Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура выявіла шматлікія парушэньні ўтрыманьня асуджаных у месцах пазбаўленьня волі


Генэральная пракуратура Беларусі выявіла шматлікія парушэньні заканадаўства, што рэгулюе матэрыяльна-пабытовае і мэдыка-санітарнае забесьпячэньне асуджаных да пазбаўленьня волі ў калёніях і асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай у сьледчых ізалятарах. Пра гэта 20 красавіка журналістам паведаміў намесьнік генпракурора Аляксей Стук перад пачаткам калегіі галоўнага нагляднага ведамства па гэтай тэме.

Паводле яго, у папраўчых калёніях, СІЗА не выконваюцца нормы жылой плошчы на аднаго чалавека. Ліміт колькасьці некаторых папраўчых устаноў, устаноўлены МУС, завышаны і не адпавядае рэальнай умяшчальнасьці жылых памяшканьняў. Асабліва сур'ёзная гэтая праблема ў калёніях № 8 (Орша), № 9 (Горкі) і № 11 (Ваўкавыск). Згодна з нарматывамі, на аднаго чалавека ў папраўчых установах павінна быць ня менш як 2 кв. м жылога памяшканьня, у СІЗА — 2,5 кв. м.; у калёніях для непаўналетніх — 3,5 кв. м, для цяжарных жанчын і жанчын зь дзецьмі — ня менш як 4,5 кв. м.

Разам з тым, як зазначыў Стук, у трох вышэйназваных калёніях пры нарматыве 2 кв. м паказчыкі складалі 1,2—1,9 кв. м. У калёніі № 8 перавышэньне колькасьці зьняволеных даходзіла да 485 чалавек. З парушэньнем нарматываў у папраўчых установах спальныя месцы ўстанаўліваліся ў тры ярусы.

Пры гэтым намесьнік генпракурора асабліва падкрэсьліў, што праблема перанаселеньня адносіцца толькі да некаторых папраўчых устаноў, а ня ўсёй пэнітэнцыярнай сыстэмы краіны. Паводле зьвестак на 1 красавіка, у месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі знаходзіліся 31.750 зьняволеных.

Аляксей Стук таксама адзначыў праблему недахопу ў шэрагу калёній месцаў для кароткатэрміновых і працяглых сустрэч. Паводле яго слоў, згодна з нарматывамі, на 1.000 асуджаных неабходна мець 24 пакоі для сустрэч. А ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі ёсьць факт, калі ў папраўчых установах, у якіх утрымліваюцца 2,5 тысячы чалавек, такіх пакояў толькі 14.

Намесьнік генпракурора паведаміў, што амаль ва ўсіх папраўчых установах і СІЗА выяўлены парушэньні правілаў супрацьпажарнай бясьпекі, факты несвоечасовага забесьпячэньня асуджаных неабходнымі рэчамі. У асобных калёніях устаноўлены завышаныя гандлёвыя надбаўкі ў крамах на тавары першай неабходнасьці. Устаноўлена невыкананьне санітарна-гігіенічных нормаў. Паводле яго, у калёніях не хапае мэдыцынскага абсталяваньня і мэдпэрсаналу.

Стук заявіў, што, згодна з прынятай летась Канцэпцыяй ўдасканаленьня захадаў крымінальнай адказнасьці, краіна павінна забясьпечыць нормы ўтрыманьня зьняволеных у адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG