Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваньне мець касавыя апараты ў маршрутках – лабіраваньне інтарэсаў Расеі?


Казімір Яноўскі, Гомель Учора ў другой палове дня Гомельскі гаспадарчы суд паўторна разглядаў пазоў прыватнага кіроўцы Ўладзімера Голуба да транспартнай інспэкцыі. Інспэкцыя пазбавіла маршрутніка ліцэнзіі на перавозку пасажыраў з прычыны адсутнасьці ў ягоным мікрааўтобусе касавага апарату.

Чаму гаспадарчы суд другі раз мусіў разглядаць пазоў індывідуальнага прадпрымальніка Уладзімера Голуба? Падзеі разгортваліся так: яшчэ ў красавіку транспартная інспэкцыя Міністэрства транспарту і камунікацыяў зрабіла выснову, што мікрааўтобус “Рэно” індывідуальнага прадпрымальніка Уладзімера Голуба ня можа быць выкарыстаны для перавозкі пасажыраў, бо ня мае касавага апарату.

У спадара Голуба забралі ліцэнзію. Прадпрымальнік не схацеў мірыцца з такімі паводзінамі наўпроставых канкурэнтаў і зьвярнуўся з пазовам у гаспадарчы суд. У чэрвені судзьдзя Марыя Гаўрон прызнала патрабаваньне транспартнай інспэкцыі наконт ўстаноўкі касавых апаратаў незаконным.

Гэтаму ўзрадаваліся ня толькі Голуб, але й тысячы іншых беларускіх прадпрымальнікаў, што займаюцца пасажырскімі перавозкамі. Сам апарат каштуе 400 тысячаў рублёў, абслугоўваньне яго – 15 тысячаў на месяц, адкрыцьцё рахунка ў банку – яшчэ 180 тысячаў. Да таго ж, выдача білетаў у маршрутках запавольвае перавоз людзей, зьніжае бясьпеку.

Словам, абрадаваліся рашэньню гаспадарскага суду ўсе прадпрымальнікі – апрача транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту. Інспэкцыя і дамаглася перагляду справы. І вось ўчора судзьдзя Тацяна Стракач спыніла разгляд пазову на той падставе, што нібыта выснова транспартнай інспэкцыі ня мае ніякіх наступстваў.

Цікава: прадпрымальнік ня можа працаваць, а наступстваў няма. Што ў такім разе вырашыла судзьдзя наконт законнасьці патрабаваньня транспартнай інспэкцыі ўстанавіць касавы апарат у мікрааўтобусе? Як ні дзіўна, але на гэтае пытаньне, якое хвалюе тысячы прыватных перавозчыкаў, гаспадарчы суд адказу ня даў.

Уладзімір Голуб, канешне, пачувае сябе ніякавата пасьля ўсіх гэтых судоў. Аднак прадстаўнік спадара Голуба ў судзе, кіраўнік юрыдычнага аддзелу прафсаюзу прадпрымальнікаў “Садружнасьць” Віктар Ялфімаў здавацца не зьбіраецца:

(Ялфімаў: ) “Мы на гэтым не спыняемся. Падрыхтавалі ўжо пазоў да Міністэрства транспарту ў Вышэйшы гаспадарчы суд. Міністэрства незаконна адмовіла выдаць ліцэнзію на перавозку пасажыраў Уладзімеру Голубу з прычыны адсутнасьці касавага апарату. Гэта супярэчыць дэкрэту №4. Не прабіўшы сьцяну на абласным узроўні, мы спадзяемся атрымаць прававое рашэньне на ўзроўні рэспублікі”.

Пра напружаныя адносіны афіцыйных транспартных перавозчыкаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў пісалася і паведамлялася нямала. Чым тлумачыцца такое вось зацятае патрабаваньне структураў міністэрства транспарту мець касавыя апараты ў мікрааўтобусах прыватных прадпрымальнікаў – канкурэнцыяй ці ня толькі ёю?

Канешне, любыя патрабаваньні, зьвязаныя з дадатковымі расходамі прыватнікаў – гэта ў тым ліку і жаданьне прыціснуць канкурэнтаў. Асобна пра касавыя апараты ўжо вядомы нам юрыст Віктар Ялфімаў сказаў так:

(Ялфімаў: ) “Гэта лабіраваньне інтарэсаў Расеі. Вытворчасьць транспартных касавых апаратаў наладжана ў Расеі. Каштуе адзін каля 200 даляраў. У нас больш за 27 тысячаў маршрутных мікрааўтобусаў бегаюць па ўсёй краіне. Атрымліваецца, што 6 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў мы ўкладваем у эканоміку Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG