Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмыслоўцы мяркуюць, што санкцыі супраць “Інфабанку” наўрад ці адаб’юцца на ягоных укладчыках


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства фінансаў ЗША на гэтым тыдні заявіла пра захады супраць беларускага “Інфабанку”, які падазраецца ў адмываньні грошай Садама Хусэйна. Санкцыі прадугледжваюць рэкамэндацыі фінансавага дэпартамэнту ЗША іншым банкам спыніць супрацоўніцтва зь “Інфабанкам” і закрыць ягоныя карэспандэнцкія рахункі ў амэрыканскіх банках. Ці пацерпяць беларускія ўкладчыкі “Інфабанка” ад гэтых санкцыяў?

Што гавораць на гэты конт у “Інфабанку” і Нацбанку Беларусі? Па-першае, і “Інфабанк”, і ўрад, і Нацбанк Беларусі аспрэчваюць абвінавачваньні ЗША, спадзяюцца на ўрэгуляваньне гэтай сытуацыі і мяркуюць, што да нейкага крызыснага становішча справа ня дойдзе. Чэргаў укладчыкаў “Інфабанку” пакуль няма, але пэўная насьцярожанасьць наконт таго, як будзе разьвівацца сытуацыя, існуе. Вось як адказаў на пытаньне пра магчымыя складанасьці для беларускіх ўкладчыкаў “Інфабанку” прадстаўнік Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў:

(Драздоў: ) “Цяжка сказаць: разумееце, для таго, каб даць адказ на гэтае пытаньне, трэба паглядзець балянс работы банка, трэба ацаніць сьпіс кліентаў, зь якімі ён працуе, ягоныя зьнешнеэканамічныя сувязі. Зрабіць гэта я не магу, у мяне ёсьць гэтая інфармацыя, якую мы атрымліваем у парадку нагляду, але яна зьяўляецца канфідэнцыйнай, і мы ня маем права яе разгалошваць. Я думаю, што нічога страшнага не адбудзецца. Гэта маё асабістае перакананьне”.

Іншыя, незалежныя спэцыялісты таксама не драматызуюць сытуацыю: па-першае, таму, што калі нават там былі нейкія махінацыі з абаротам ірацкіх грошай, то ўклады насельніцтва, відаць, не пацярпелі. Па-другое, трэба прызнаць, што “Інфабанк” – адзін зь сярэдніх беларускіх банкаў, ягоная доля ў актывах банкаўскай сыстэмы краіны складае 1,1 адсотка, і дэпазыты насельніцтва ў ім гарантаваныя Нацыянальным банкам.

Увогуле ж удзельная вага “Інфабанку” ў агульнай колькасьці банкаўскіх укладаў насельніцтва Беларусі складае меней паўадсотка. А суадносіны паміж уласным капіталам банку і ўкладамі насельніцтва лепшыя, чым у “Беларусьбанку”, “Зьнешэканамбанку” ды іншых. Напрыклад, на пачатак 2004 года ўласны капітал “Інфабанка” складаў 26 мільярдаў рублёў, а ўклады фізычных асобаў – 9 мільярдаў. Для параўнаньня: у “Белгаспрамбанку” гэтыя суадносіны складаюць 29 супраць 24.

А што думаюць наконт надзейнасьці “Інфабанку” ягоныя ўкладчыкі: ці лічаць яны працэнтныя стаўкі Інфабанка больш прыцягальнымі, чым у іншых банках, і ці не баяцца за свае ўклады? Што да ставак Інфабанка, то яны, што называецца, крыху вышэй сярэдняга. Гадавая стаўка па валютным укладам складае ў ім 7 адсоткаў, на паўгода – 4,5.

Што да меркаваньняў укладчыкаў, то вось думка аднаго зь іх, прычым вельмі дасьведчанага – былога старшыні Нацбанка Станіслава Багданкевіча: ягоная жонка мае ў “Інфабанку” невялікі дэпазыт. Вось як разважае спадар Багданкевіч наконт надзейнасьці ўкладаў у “Інфабанку”:

(Багданкевіч: ) “Калі справаздачнасьць нармальная, то я ня бачу ніякай праблемы для грамадзянаў. Становішча ў іх лепшае, чым у іншых банках: у іх, відаць, добры бізнэс, відаць, былі вялікія даходы ад абаротаў. Адмываньне, калі яно было – то гэта абароты, а не астаткі. Калі іх уласны капітал не фіктыўны, то ўрэшце ўкладчыкам будзе гарантаванае вяртаньне укладаў”.

Нагадаю, што абвінавачваньні ў незаконных апэрацыях на адрас беларускага “Інфабанку” неаднаразова зьяўляліся ў міжнародным друку, пра ролю “Інфабанку” як “пральні” па адмываньні незаконных грошай пісаў два гады таму польскі часопіс “Wprost”. Летась беларуская службы Радыё Свабода паведамляла пра ліст з Барысаўскага ваеннага заводу, знойдзены ў сэйфе аднаго з ваенных злучэньняў рэжыму Садама Хусэйна. Ліст быў адрасаваны кіраўніку беларуска-швэйцарскай фірмы “Сыстэмнае кіраваньне бізнэсам” Уладзіславу Рачкевічу. Сузаснавальнікам гэтай фірмы зьяўляўся “Інфабанк”. 35% акцыяў “Інфабанку” належаць “Лібійскаму арабскаму замежнаму банку”. У 2002 годзе “Інфабанк” стаў генэральным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Гл. таксама:

“Інфабанк” адхіляе абвінавачваньні ў адмываньні грошай

Якія будуць наступствы санкцыяў міністэрства фінансаў ЗША супраць беларускага “Інфабанку”?

Міністэрства фінансаў ЗША дало “Інфабанку” 30 дзён, каб выправіцца
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG