Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крама Adidas адмовілася браць на працу беларускамоўнага. Калі такое законна, а калі не


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнік менскай крамы Adidas адмовіў у прыёме на працу беларускамоўнаму кандыдату — скрыншоты перапіскі апублікаваў у Twitter карыстальнік Ягор Тубелевіч.

​У перапісцы прадстаўнік крамы перапытвае, ці кандыдат размаўляе па-беларуску ў паўсядзённым жыцьці, запрашае на сумоўе пры ўмове таго, што кандыдат «зможа ў краме размаўляць на расейскай мове». Кандыдат перапытвае, ці значыць гэта, што яму адмаўляюць у працы «толькі таму, што чалавек выкарыстоўвае дзяржаўную мову», на што атрымлівае станоўчы адказ: «Вы ўсё слушна зразумелі».

Пазьней у камэнтары «Белсату» кіраўнік крамы Эдуард пацьвердзіў, што «так вырашыў, што зь беларускай мовай мы не прымаем».

Юрыст Ігар Случак, вядомы ў інтэрнэце як «моўны інспэктар» праз звароты наконт выкарыстаньня беларускай мовы, падаў у Менгарвыканкам скаргу на краму — патрабуе прыцягнуць да адказнасьці яе кіраўніка, які адмовіў чалавеку ў працы паводле моўнай прыкметы. Ён кажа, што такія заявы ўжо падалі яшчэ некалькі чалавек, таксама скарга накіраваная ў галоўны офіс Adidas у Нямеччыне.

Случак тлумачыць Свабодзе: чалавеку можна легальна адмовіць у працы, калі ён не валодае нейкай мовай, неабходнай для працы, у тым ліку замежнай мовай (таксама як могуць адмовіць праз адсутнасьць патрэбнай адукацыі або досьведу). Але ў выпадку з крамай Adidas у кандыдата не пыталі, ці валодае ён расейскай, а проста адмовілі таму, што ён размаўляе па-беларуску. Калі б чалавек сказаў, што не валодае расейскай, а гэта было сярод патрабаваньняў у вакансіі, адмова была б законнай.

«Нельга назваць дыскрымінацыяй, напрыклад, калі цяжарнай жанчыне адмаўляюць у працы на падставе таго, што гэта цяжкая фізычная праца, якую ў такім стане немагчыма выконваць, — тлумачыць Случак. — Але калі адмаўляюць проста таму, што цяжарная, хоць магла б гэтую працу выконваць, то гэта ўжо дыскрымінацыя.

У гэтым выпадку з мовай ёсьць парушэньне і заканадаўства аб мовах (артыкул 9.22 КаАП), і крымінальны артыкул 190 („парушэньне раўнапраўя грамадзянаў“), дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы. Я падаў заяву аб парушэньні моўнага заканадаўства, бо ў гэтым выпадку я не зьяўляюся пацярпелым, а пацярпелымі ёсьць грамадзянскія стасункі — такую заяву можа падаць кожны. А сам пацярпелы можа падаць заяву паводле крымінальнага артыкулу, патрабаваць кампэнсацыі маральнай шкоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG