Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Сорас: "Я ня думаю, што апазыцыя ў Беларусі мае шанец на посьпех. У Беларусі – таталітарны рэжым"


Вольга Караткевіч, Прага У Празе завяршылася генэральная асамблея Мадрыдзкага клюбу, які аб''ядноўвае 30 былых кіраўнікоў краінаў і ўрадаў. Задачы клюбу – акумуляваць досьвед вядомых палітыкаў і дзеячаў дзеля рэкамэндацыяў для тых краінаў, якія на шляху да дэмакратыі.

Дэмакратыя – незавершаная справа. Паўсюль. Так сказаў былы прэм''ер Альбаніі на паседжаньні Мадрыдзкага клюбу, дзе абмяркоўваліся пытаньні дэмакратызацыі ў посттаталітарных і таталітарных краінах. Былы амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан адзначыў – "забесьпячэньне правоў розных нацыянальнасьцяў і у розных краінах – задача тых, хто можа паўплываць на дэмакратызацыю". Бірма, Беларусь, Куба – пра гэтыя краіны нельга забываць, калі гаворка аб свабодным грамадзтве – гэта фраза былога чэскага прэзыдэнта Вацлава Гавэла.

Вядомы мэцэнат Джордж Сорас пагадзіўся адказаць на пытаньне Радыё Свабода, як ён бачыць пэрспэктывы зьмены сытуацыі ў Беларусі.

(Cорас: ) "Я ня бачу ніякага кароткатэрміновага вырашэньня праблемы. Я ня думаю, што ў Беларусі могуць адбыцца выбары, калі апазыцыя можа мець хоць нейкі шанец на посьпех. Бо ў Беларусі – таталітарны рэжым. Я думаю, што паколькі Расея мае ўплыў на сытуацыю ў Беларусі, Расеі павінна быць сорамна за тое, што адбывацца. Пэўная частка расейскай грамадзкасьці павінна паўплываць на зьмену сытуацыі ў Беларусі".

Найчасьцей на паседжаньнях Мадрыдзкага клюбу згадваліся Ўкраіна і Грузія – і тэма рэвалюцыйных пераўтварэньняў у краінах– былых рэспубліках СССР. Меркаваньне Джорджа Сораса:

(Сорас: ) "Рэвалюцыя не стварае дэмакратыі. Яна толькі адкрывае шлях для дэмакратычных пераўтварэньняў".

У канчатковых рэкамэндацыях мадрыдзкага клюбу адзначана, што Беларусь адна з прыярытэтных краінаў, дзе б былыя кіраўнікі краінаў маглі скарыстаць свой досьвед дзеля кансультацыяў зацікаўленых сілаў у зьмене сытуацыі. Праблема – ізаляцыя і нежаданьне беларускіх уладаў весьці дыялёг, а таксама слабыя магчымасьці апазыцыйных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG