Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посьпехі беларусаў за мяжой – як маладыя беларусы вырашаюць свае праблемы ў замежжы?


Натальля Судлянкова, Прага і Тацяна Поклад, Вільня Людзі, якія выяжджаюць за мяжу, звычайна мусяць быць гатовыя да таго, што апроч радасьцяў і посьпехаў, ім давядзецца сустрэцца таксама зь нечаканымі праблемамі. Гатовасьць вырашаць гэтыя праблемы нестандартнымі шляхамі, гатовасьць адмовіцца ад звыклых мэтадаў часьцяком вызначае жыцьцёвы посьпех. Пра вынаходлівасьць у вялікім і малым, вынаходлівасьць, як неад’емную рысу паўсядзённага жыцьця, у праграме “Беларусы за мяжой” распавядаюць Валер Руселік зь Вільні, Натальля Васілеўская са Злучаных Штатаў, Ірына Чаплінская зь Нямеччыны і Віталь Воранаў з Польшчы.

Існуе меркаваньне, што дзеля наладжваньня пасьпяховага жыцьця на чужыне, у эміграцыі, патрэбныя папросту тыя самыя якасьці характару і здольнасьці, якія вызначаюць посьпех і ў роднай краіне. Калі чалавек разумны, працавіты, арганізаваны, настойлівы і гэтак далей – словам, калі ён здольны пабудаваць сваё жыцьцё на Радзіме, то і за мяжою, маўляў, не прападзе.

І наадварот, калі ў сваёй краіне нічога ня здолеў дасягнуць, то і за мяжой будзе тое ж самае. Але гэта слушна толькі часткова. У чужой краіне часьцей даводзіцца мабілізоўваць усе свае здольнасьці і вынаходзіць у самім сабе шмат новага. Да таго ж, ранейшыя, звыклыя шляхі вырашэньня праблемаў у новай краіне часам проста не спрацоўваюць. А сьпіс гатовых рэцэптаў ад усіх бедаў на новым месцы звычайна нікога не чакае. Таму бяз вынаходніцтва, без гатовасьці творча і сьмела шукаць выйсьце ў складаных сытуацыях проста не абысьціся.

Валеры Руселік з роднай Горадні пераехаў у Вільню сёлета. Ён паступіў вучыцца ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які пасьля закрыцьця ў Беларусі аднавіў сваю дзейнасьць у Літве. Валеры паступіў у беларускі ВНУ за мяжой з прычынаў досыць простых – з-за актыўнае грамадзкае дзейнасьці на Радзіме ён ня меў магчымасьці працягваць адукацыю. Былі й іншыя прычыны:

(Руселік: ) “Мне 23 гады, а я дасюль не магу атрымаць вышэйшую адукацыю. Я зразумеў, што ў Беларусі мне проста ня скончыць дзяржаўную навучальную ўстанову. Я доўга не хацеў збяжджаць...”

А Вільня сустрэла студэнтаў рознымі праблемамі, так што вынаходніцтва спатрэбілася зь першага дня. (Руселік: ) “Можа і добра, што напачатку гэта былі нейкія дробныя рэчы.”

Знайсьці адпаведную працу, вядома, не параўнальна больш важная праблема – як гэта рабіць, калі няма афіцыйнага дазволу на працу? Не разгубіцца, не баяцца, адмовіцца ад стэрэатыпаў і мысьліць неардынарна, шукаць выйсьце са становішчаў, якія здаюцца на першы пагляд безвыходнымі?

(Руселік: ) “Гэта як мы разьвязалі праблему з транспартам. Як вядома ў Літве паводле студэнцкіх білетаў вельмі значныя зьніжкі на транспарт. У нас гэтых білетаў няма дагэтуль (спадзяемся, неўзабаве будуць). І нам даводзілася плаціць столькі грошаў за транспарт, колькі мы на дзень нават на ежу не выдаткоўвалі. Мы прыдумалі ўзяць даведкі, што мы – студэнты такога ўнівэрсытэту ў Вільні, хаця ўвогуле, тут няма такой зьявы – нейкія папяровыя даведкі браць. І гэта дзейнічае на кантралёраў! Нам казалі – няма сэнсу, на іх ніхто ня будзе глядзець, каб зь нейкай даведкай заместа студэнцкага білету”.

***

"Вынаходлівасьць – адная з тых асноўных рысаў характару, якая дапамагае чалавеку знайсьці і, галоўнае, рэалізаваць розныя магчымасьці, каб выйсьці з тых складаных сытуацыяў, у якія час ад часу нас ставіць жыцьцё" – перакананая будучы псыхоляг Натальля з Горадні, якая цяпер жыве ў амэрыканскім горадзе Вірджынія і вучыцца ў Масачусэцкім унівэрсытэце.

У 2001 годзе ў рамках праграмы фонду Сораса Натальля прыехала вучыцца ва ўнівэрсытэт штату Мічыган. Праз год, калі стыпэндыя фонду Сораса скончылася, яна перавялася ў іншы ўнівэрсытэт. Натальля – аптымістка, чалавек, які імкнецца бачыць сонечны сьвет нават у самы змрочны дзень, і зь любой, нават самай складанай сытуацыі, шукаць выйсьце.

(Натальля: ) “Я лічу сябе вельмі шчасьлівым чалавекам. Мне шанцуе ў жыцьці. І мая вынаходлівасьць мне часьцяком патрэбная”.

Натальля гаворыць, што буйных праблемаў у яе жыцьці і ня было. Але здаецца, што менавіта яе стаўленьне да праблемаў, імкненьне не рабіць зь іх глябальную трагедыю, але адразу вырашаць іх і робіць гэтыя праблемы ў яе ўяўленьні папросту невялікімі перашкодамі. Якія, дарэчы, лёгка пераадолець.

(Натальля: ) “Зараз у сэмэстры ў мяне няма грошай на кніжкі, на падручнікі. Таму давялося пазычаць у студэнтаў, прафэсараў. І я мусіла адсканаваць некалькі кніжак, і цяпер іх на кампутары чытаю”.

Амэрыканская сыстэма адукацыі адрозьніваецца ад прынятай у Беларусі. Студэнты ў інстытутах ды ўнівэрсытэтах ЗША значна больш часу, чым беларускія сутдэнты, прысьвячаюць розным экспэрымэнтам і практычнай падрыхтоўцы.

Адзін зь беларусаў, які вучыўся ў ЗША па спэцыяльнасьці маркетынг, згадвае, што аднойчы яны атрымалі ад выкладчыка задачу зрабіць пэўнае прыстасаваньне і падрыхтаваць ягоную рэклямную кампанію. Гэта значыць, што ім трэба было знайсьці дызайнэраў, якія распрацуюць эскізы гэтага прыстасаваньня, потым знайсьці экспэрымэнтальны завод, які паводле эскізаў вырабіць гэтае прыстасаваньне, наплянаваць рэклямную кампанію, распрацаваць сюжэт рэклямнага кліпу, а потым яшчэ і зрабіць гэты кліп у студыі. І таму вучоба ў амэрыканскіх навучальных установах – гэта суцэльнае выпрабаваньне такіх якасьцяў чалавека, як гатовасьць шукаць выйсьце з сытуацыі, вынаходлівасьць і нестандартнае мысьленьне.

Дарэчы, Натальлі таксама даводзіцца пад часам вучобы рабіць нестандартныя крокі.

(Натальля: ) “Мне вось зараз трэба праводзіць экспэрымэнт, для якога трэба знайсьці чалавек дваццаць расейскамоўных. І я бегаю па ўсім горадзе, шукаю”.

Натуральна, што дзеля выкананьня задачы даводзіцца выкарыстоўваць усе сродкі – ад традыцыйнага апытаньня сяброў да сусьветнага сеціва.

(Натальля: ) “Зараз усіх знаёмых, каго магу, апытваю. І нават знайшла двух беларусаў, якія жывуць непадалёк ад мяне. Увечары паеду ў Бостан, павешу там абвесткі, ну і, канечне, у інтэрнэце”.

***

Ірына Чаплінская паходзіць зь мястэчка Коханава, што ў Віцебскай вобласьці. Цяпер яна жыве ў Нямеччыне. Ірына вучыцца ў Гетынгенскім унівэрсытэце, яе спэцыяльнасьці – палітыка і гісторыя, але вучобу яна пачынала ў Менску, у БДУ. Потым жыцьцё прадставіла ёй шанец паехаць вучыцца за мяжу, і Ірына гэты шанец выкарыстала.

(Чаплінская: ) “Я ўдзельнічала ў стыпэндыяцкай праграме ад “Нікабелы”, якая падтрымлівала таленавітых студэнтаў”.

Бацькі Ірыны спачатку прывіталі яе рашэньне паехаць вучыцца за мяжу, але потым высьветлілася, што падзеі разьвіваюцца зусім ня так, як Ірына і яе бацькі плянавалі. Сама пра сябе Ірына гаворыць:

(Чаплінская: ) “Я чалавек вельмі памяркоўны. Кожны крок я пляную задоўга да таго, як я зраблю гэты крок”.

Меркавалася, што калі ў Ірыны закончыцца стыпэндыяцкая праграма, яна вернецца ў Беларусь і будзе працягваць вучобу ў БДУ. Але лёс распарадзіўся зусім іначай. Спачатку Ірына закахалася, а потым і зацяжарала.

(Чаплінская: ) “У мяне ёсьць партнэр, ён зь Нямеччыны, таксама студэнт, бацька майго дзіцяці. Вось мы і жывем зь ім”.

Год таму, завяршыўшы стыпэндыяцкую праграму, Ірына паспрабавала вярнуцца ў БДУ. Але крыху спазьнілася з падачай дакумэнтаў.

(Чаплінская: ) “Я проста не пасьпела вярнуцца ў неабходны тэрмін, таму што не было рэйсаў аўтобусаў, потым аўтобус прыйшоў вельмі позна, і я спазьнілася на адзін ці два дні”.

Месцаў у інтэрнаце ўжо ня было, потым пачаўся пэрыяд адпачынкаў, і Ірыне сказалі, каб яна прыйшла пазьней. Калі яе маці напрыканцы лета прыйшла ўва ўнівэрсытэт, Ірыну з БДУ ўжо адлічылі. Безумоўна, гэта быў шок як для самой Ірыны, так і для яе бацькоў. Дапамаглі рашучасьць і тая самая славутая вынаходлівасьць.

(Чаплінская: ) “Я вярнулася назад, у Нямеччыну. У мяне была віза, якая давала мне права вярнуцца сюды на тры месяцы. І працягнуць гэтую візу было ня так цяжка”.

Вярнуўшыся ў Нямеччыну, Ірына адразу пачала рыхтавацца да паступленьня ўва ўнівэрсытэт. І хаця ёй не залічылі першыя 2 гады, якія яна пасьпела адвучыцца ў БДУ, і давялося паступаць на першы курс, Ірына задаволеная тым, як склаўся лёс. Цяпер асноўны клопат – аб дзіцяці. Ірына – зусім маладая маці, яе ўласныя бацькі застаюцца ў Беларусі. І таму калі раптам узьнікаюць нейкія пытаньні, разьлічваць можна толькі на сваю інтуіцыю. Тут Ірына ўжо выпрацавала свае правілы дзеяньняў, і асноўнае –

(Чаплінская: ) “Трэба рабіць так, як думаеш у першую сэкунду”.

Адную з такіх праблемаў Ірыне давялося вырашаць літаральна некалькі дзён таму:

(Чаплінская: ) “Зусім нядаўна ў мяне зьнікла мацярынскае малако. І я ня ведала, што рабіць з маім дзіцём. Хлопчык яшчэ зусім маленькі, яму восем месяцаў. Я села на ровар і паехала ў аптэку”.

У аптэцы Ірыне параілі штучнае малако, якое падыходзіць для яе хлопчыка, і пытаньне з кармленьнем дзіцяці было вырашанае. Ірына, якая вучыцца адразу на двух спэцыяльнасьцях і выхоўвае дзіця, перакананая:

(Чаплінская: ) “Каб пасьпець усё разам, трэба ня так доўга разважаць. Трэба папросту пачынаць і рабіць”.

***

Звычайна, калі гавораць пра вынаходлівасьць у галіне навукі, першымі прыходзяць у галаву прафэсіі з тэхнічнай сфэры – вынаходнікі, інжынэры, тэхнікі, якія сваёй працай рухаюць наперад тэхнічны прагрэс. Аднак, вынаходлівасьць патрэбная ня толькі фізыкам, але і лірыкам. Прадстаўнікі гуманітарных прафэсіяў цьвердзяць, што без пэўнай творчай вынаходлівасьці іхная праца папросту немагчымая. Напрыклад, праца перакладчыкаў.

Віталь Воранаў пераехаў у Польшчу яшчэ хлопчыкам болей за 10 гадоў таму. Ён скончыў польскую школу і абраў сваёй прафэсіяй філялёгію:

(Воранаў: ) “Я вучуся на другім курсе ангельскай філялёгіі ва ўнівэрсытэце Адама Міцкевіча ў Познані, паралельна яшчэ часткова раблю расейскую філялёгію”.

Віталь паралельна з вучобай займаецца перакладамі з ангельскай і польскай моваў на беларускую.

(Воранаў: ) “Надоечы тэлефанавалі зь Менску, што надрукавалі кніжку маіх перакладаў “У чаканьні Гадо”.

Але, натуральна, прафэсіяналізм перакладчыка не прыйшоў адразу:

(Воранаў: ) “Для мяне гэта спачатку быў нейкі экспэрымэнт. Я хацеў спраўдзіць, ці ў стане я перакладаць на беларускую мову. Проста для мяне гэта была ў пэўным сэнсе забава”.

Але калі выдаўцы ацанілі першы пераклад Віталя, як прыдатны да друку, гэта яго вельмі ўсьцешыла і натхніла на далейшую працу. І, у дадатак, дало яму адвагу і пэўную веру ў свае прафэсійныя якасьці. Менавіта з гэтага пункту погляду Віталя цяпер можа ацэньваць працу сваіх калег.

(Воранаў: ) “Што тычыцца перакладу і вынаходніцтва ў літаратуры, дык мяне гэта вельмі дражніць. Шмат перакладчыкаў або пісьменьнікаў, спрабуючы знайсьці ў беларускай мове нейкія адпаведнікі зь іншых моваў, намагаюцца ствараць нешта ўласнае. Я прытрымліваюся таго, што лепш трэба шукаць у старых слоўніках, у старадаўніх пісьменьнікаў, і знаходзіць адпаведнікі ў іх”.

Зь іншага боку, адзначае Віталь, часьцяком філёлягам даводзіцца праяўляць усю нестандартнасьць падыходаў, каб даць адэкватны пераклад нейкіх словаў або імёнаў. І асабліва ў тых сытуацыях, калі ўстойлівыя звароты ўжо ўвайшлі ў моўную практыку, людзі да іх прызвычаіліся з самога дзяцінства. Нядаўна Віталь Воранаў перакладаў з мовы арыгіналу славутую казку пра ўсім добра вядомага мядзьведзіка Віні-Пуха.

(Воранаў: ) “Віні-Пух – Winnie-the-Pooh... Віні – гэта скарочанае жаночае імя Вініфрэд, а Пу – гэта пагарджальны вокліч, маўляў, я ўмею таксама гэта рабіць, нічога надзвычайнага тут няма”.

Савецкія яшчэ перакладчыкі папросту напісалі імя Віні-Пух кірыліцай, не асабліва зьвяртаючы ўвагу на сутнасьць самога імя. Віталь адзначае, што пры такім перакладзе страцілася жаночае імя Вініфрэд і замест яго зьявілася нешта мужчынскае. Таму ён сьмела прапанаваў зьмены.

(Воранаў: ) “У беларускай мове я запрапанаваў, каб было “Віня”, каб перадаць адпаведна гэта, і там, дзе пагарджальны вокліч “Пу” – там “пых”... “Пыхкаць”, “пыхаць” – у беларускай мове гэта тое ж самае, што ў ангельскай “Пу”.

І цяпер Віталь Воранаў ганарыцца тым, што ягоны мядзьведзік носіць імя, якое максымальна поўна адпавядае ангельскаму арыгіналу:

(Воранаў: ) “У маім выданьні гэта Віня-Пых”.

Творчасьць і натхненьне непарыўна зьвязаныя паміж сабой. Але ці можна знаходзіць натхненьне ў прыборцы пакояў чужых людзей? Што можа быць натхняльнага ў тым, каб праехаць тысячы кілямэтраў за рулём аўтамабіля, які развозіць піцу? Што за радасьць знаходзяць людзі ў паўсядзённай манатоннай працы? Пра натхненьне ў розных сфэрах чалавечай дзейнасьці – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG