Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзій Дварковіч заявіў, што беларускія прапановы па цэнах на расейскі газ у 2020–2024 гадах не задавальняюць Расею, піша ТАСС.
«Беларускія калегі прадставілі праекты дакумэнтаў, нас яны не задавальняюць. Мы, у прынцыпе, лічым, што вялікай сьпешкі няма і можна канчатковае рашэньне адкласьці на пачатак наступнага году», — заявіў Дварковіч. Паводле яго, перанесьці на наступны год мяркуюць і перамовы аб адзіным рынку газу.
Леташнія дамовы аб цане на расейскі газ дзейнічаюць да 2019 году ўключна, таму, сказаў Дварковіч, «сьпяшацца ня трэба». Але ён дадаў, што «разумее беларускіх калегаў, якія хочуць хутчэй зафіксаваць сытуацыю», таму кансультацыі працягваюцца.
Што да ідэі адзінага рынку газу ў Беларусі і Расеі, то сама Расея пакуль ня вызначылася, чаго хоча. Дварковіч патлумачыў, што розныя прапановы паступаюць ад Міністэрства энэргетыкі і «Газпрому», але ёсьць «шмат нюансаў», таму расейскі бок яшчэ не прыняў рашэньня наконт адзінага рынку.
Месяц таму Расея ўжо выказвала незадаволенасьць беларускім падвышэньнем тарыфаў на транзыт нафты, але рашэньне аб тарыфах на 2018 год было прынятае аўтаматычна: раней бакі дамовіліся, што пры нязгодзе па тарыфах цэны падвышаюцца на сярэднегадавы індэкс інфляцыі ў Расеі плюс ня больш як 3%.
Нафтагазавыя спрэчкі могуць дорага каштаваць
«Газавыя войны» 2016–2017 году каштавалі Беларусі паловы экспарту нафтапрадуктаў. Пасьля скарачэньня паставак расейскай нафты ў Беларусь экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ўпаў на 49,6% у аб’ёмах і на 15% у грашовым выражэньні. Чысты прыбытак Мазырскага НПЗ зьменшыўся на 53%, у «Нафтана» хоць тады і вырас на траціну, але застаўся «каля нуля».
Таксама ў часе нафтагазавых спрэчак у Менску прыпынілася будаўніцтва «Газпром-Цэнтру», дзеля якога зьнесьлі Маскоўскі аўтавакзал. Будоўля, якую распачалі ў 2015 годзе, дагэтуль не завершаная — офісны гмах зьбіраюцца дабудоўваць прынамсі да 2020 году.