Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш выступіў з апошнім штогадовым пасланьнем



Галоўным у пасланьні прэзыдэнта быў стан эканомікі краіны. Джордж Буш прызнаў, што эканоміка ЗША перажывае пэрыяд “няўпэўненасьці”, аднак заверыў, што ў пэрспэктыве краіну чакае эканамічны рост. Эканамічны рост Буш зьвязаў са “здольнасьцю прадаваць амэрыканскія тавары, ураджай і паслугі па ўсім сьвеце”. Ён падкрэсьліў, што “трэба рабіць усё магчымае дзеля здыманьня гандлёвых бар’ераў і павелічэньня інвэстыцыяў”.
Шмат увагі Буш надаў замежнай палітыцы ЗША, намаганьням у прасоўваньні дэмакратыі ў посткамуністычным сьвеце і некаторых вызначальных мусульманскіх краінах:
“Апошнія сем гадоў мы былі сьведкамі яркіх момантаў у гісторыі. Мы бачылі грамадзянаў Грузіі і Ўкраіны, якія адстойвалі сваё права на свабодныя і справядлівыя выбары. Мы бачылі, як народ Лібану выйшаў на вуліцы з патрабаваньнем незалежнасьці. Мы бачылі як аўганцы паўсталі супраць тыраніі Талібану і абралі сабе новага прэзыдэнта і новы парлямэнт. Мы бачылі, як шчасьлівыя іракцы сьвяткавалі свае свабодныя выбары. І гэтыя вобразы свабоды натхнялі нас”.
Джордж Буш заявіў, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць свабоду па ўсім сьвеце “ад Кубы і Зімбабвэ да Беларусі і Бірмы”. У гэтым зьвязку ён заклікаў Кангрэс цалкам фінансаваць распрацаваную ягонай адміністрацыяй праграму замежнай дапамогі “Выклік тысячагодзьдзя”. Мэта праграмы -- умацаваньне дэмакратыі, празрыстасьці і вяршэнства закону ў разьвіваных краінах.
Прэзыдэнт адзначыў посьпехі ў стабілізацыі сытуацыі ў Іраку і заявіў, што цягам найбліжэйшых месяцаў адтуль будуць выведзеныя болей як 20 тысяч вайскоўцаў. Наступнае скарачэньне ўжо будзе залежыць ад сытуацыі і ад рэкамэндацыяў камандаваньня.
У праблеме Ірану Буш падкрэсьліў, што амэрыканцы паважаюць вялікую гісторыю іранскага народу і чакаюць таго дня, калі іранцы змогуць жыць свабодна. Прэзыдэнт зноў заклікаў кіраўніцтва Ірану спыніць працы дзеля ўзбагачэньня ўрану, які можа выкарыстоўвацца пры вытворчасьці ядзернай зброі:
“Мой заклік да лідэраў Ірану – дакажыце, што працы дзеля ўзбагачэньня ўрану спыненыя, і мы гатовы пачаць перамовы. Каб далучыцца да ўсясьветнай супольнасьці, неабходна быць адкрытым як адносна будучых ядзерных праграмаў, гэтак і да ўсяго зробленага ў гэтай галіне раней. Спыніце ціск унутры краіны. Спыніце падтрымку тэрарызму. І найперш ведайце: Амэрыка дасьць адпор усім, хто пагражае нашым вайскоўцам. Мы будзем падтрымліваць нашых саюзьнікаў, і мы будзем абараняць нашы жыцьцёва важныя інтарэсы ў Пэрсыцкай затоцы”
Дэмакраты не пагаджаюцца са зьнешняй палітыкай адміністрацыі Буша. Пазыцыю апазыцыйнай партыі ў адказ на пасланьне прэзыдэнта сёлета выказала губэрнатар штату Канзас Катлін Сэбэліюс. Сярод іншага яна заявіла, што “апошнія пяць гадоў вельмі дорага каштавалі Амэрыцы, найперш у людзкіх ахвярах і тысячах параненых, жыцьцё якіх, магчыма, зьменіцца назаўсёды...” Сэбэліюс падкрэсьліла, што зьнешняя палітыка рэспубліканцаў дадала Амэрыцы ворагаў і што трэба аднаўляць рэпутацыю краіны.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG