Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не пагадзілася зь беларускім падвышэньнем тарыфаў на транзыт нафты. Наколькі сур’ёзная спрэчка?


Міністэрства гандлю Беларусі прыняло ў студзені пастанову аб падвышэньні зь 1 лютага тарыфаў на транспартаваньне (транзыт) нафты на 6,7%. Але, як піша ТАСС, Расея з такімі лічбамі не пагадзілася.

Прадстаўнік расейскай «Транснафты» Ігар Дземін заявіў, што на перамовах зь Беларусьсю расейскі бок прапанаваў падвышэньне на 4% — «як у нас», казаў Дземін, маючы на ўвазе расейскае падвышэньне адпаведных тарыфаў на 3,95%.

Але беларускі бок не пагадзіўся на 4% — набыло сілу раней прынятае правіла, паводле якога, калі бакі не прыйшлі да згоды, цэны падвышаюцца на сярэднегадавы індэкс інфляцыі ў Расеі (гэта 3,7%) плюс ня больш як 3%. Беларускі бок узяў максымальную лічбу зь «ня больш як», выйшла сумарна 6,7%.

Дземін заявіў, што расейскі бок прапануе новую мэтодыку павышэньня тарыфаў, бо цяперашняя мэтодыка была распрацаваная «пры інфляцыі каля 10% на месяц».

Эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак заявіла Свабодзе, што чакаць нейкай новай «нафтагазавай вайны» праз спрэчку ня варта: бакі пагадзіліся яшчэ ў сьнежні мінулага году на такое падвышэньне паводле старой мэтодыкі. Не да канца задаволенай засталася ня толькі Расея, якая хацела меншага падвышэньня, але і Беларусь, якая прапаноўвала большае.

«Я думаю, што гэтае пытаньне вычарпана, пакуль што спрэчак ня будзе, прыйшлі да такога ўзгодненага паразуменьня, — разважае Манёнак. — Калі істотна зьменяцца ўмовы з гэтай мэтодыкай, калі падскочыць інфляцыя, бакі маюць магчымасьць пераглядзець тарыфы ўвосень, але калі ўмовы ня зьменяцца прынцыпова, тарыф будзе дзейнічаць. Незадаволенасьць была, калі ўзгаднялі гэтае пытаньне, але ж узгаднілі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG