На форуме парталу tut.by абмяркоўваецца навіна пра банк зьвестак аб грамадзянах Беларусі, якім часова абмежавана права на выезд з краіны.
FatAll піша: “Калі ты загадзя раней мог сабе атрымаць пячатку на 5 гадоў і пасьля гэтага зрабіцца “нячэсным”, але ўсё-такі выяжджаць за бугор, дык цяпер зьвесткі, што ты “нячэсны”, прыляцяць на мяжу хутчэй, чым ідзе хуткасная электрычка Менск – Берасьце. Яшчэ адно ярмо павесілі на непажаданых”.
Яшчэ адзін камэнтар: “Затое цяпер ёсьць новы “законны” прыкол для апазыцыйна настроеных грамадзян: прыяжджае такі на мяжу, а яму ці позву ў ваенкамат, ці “грамадзянскі” пазоў ад якога-небудзь Васі Пупкіна. Дзён празь дзесяць з чыстым сумленьнем: “Прабачце, памылачка выйшла”.
bannida : “У Эўропе такая ж схема. Чым вы не задаволеныя, незразумела”.
Блогер us_capone ў суполцы “Жывога журналу” minsk_by community.livejournal.com/minsk_by пакінуў такі запіс: “Дзе ў Менску можна набыць навагоднія паштоўкі на беларускай мове? Дажылі, у Беларусі не магу набыць паштоўкі на беларускай мове!”
karta_vetra радзіць: “На галоўпаштамце. Парачку набыць можна. Калі б не перакручанае “З Ражджаством”, дык некаторыя былі б вельмі нават нічога”.
nazaranka: “Паштоўкі ёсьць на беларускай у галоўпаштамце, але яны “саўковыя”. Мы зьбіраемся выдаць шэраг выдатных паштовак да сьвятаў на беларускай мове, прадавацца будуць у кіёсках “Саюздруку”. Да Калядаў будзе гатовы тыраж”.
Сайт generation.by зьмясьціў сёньня такую інфармацыю:
“Ва Ўкраіне ўсё меней людзей лічаць расейскую мову роднай: гэты паказчык за апошні год апусьціўся з 30,7% да 25,7%. Пры гэтым колькасьць тых, хто сваёй роднай мовай лічыць украінскую, не зьмянілася – амаль 52%. 39,2% лічаць, што адзінаю афіцыйнаю моваю мае быць украінская. У той час як па меркаваньні 31,4% апытаных такі статус павінна мець як украінская, так і расейская мова. 24,3% шукаюць кампрамісу, прапаноўваючы статус дзяржаўнай мовы ўкраінскай, а афіцыйнай – расейскай. Адметна, што за год павялічылася колькасьць тых, хто лічыць сябе часткай савецкай культуры: з 16,4% да 19,4%”.
У суполцы “Жывога журналу” Белпамыйка community.livejournal.com/by_trash ёсьць спасылка на сайт гімназіі №18 Менску gymn18.minsk.edu.by, на галоўнай старонцы якога гэтак тлумачацца колеры цяперашняга дзяржаўнага сьцяга Беларусі:
“Чырвоны колер са старажытнага часу служыць знакам Сонца, сымбалізуе кроўныя повязі, братэрства, змаганьне за справядлівую справу. Ён азначае высокае прадвызначэньне ў лёсе і перамогу. Адначасова гэта знак шчасьлівага жыцьця. У старадаўнасьці знатныя людзі насілі чырвоныя шапкі і чырвоныя боты. Зялёны колер – гэта колер Прыроды, нашай карміліцы, нашай першамаці. Гэта колер людзей і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны”.
Партал tut.by www.tut.by сёньня паведаміў, што 18 сьнежня там была надрукаваная 100-тысячная навіна. А вось самая першая навіна была зьмешчаная 3 кастрычніка 2000 году. Згодна з праведзенымі апытаньнямі, навіны на партале зьяўляюцца адным з найбольш папулярных разьдзелаў. Штодня праз tut.by праходзіць каля 80 навінаў, якія чытаюць больш за 40 тысяч чалавек.
Тамсама зьмешчаны сьпіс 10 найбольш папулярных навінаў парталу за 7 гадоў. Першая тройка выглядае так: 1. Намётавы гарадок ліквідаваны. Яго жыхары затрыманыя (59961 прагляд); 2. Затрыманы Аляксандар Казулін (56718); 3. Беларусы пачынаюць вучыцца жыць без ільгот (відэа, 54046).
Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.