Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Зьмітром Бандарэнкам

абноўлена

26 красавіка суд Першамайскага раёну Менску разглядаў крымінальную справу супраць Зьмітра Бандарэнкі, чальца перадвыбарчага штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.



Суды за Плошчу

19:30 Прысуд па справе Зьмітра Бандарэнкі, даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, будзе абвешчаны 27 красавіка а 10:30. Па выніках спрэчак пракурор просіць пакараць Бандарэнку 3 гадамі зьняволеньня. Сам абвінавачаны з гэтым ня згодны, абарона патрабуе поўнага апраўданьня палітыка.

18.00 У другой палове дня на судовае паседжаньне па справе Бандарэнкі начальнік менскай Дзяржаўтаінспэкцыі Дзьмітрый Карзюк так і не зьявіўся. І хоць адвакат была супраць таго, каб пачынаць слуханьні без удзелу міліцыянта, пракурор на такі варыянт пагадзілася.

Карзюк — ключавы сьведка ў справе. Ён сьцьвярджаў, што асабіста папярэдзіў кандыдатаў, а таксама і Зьмітра Бандарэнку, каб не ішлі на плошчу, але тыя ўсё роўна туды пайшлі. Так, маўляў, пачаўся несанкцыянаваны мітынг.

Пасьля пачалося вывучэньне матэрыялаў справы, сярод якіх аказалася шмат раздруковак тэлефонных размоў Бандарэнкі. Палітык зьвярнуў увагу, што праслухоўваньне пачалося з 18 верасьня, і адмовіўся камэнтаваць незаконныя дзеяньні ўладаў.

Тым ня меней былі праслуханыя некаторыя аўдыёзапісы размоваў і прагледжаныя відэастужкі. На адной зь іх Бандарэнка разам з Андрэем Саньнікавым крычалі: «Час мяняць лысую гуму!». Бандарэнка пацьвердзіў гэта і заявіў, што трэба зьмяняць дзяржаўны мэханізм, а падзеі ў эканоміцы толькі даводзяць тое, пра што казалі ў сваіх праграмах кандыдаты ў прэзыдэнты.

Пасьля гэтага пракурору далі час на падрыхтоўку выступу. Неўзабаве пачнуцца судовыя спрэчкі.

15.10 Суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы

14.15 У судзе абвешаны перапынак да 15.10

Бандарэнка назваў працэс палітычным і заявіў, што адзінага пляну на 19-га сьнежня не было. Спадзяваліся на другі тур.

Як камэнтуюць суд над Бандарэнкам праваабаронцы і палітыкі?

14.00 Дапытваюць грамадзкага адказьніка Марыю Рэтуху зь Менсктрансу. Іхныя страты склалі 159 тысячаў рублёў.

Зьміцер Бандарэнка прызнаў пазоў Менсктрансу і сказаў, што ад імя ўсіх удзельнікаў мітынгу гатовы кампэнсаваць страты і папрасіў прабачэньня ва ўсіх, каму перашкодзілі мітынгоўцы 19 сьнежня.

Напачатку працэсу адвакатка Зьмітра Бандарэнкі падала квітанцыю аб сплаце стратаў Менсктрансу.

11.45 Пачалося апытаньне сьведак.

Міліцыянт Эдуард Чыслоў працаваў ў міліцэйскі аўтобусе з гукаўзмацняльнай апаратурай. Ён кажа, што маніфэстантаў папярэджвалі, што нельга ладзіць несанкцыянавайн мітынг.

Міліцыянт Юры Каралькоў таксама працаваў у міліцэйскім аўтобусе з гукаўзмацняльнай апаратурай. "Прыехалі на плошчу Незалежнасьці. Там вяшчалі толькі 10 хвілінаў…" Народу было вельмі шмат. Міліцыю ніхто не слухаў. "Давялося зьехаць, бо на лабавае шклое павесілі бел-чырвона-белы сьцяг", - паведаміў Каралькоў.

Кіроўца аўтобуса Мікалай Алексіевіч: "згубіў адзін круг". Кажа, што пасажыры не абураліся. Ён высадзіў людзей.

Кіроўца Васіль Маркас таксама згубіў адзін круг. Сказаў, што некаторыя пасажыры абураліся.

Кіроўца Уладзімер Вернікоўскі згубіў 20 хвілінаў працы. Паказаў, што некалькі чалавек казалі, што могуць спазьніцца на цягнік.

Сьведка супрацоўнікі ДАІ Сульжыц
кажа, што з-за дэманстрантаў пацярпелі простыя людзі. Ён таксама паведаміў, што сьледчы паказвазў яму відэа тых падзеў. І Сульжыц згадвае падзеі паводле таго відэа.

Сьведка Анатоль Данінкоў, супрацоўнік ДАІ, пазнаў Бандарэнку.

Сьведка Дуброўскі
сказаў, што мітынгоўцы паводзілі сябе хутчэй мірна.

Сьведка Бабарыка
, былы супрацоўнік ДАІ, сказаў, што супрацоўнікі ДАІ не ўжывалі гучнай сувязі для папярэджаньняў маніфэстантаў. Ён таксама паведаміў, што дэманстранты не прарывалі ланцуг супрацоўнікаў ДАІ.

Сьведка не чуў, каб нехта з кандыдатаў аддаваў загад натоўпу рабіць незаконныя дзеяньні.

11.40 "У мяне сур'ёзныя праблемы са здароўем: абвастрылася язва, падагра, хвароба хрыбетніка", — заявіў Бандарэнка.

Паводле ягоных слоў, у яго "частковы параліч правай нагі".

"За час знаходжаньня пад вартай маё здароўе пагоршылася. Аднак у СІЗА да мяне нармальна ставіліся, мяне глядзелі лекары, давалі таблеткі", — паведаміў Зьміцер Бандарэнка.

"Здароўе пагоршылася не з-за асаблівых адносінаў да мяне, але турма ёсьць турма. Я асабліва гэтага не паказваю, але мне патрэбная мэдычная дапамога".

11.30 Бандарэнка "ўражаны хцівасьцю Макдональдса". Ён лічыць, што недаатрыманы прыбытак — ня шкода, перадае Інтэрфакс.

"На гэтым маршруце руху калёны ёсьць і іншыя прадпрыемствы, яны працавалі, ніхто ім не перашкаджаў. А некаторыя вырашылі, што ім замінаюць. Гэта на іх сумленьні, на тое яны і камэрсанты, грошы ім не перашкодзяць", — сказаў Бандарэнка.

Прадстаўнік абвінавачваньня даводзіць у судзе, што сваімі дзеяньнямі Бандарэнка перашкодзіў працы прадпрыемстваў "Макдональдс" і "БелЕвросеть", пункту абмену валютаў, станцыі мэтро "Кастрычніцкая" і Палаца культуры прафсаюзаў.

11.20 Бандарэнка абурыўся тым, што зь верасьня 2010-га ягоны тэлефон праслухоўваўся. Ён нагадаў, што ў ЗША за праслухоўваньне тэлефонаў прэзыдэнт Ніксан некалі атрымаў імпічмэнт.

11.05 Бандарэнка: прыйшоў на плошчу падтрымаць свайго кандыдата

Бандарэнка кажа, што прыйшоў на плошчу 19 сьнежня з ідэалягічных меркаваньняў, для таго, каб падтрымаць свайго кандыдата: "Я ня быў галоўнай дзеючай асобай, я быў побач з кандыдатам, але гэта крыху іншае".


11.00 Прадстаўнік абвінавачваньня ўдакладніў, што Бандарэнка перашкодзіў працы прадпрыемстваў "БелЕвросеть", пункта абмену валюты, станцыі мэтро "Кастрычніцкая" і Палацу культуры прафсаюзаў.

Бандарэнку таксама вінавацяць у тым, што "праз Інтэрнэт заклікаў да ўдзелу ў акцыі на плошчы, выказваў надуманыя сьцьвярджэньні пра недэмакратычнасьць выбараў і іх фальшаваньне".

10.51 Прадстаўнік абвінавачаньня лічыць Бандарэнку вінаватым у грубым парушэньні грамадзкага парадку і непадпарадкаваньні ўладам, паведамляе Інтэрфакс.

"Фактычна кіруючы выбарчай кампаніяй Саньнікава, зьдзейсьніў злачынства, якое выявілася ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак, спалучаных зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням органам улады і парушэньнем работы транспарту і арганізацый", - заявіў прадстаўнік абвінавачваньня.

10.50 Бандарэнка трымаецца спакойна. Распавядае, што ў Беларусі надыходзіць крызіс, пра які папярэджвалі кандыдаты ў прэзыдэнты.

10.39 Інтэрфакс: Бандарэнка часткова прызнаў віну.

Бандарэнка прызнае сябе вінаватым ва ўдзеле ў "масавай акцыі, якая пацягнула перабоі ў працы грамадзкага транспарту ".

Па астатніх пунктах абвінавачваньня Д.Бандарэнка вінаватым сябе не лічыць.

Суд над Бандарэнкам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк


10.35 Інтэрфакс перадае, што прадстаўнікі органаў юстыцыі параілі не карыстацца ноўбукамі. Сувязь ў судзе працуе зь перабоямі. Пры гэтым сам Інтэрфакс перадае паведамленьні.

Судзьдзя - Тацяна Равінская. Прадстаўнік дзяржаўнага - абвінавачваньня Сіманоўскі. Адвакат - Мар'яна Сямешка.

10.10 На працэсе прысутнічаюць дыпляматы краінаў Эўразьвязу, а таксама бацькі журналісткі Ірына Халіп Уладзімер Халіп і Люцына Бяльзацкая. Не патрапілі на працэс палітыкі Віктар Івашкевіч, Лявон Баршчэўскі.

10.05 Суд праходзіць у маленькай залі – прыкладна на 20-25 чалавек. Некалькі шэрагаў займаюць чальцы праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ.

10.00 Паводле журналістаў, у судзе не працуе мабільная сувязь.

9.30 Пачалі запускаць у залю. Міліцыянты правяраюць рэчы ахвотных прысутнічаць на працэсе.


Напярэдадні суду


Паганяйла: "Даказваць віну Бандарэнкі будуць праз нібыта пацярпелых, якім цяжка адмовіцца"

Зьміцер Бандарэнка. Партрэт на фоне кратаў

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG