Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь сабралася ўкласьціся ў здабычу нафты ў Зымбабвэ, Конга і Экватарыяльнай Гвінэі, золата — у Судане


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік справамі прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман заявіў у час дакладу Аляксандра Лукашэнку, што Беларусь можа ўзяць удзел у здабычы нафты ў шэрагу афрыканскіх краінаў.

Віктар Шэйман, архіўнае фота
Віктар Шэйман, архіўнае фота

У час візыту Віктара Шэймана ў Зымбабвэ былі дасягнутыя пагадненьні аб пастаўках туды беларускіх трактароў на 43 млн даляраў, тэхнікі для лясной гаспадаркі на 15 млн, угнаеньняў на 10 млн. Таксама вялася гаворка аб стварэньні ў Зымбабвэ супольных прадпрыемстваў для перапрацоўкі мяса і малака, ёсьць пэрспэктывы стварэньня супольных прадпрыемстваў у здабычы каштоўных выкапняў, нафты і газу.

«Мы шчыльна адпрацоўваем шэраг праектаў па Мазамбіку, — расказваў Шэйман. — У тым ліку зборачную вытворчасьць нашай тэхнікі, здабычу карысных выкапняў. Шчыльна цяпер ідзе праца з адпаведнымі структурамі і з кіраўніцтвам Конга. Хутчэй за ўсё, у Конга мы зможам увайсьці ў здабычу нафты. Для нас цікавасьць уяўляе і Экватарыяльная Гвінэя. Там нас цікавіць здабыча нафты.

Сёлета будзем распрацоўваць радовішчы [карысных выкапняў] ў Судане, Зымбабвэ, Мазамбіку. У наступным годзе, магчыма, канец гэтага — Экватарыяльная Гвінэя і Конга».

Акрамя таго, Беларусь можа ўзяць удзел у здабычы золата ў Судане.

«Яны да нас цягнуцца»

Паводле Шэймана, Беларусь можа дасягнуць 3 млрд даляраў гадавога таваразвароту з краінамі Афрыкі, ня менш за 2,5 млрд — з краінамі поўдня Афрыкі. Якраз 3 млрд даляраў таваразвароту Беларусь мае за месяц з краінамі СНД (2,6 млрд — з Расеяй).

«Яны да нас цягнуцца, — разважаў Шэйман пра краіны Афрыкі. — Яны яшчэ памятаюць Савецкі Саюз, тыя сувязі, якія выбудоўваліся. Многія з кіраўнікоў афрыканскіх краінаў закончылі ВНУ ў СССР. Зыходзячы з гэтага, яны спрабуюць ладзіць партнэрскія дачыненьні з тымі, каго ведаюць і каму давяраюць».

Ён дадаў, што супраца з Афрыкай «не бясплатная», але «калі ў іх няма грошай, яны гатовыя плаціць карыснымі выкапнямі», што задаволіць Беларусь.

Беларусь ужо спрабавала здабываць нафту ў Вэнэсуэле і Іране. Не атрымалася

Пасьля чарговых нафтагазавых спрэчак з Расеяй у 2010 годзе Беларусь паспрабавала закупіць нафту ў Вэнэсуэлы, 80 тысяч тон нафты плылі праз акіян. Але з улікам транспартаваньня цэны аказаліся надта высокімі. Пасьля Беларусь паспрабавала здабываць нафту ў Вэнэсуэле праз супольнае прадпрыемства, але аб’ёмы здабычы аказаліся мінімальнымі. Але з часоў Уга Чавэса супраца з Вэнэсуэлай згасла, таваразварот Беларусі з Вэнэсуэлай упаў у 700 разоў.

Беларускія чыноўнікі раз-пораз заяўляюць аб інтарэсе да здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Цяпер у Вэнэсуэле з удзелам беларусаў здабываюць каля 840–840 тысяч тон нафты за год — пры тым, што беларускія НПЗ за год перапрацоўваюць каля 24 млн тон расейскай нафты.

Таксама Беларусь ад 2013 году здабывае крыху нафты ў Эквадоры. На 2017 год з удзелам беларусаў там здабыта ўсяго 27 тысячы тон нафты.

Беларусь — у дзясятцы самых нафтазалежных эканомік сьвету

Да таго ў 2007 годзе была спроба супольнай здабычы нафты ў Іране (беларускія адмыслоўцы, як сьцьвярджалася, займаліся толькі сэрвісным абслугоўваньнем абсталяваньня). Але праз гэты праект «Беларусьнафта» трапіла ў сьпіс кампаніяў, якія парушаюць санкцыі супраць Ірану, — урэшце Беларусь спыніла ўсе нафтавыя праекты ў Іране, закупляе ў яго зусім крыху нафты.

Уласна ў Беларусі здабываецца каля 1,65 млн тон нафты за год, у 2018 годзе плянуецца падвысіць здабычу да 1,67 млн тон.

Чаму беларускія праекты ў трэцім сьвеце правальваюцца?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG