Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І куры ня шэпчуць


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Традыцыйна, калі беларус зьнікае бязь весткі, грамада скажа, што пра яго ці ад яго няма ні слыху ні прослыху, ні слыху ні дыху, што яго ані вокам не відаць, ані слыхам не чуваць альбо ні вока ня бачыла, ні вуха ня чула. А могуць сказаць і больш экспрэсіўна: пра кагось і куры ня шэпчуць!

Гэты выраз – і куры ня шэпчуць – быў чуты маёю знаёмкаю ў вёсцы Мядзьведзева, што на Магілёўшчыне, зусім у іншым значэньні й, на жаль, пры досыць змрочных абставінах. Зайшла я неяк да яе ў госьці, а яна ў адчаі. Кажа: “Усё, халэмус! Бабцы маёй зусім дах зьнесла ад “роднага” тэлебачаньня. Пабачыць навіны па БТ ды ідзе сухары сушыць: маўляў, вайна будзе! Уяўляеш? Не пускала нас улетку на мора, маўляў, раптам вайна, а вас у хаце няма! Яна ўжо столькі назапасіла – цэлы полк можна накарміць! А ўжо ж як пра палітыку баіцца гаварыць, маўляў, супроць... цяпер і куры ня шэпчуць! Ай, што казаць, шкода старых...” – сказала й заплакала. Ну чым я магла супакоіць чалавека, у якога на вачох вар’яцее блізкі?

І гэтая гісторыя, і выраз запомняцца назаўжды. І куры ня шэпчуць – так мудры народ навучыўся абараняць сябе ад таго, да чаго можа прывесьці даўгі язык. Па-беларуску яшчэ кажуць: еж суп з грыбамі, трымай язык за зубамі; расейцы, відаць, проста заканстатуюць: держи язык за зубами. Але ж да чаго беларусы творчы народ, калі нават у шарую гадзіну гавораць так маляўніча: і куры ня шэпчуць. Куры, якім ад прыроды належыць сакатаць.

Магчыма, калі-небудзь, менавіта за гэтыя старэчыя сьлёзы, за тое, пра што сёньня й куры ня шэпчуць, нашчадкі назавуць наш час векапомным, ганебным і недаравальным. Вось толькі ці пасьпеем мы адчуць сорам?

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG