „суд“ і „прэзыдэнцкая вэртыкаль“. Гэта неэфэктыўна. Можна падтрымліваць і разглядаць такія праекты, як, да прыкладу, ачыстка вады — ня скрадуць, не разьдзярбаняць, і людзі будуць піць чыстую ваду.
Таксама палякі казалі, што хацелі б ажыцьцяўляць нейкія камунікацыі з уладамі. Віцэ-маршалак заўважыў, што і ў іх унутры партыі таксама ідуць дыскусіі, ці варта рабіць супрацу з уладамі, з Палатай прадстаўнікоў. Але пакуль яны за тое, вобразна кажучы — што калі нага ўстаўлена ў прачыненыя дзьверы, каб яна там і была».