Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бандарэнка. Партрэт на фоне кратаў


Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.

Дзіўнае адчуваньне не адпускае мяне з канца сьнежня: я ўвесь час, штохвіліны адчуваю, што яны, мае сябры, зусім побач, у пяці хвілінах хады ад майго дому. Ад маёй вежы да турмы КДБ наўпрост ня больш за кілямэтар ...

Мы пазнаёміліся гадоў пятнаццаць таму. Памятаю сваё першае адчуваньне: перада мной тыповы рэвалюцыянэр ­-- насьцярожаны, калючы, нязломны. Я такіх ніколі не любіў.

І да Зьмітра, спачатку, ставіўся насьцярожана: чорт зь ім, з Лукашэнкам, прыйдзе час -- зь ім разьбяруцца! Але рэвалюцыя, ужо не, прабачце, гэта не для мяне, гэтага я не люблю.

Ішоў час, ішлі гады, а "ўсенародна абраны» ўсё яшчэ заставаўся ва ўладзе. Пры ўсёй маёй нелюбові да рэвалюцыі, я ўсё ж пасьпеў у ёй адзначыцца: разам з Бандарэнкам стаў адным з заяўнікаў маршу "Так жыць нельга».

Марш, вядома ж, пабілі дубінкамі, мяне засадзілі на Акрэсьціна -- нічога страшнага, адседзеў, кампанія ў камэры была добрая: моладзь з «Зубра» і Шчукін. Зь імі сядзець ня так ужо і цяжка: усё ж побач прыстойныя людзі!

Акцыя салідарнасьці ў Менску. 16 верасьня 2009


Калі везьлі ў турму, у аўтазаку памятаю выдатную сцэну: Халезін зь вертухаем абмяркоўваюць наш марш, Халезін за кратамі, вертухай сядзіць побач, на зэдліку. І разважае: вам бы выйсьці з эканамічнымі патрабаваньнямі, тады б вас усе падтрымалі! І так гэта, зь веданьнем справы кажа, важка, словы расьцягваючы і тлумачачы гэтым дурням з апазыцыі, як трэба жыць!

А мы ж менавіта з эканамічным лёзунгам тады і выходзілі! А білі і арыштоўвалі нас тыя самыя недавучкі, якія ўладкаваліся на цёплыя месцы, сталі «сілавікамі» і атрымліваюць за сваю «нялёгкую працу» больш за іншых прафэсараў і акадэмікаў.

Не інтэлект, ня веды кіруюць нашым грамадзтвам, а агрэсіўнае невуцтва і дзікунства.

Было ўжо чатыры гадзіны раніцы, вочы зьліпаліся, але мазгі працавалі: менавіта тады я і зразумеў, што ўдзельнічаю ня ў рэвалюцыі, а ў вызваленьні сваёй зямлі ад акупантаў! Тады канчаткова і зразумеў непахіснасьць Зьмітра Бандарэнкі: адна справа -- ладзіць рэвалюцыю, а зусім іншая -- змагацца з акупантамі. Тут няма і ня можа быць кампрамісаў!

Мой бацька, Кавалер Ордэна Славы, таксама змагаўся з акупантамі, і, дзякаваць Богу, вярнуўся з вайны і знайшоў маю маці, і яны пасьля страшнай вайны, пасьля разьвітаньня, зрабілі мяне.

Бацька прывёз з вайны мноства раненьняў і руку, якая сохне. Ён быў габрэем, якога ўзнагародзілі чатырма мэдалямі «За адвагу», а іх давалі толькі тады, калі ў лом было даваць Зорку Героя.

З пункту гледжаньня многіх цяперашніх герояў ён быў дурань: трафэяў з вайны не прывёз, затое хадзіў на лыжах па мінным полі, поўзаў на пузе па гразі пад шквальным агнём са сваёй рацыяй. А разумныя, тым часам, сядзелі ў заградатрадах, былі палітрукамі, працавалі ў НКУС і набівалі свае валізкі нарабаваным барахлом.

«Дурні» здабывалі перамогу, а «разумныя» выжывалі і ўладкоўваліся. Божа, як гэта падобна на тое, што адбываецца ў нашым грамадзтве і сёньня! Вось і Дзіма, і Андрэй, і Іра, і Анатоль, і Наста, і Наташа, і сотні іншых -- усе яны з пароды тых жа «дурняў»: проста перад імі іншыя ворагі.

Палітвязьні Зьміцер Бандарэнка і Зьміцер Дашкевіч


Зрэшты, ці іншыя? Памятаеце, як на Бандарэнку, Саньнікава і Бябеніна напалі фашысты з РНЕ? У цэнтры Менску, побач з плошчай Перамогі! Хлопцы адбіліся, хоць з тых часоў у Дзімы і пашкоджаная сьпіна. Гэтая траўма, баявое раненьне, робіць яму сёньня масу пакутаў у турме КДБ. І трымаюць яго ў гэтай турме тыя, хто выгадаваў тых маладых фашыстаў, хто, па сутнасьці, ствараў гэтыя бандыцкія групоўкі.

І не выпадкова, што пазьней я гэтых РНЕ-шнікаў ужо стаў пазнаваць у тых малойчыках у аднолькавых чорных строях і чорных шапачках, якія зьяўляюцца на кожнай акцыі апазыцыі і якія з асалодай зьбіваюць старых і жанчын.

Пра іх, пра такіх, як яны, пісаў Алесь Адамовіч -- карнікі.

У нас любяць гаварыць, што мы краіна, якая перамагла фашызм. Па-мойму, гэта агульнапрынятая мана: па-першае, у СССР ніколі не змагаліся з фашызмам -- ваявалі з гітлераўскімі захопнікамі, з акупантамі, але з фашызмам, як з ідэалёгіяй, ніколі вайны не было.

Гэта па-першае. А па-другое, яшчэ горш: і ў даваенныя гады рэпрэсіяў, і падчас вайны і пасьля яе ішоў змрочны працэс, які зьнішчаў грамадзтва: лепшыя гінулі, а баязьліўцы, паліцаі і вертухаі выжывалі і давалі моцнае патомства.

Уручэньне прэміі Хартыі-97. Сяргей Парсюкевіч, Зьміцер Бандарэнка, Аляксандар Баразенка, Андрэй Кім


І цяпер гэтыя самыя паліцаі і вертухаі прыйшлі да ўлады. Яны пабудавалі “лінію Сталіна” (якой ніколі не было!), яны спрабавалі зьнішчыць Курапаты, пусьціўшы па могілках менскае кола, і яны да гэтага часу трымаюць нас за горла.

Нас, дзяцей, унукаў і праўнукаў тых, хто перамог.

Ці атрымаецца ў іх?

З Курапатамі не атрымалася. У мяне ёсьць кадры, дзе моладзь кладзецца пад нож бульдозэра, не даючы ўладзе схаваць сьляды найвялікшага злачынства ў дачыненьні да народу. Там, у ланцугу моладзі і Дзіма Бандарэнка.



Іх тады палілі, душылі, зьбівалі, але вымушаныя былі пайсьці на саступкі.
Я гляджу на гэтыя кадры, на твар Дзімы Бандарэнкі і думаю: адкуль сілы?
Адказ знайшоў нядаўна, калі Воля Бандарэнка, жонка Дзімы, чытала мне вытрымкі зь яго турэмных лістоў. Пра што ён піша? Пра каханьне і пра Бога, што, уласна, адно і тое ж, бо Бог і ёсьць Любоў.

Зьміцер і Вольга Бандарэнкі


Заўсёды побач з трагічным ёсьць і сьмешнае. Вось пішу гэтыя радкі і думаю: а што? Было б нядрэнна, калі б у камэру да Дзімы пасадзілі б Філарэта! Можа хоць Зьміцер здолеў бы растлумачыць Экзарху, што Душа -- гэта не гарэлка і цыгарэты, і што гандляваць ёю нядобра. Тым больш нядобра гандляваць Усявышнім і ўзнагароджваць ад яго імя правакатараў і садыстаў.

Кажуць, што па-сапраўднаму любіць могуць толькі моцныя людзі.

Дзіма ўмее любіць, а значыць ён моцны.

Тыя, хто зараз катуюць яго -- любіць ня ўмеюць.

Значыць яны слабыя. Яны мараць, каб усе мы сталі Раманчукамі -- здраднікамі і падонкамі. І злуюцца, што мы іншыя. І ненавідзяць нас яшчэ мацней. А значыць, слабеюць з кожным днём усё больш.

А перамогуць моцныя, такія як Дзіма, Андрэй, Іра, Анатоль...

І калі ў нас ёсьць сумленьне, калі мы нашчадкі тых, хто перамог -- мы ім дапаможам.

Юры Хашчавацкі, рэжысэр, аўтар фільмаў "Звычайны прэзыдэнт", "Плошча", "Багі сярпа і молата", "Лабатамія" ды іншых.






ПАРТРЭТЫ НА ФОНЕ КРАТАЎ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG