Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супэраўторак у ЗША: інтрыга застаецца


Выбарцы 24-х зь 50-ці амэрыканскіх штатаў прагаласавалі 5 лютага на "праймэрыз" - папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах.


У рэспубліканцаў сэнатар Маккейн умацаваў сваё лідэрства. У дэмакратаў сытуацыя надалей застаецца няяснаю.

Аглядальнікі зьвяртаюць увагу, што лідэрства Маккейна хоць і пацьверджана, але ня з тым вынікам, які дае яму 100-працэнтныя гарантыі стаць адзіным кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі. Джон Маккейн перамог у 9 штатах з 21, Міт Ромні – у 7 штатах, а Майк Гакабі – у 5 штатах. Пры гэтым, калі браць па колькасьці насельніцтва, Маккейн заручыўся падтрымкай 511 дэлегатаў наступнага зьезду Рэспубліканскай парты, што ў сярэднім у тры разы больш, чым у яго канкурэнтаў. Для вылучэньня кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі неабходныя галасы 1191 дэлегатаў.

Менш адназначная сытуацыя ў Дэмакратычнай партыі. Дэмакраты праводзілі папярэднія выбары – так званыя праймэрыз – у 22 штатах. Сэнатар Гілары Клінтан перамагла толькі ў 8 штатах, а яе канкурэнт сэнатар Барак Абама – у 13. Тым ня менш, Клінтан абышла Абаму паводле колькасьці дэлегатаў, бо за яе прагаласавалі больш населеныя штаты – такія як Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі, Каліфорнія, Арканзас ды іншыя. У выніку Гілары Клінтан заручылася падтрымкай 582 дэлегатаў, а Барак Абама – 562. Для вылучэньня кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі ЗША неабходная падтрымка 2025 дэлегатаў зьезду партыі.

Спаборніцтва патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў працягнецца ў сакавіку і красавіку, калі папярэднія выбары пройдуць у такіх густанаселеных штатах як Агаё, Тэхас і Пэнсыльванія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG