На сайце “Хартыі-97” сёньня зьявіўся артыкул “У беларусаў аднялі апошняе – льготы”. Нагадаю, што ад 17 сьнежня пачаў дзейнічаць закон “Аб упарадкаваньні льготаў” – ён закране амаль траціну насельніцтва Беларусі. Розныя віды льготаў страцяць каля трох мільёнаў чалавек. У артыкуле згадваюцца нешматлікія стыхійныя акцыі пратэсту супраць адмены льготаў, якія напярэдадні прайшлі ў гарадох Беларусі. Чытачы “Хартыі” камэнтуюць:
“Нічога не апошняе! Лапцяў яшчэ процьма!”
“Ну, спадарства, у нас жа ж “сацыяльна-арыентаваная” дзяржава. Няўжо вы не разумееце, што адмена льготаў толькі карысная нам... Бедныя бэтэшнікі – ім, пэўна, агідна апавядаць народу пра тое, як яму, народу будзе добра жыць без ільготаў”.
“Відаць, не апошняе аднялі, калі няма стыхійнага бунту. Улада не памыляецца, разьлічваючы на інэртнасьць і баязьлівасьць большасьці насельніцтва. Навошта рызыкаваць, калі можна праехацца “зайцом” і сарваць злосьць на кантралёру, абвінаваціўшы яго ў адмене льготаў, неўладкаваным жыцьці й маленькай пэнсіі? Хто й калі напужаў беларусаў, што яны дагэтуль нават пікнуць баяцца нешта пра начальства? Вечнае жыцьцё з дуляй у кішэні прыводзіць да нэўрозаў ды іншых хваробаў. Нездарма з кардыялёгіяй у Беларусі вечная бяда і ў аптэках – інвалід на інваліду”.
У суполцы “Жывога журналу” minsk_by нехта Flower_of_day дзеліцца адкрыцьцём: “Сябры, ня ведаю, як вас, але мяне вельмі кранула праблема адмены льготаў у грамадзкім транспарце. Дык усё ж прыдумаюць нешта для студэнтаў, школьнікаў і старых ці не?” Рэакцыя чальцоў суполкі:
“Вы толькі сёньня прыляцелі на нашую плянэту?”
“Вядома, прыдумаюць: газавыя камэры”.
“Абавязкова прыдумаюць. Цэны ўздымуць, напрыклад. Квоты на вытворчасьць алькаголю павялічаць – каб быдла больш піла, а меней думала”.
“Цалкам згодны з гэтым словамі Аляксандра Лукашэнкі: “Задача дзяржавы – не даваць падачкі ў выглядзе льготаў, а стварыць умовы для таго, каб грамадзянін меў магчымасьць забясьпечыць сабе годны ўзровень жыцьця... Рознага кшталту спажывецкія настроі павінны быць спыненыя”. Цяпер засталося дамагчыся таго, каб дзяржава “стварала ўмовы...” І каб годным узроўнем жыцьця лічыліся ня толькі “чарка ды скварка”.
На форумах парталу TUT.by гутараць пра стварэньне ў БДУ першаснай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”. Болей за 70 супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў унівэрсытэту далучыліся да гэтай арганізацыі. Рэакцыі ўдзельнікаў форумаў:
“Слава КПСС”.
“Ну, да КПСС ім далёка будзе, а нейкае дарослае падабенства БРСМ цалкам атрымаецца”.
“Сорамна й балюча за тое, у што яны ператварылі некалі найлепшую ВНУ Беларусі”.
“БДУ апушчаны ўжо 5 гадоў ніжэй ад плінтуса. Думаю, што для завабліваньня ў новую партыю знойдуцца добрыя грошы. Гэта яшчэ больш расколе выкладчыкаў. Але тым, хто вытрымаў супрацівы на плошчы і на мітынгах, ня страшна. Проста балюча. Марыш чытаць лекцыю для свабодных людзей, а калі сядзяць перад табой рабы, то задача выкладчыка – натхніць студэнта на ўчынак. Забіць у сабе раба й стаць свабодным чалавекам. Хаця б у сьценах аўдыторыі. Рабы – ня мы. Мы – не рабы”.
Чытачы сайту “Нашай нівы” зьвярнулі ўвагу на іншую навіну: гарадзенскія ідэолягі забаранілі рэкляму беларускіх садкоў у тралейбусах. Меркаваньні:
“Не папускацца толькі! Калі нельга ў тралейбусах, то можна ў школах, установах, пад’ездах, у скрайнім выпадку на платах, калі яны гэтага захочуць”.
“Мусіць, у гэтым садку гадуюць няправільных дзяцей”.
Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.