Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрабыт беларускіх алімпійцаў: гульня бяз правілаў


Севярын Квяткоўскі, Менск У адрозьненьне ад суседніх краін, Беларусь адзначае сваіх алімпійскіх чэмпіёнаў аднаразовымі прэміямі. Сёлета за золата, срэбра й бронзу беларускія алімпійцы могуць разьлічваць адпаведна на 60, 30 і 20 тысяч даляраў. А таксама на атрыманьне прэзыдэнцкай стыпэндыі: ад тысячы да паўтары даляраў... да наступнай Алімпіяды.

Алімпійскі чэмпіён – герой нацыі, пажыцьцёвы. Гэта волат, які праслаўляе родную зямлю. Алімпіец як замена ваяра, калі можна праслаўляць сябе й свой народ бяз гвалту. Так было й ёсьць у кожнай краіне. Але адносна нядаўна алімпіец пачаў асацыявацца са словам прафэсіянал, а сама Алімпіяда зь вялікім бізнэсам. Бізнэс – гэта грошы, Алімпіяда – вялікія грошы. Пра зямное – грошы – крыху пазьней. А пакуль што пра вечнае – пра славу.

* * * Афіцыйны сайт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі вядзе гісторыю беларускіх алімпійцаў ад 1952 году, калі СССР першы раз узяў удзел у Гульнях. У 1960-м у Рыме першымі алімпійскімі чэмпіёнамі з Савецкай Беларусі сталі дужаньнік Алег Караваеў, весьляры Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка, фэхтаваньніца Тацяна Самусенка. З таго часу Беларусь дала 59 алімпійскіх чэмпіёнаў. За паўстагодзьдзя яны здабылі 85 залатых мэдалёў. Але... Як гісторыя Беларусі пачынаецца не з 1917 году, гэтак і гісторыя беларускіх алімпійцаў пачынаецца не з 1952-га ці 1960-га.

ДАВЕДКА

Першым стаў гарадзенец Караль Румель, афіцэр войска Расейскай імпэрыі. У 1912 годзе ў Стакгольме вершнік Караль Румель атрымаў залаты мэдаль за мужнасьць. На апошніх мэтрах перад фінішам конь падмяў пад сябе вершніка, але той знайшоў сілы дапаўзьці да запаветнай рысы. У 1928-м на Гульнях у Амстэрдаме Румель заваяваў бронзавы мэдаль, выступаючы ўжо за зборную Польшчы. Яшчэ адзін гарадзенскі коньнік – Адам Крулікевіч – таксама ў складзе польскай зборнай у 1924-м прывёз бронзавы мэдаль з Алімпіяды ў Парыжы. А вось жыхар Гальшанаў Міхал Вярсоцкі быў зычайным вяскоўцам. У 1936 годзе яму ня толькі пашэнціла трапіць на Алімпіяду ў Бэрліне, але й увайсьці ў дзясятку найлепшых стралкоў зь пісталета.

Мы знайшлі дачку Міхала Вярсоцкага тамсама – у Гальшанах. Спадарыня Алена Букштыновіч добра памятае аповеды бацькі.

(Букштыновіч:) “Гаворыць, далі мне абойму патронаў і браўнінг у рукі – страляй, Міхал. Казаў, што й Гітлера бачыў на трыбуне. Як немцы перадавалі эстафэтную палачку, адна выпусьціла, кажа, ён аж, бедны, прыпадняўся – Гітлер за сваю каманду таксама перажываў”.

Алена Букштыновіч гаворыць, што вялікага матэрыяльнага прыбытку ўдзел у Алімпійскіх гульнях бацьку ня даў. Адно славу й павагу навакольных людзей.

(Букштыновіч:) “Ён плаваў ад аднаго мосту да другога. Гэта была вялікая адлегласьць, ледзь не кілямэтар. Людзі стаялі на адным мосьце праводзілі, а тут каля млына сустракалі. Дык ён першы прыплываў, яму мэдалі давалі. Лятаў на плянэры – “szybowiec” па-польску, на шыбоўцы лятаў... Ёсьць і фатаграфіі, дзе ён і на лыжах... Ну, карацей, быў разьвіты чалавек”.

Міхал Вярсоцкі дажыў да 1979 году, працаваў вэтэрынарам у Гальшанах і карыстаўся папулярнасьцю й павагай мясцовых жыхароў. Няма нічога дзіўнага ў тым, што бэрлінскі алімпіец не зарабіў на Гульнях грошай. Ад пачатку Алімпіяда задумлялася як выключна аматарская небізнэсовая ініцыятыва.

* * * Аднак апошнюю чвэрць стагодзьдзя Алімпійскія гульні – самы вялікі бізнэсовы праект у сьвеце. У яго полі ў якасьці удзельнікаў і гледачоў прадстаўнікі амаль усіх краін плянэты. Усе куткі, дзе займаюцца спортам і глядзяць тэлевізар. Бюджэт сёлетняй Алімпіяды роўны прыблізна шасьці з паловай мільярдам даляраў. Прыбыткі ад продажу рэклямы й тэлетрансьляцыяў складуць шматкроць болей. А вось прыбыткі ўдзельнікаў і пераможцаў будуць рознымі: у залежнасьці ад краіны, якую рэпрэзэнтуе спартсмэн.

(Гімнаст:) “У Амэрыцы вялікую значэньне мае проста ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Незалежна ад таго, якое месца ты зоймеш, гэта прыдасца і ў навучаньні, і ў працы, там ільготныя моманты ёсьць. А калі ты прызэр Алімпіяды ці пераможца, ты сябе забясьпечваеш цалкам – на ўсё астатняе жыцьцё”.

Гэта словы прадстаўніка беларускае Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі.

Калі ад 1970-х заходнія алімпійцы пачалі зарабляць прыстойныя, а часам вялікія грошы, дык спартоўцы сацлягеру працавалі за граматы, ільготы, у найлепшым выпадку за аўтамабілі ці кватэры. З падзеньнем камуністычнай сыстэмы сытуацыя зьмянілася. Хіба Беларусь засталася бліжэйшай за ўсіх да рысы апошняй Алімпіяды савецкай эпохі – 1988 году ў Сэуле. Рэч у тым, што ў Беларусі няма пажыцьцёвых стыпэндыяў для алімпійскіх прызэраў. Для параўнаньня: і ў Польшчы, і ў Расеі, і ва Ўкраіне былыя алімпійскія чэмпіёны маюць такія стыпэндыі. У Польшчы штомесячная сума роўная прыблізна дзьвюм з паловай тысячам даляраў, у Расеі – пяцістам далярам, ва Ўкраіне – блізкая да двухсот даляраў. Аналягічная карціна і ў іншых усходнеэўрапейскіх краінах, і ў краінах СНД. Але беларускія экс-алімпійцы звычайна застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

(Газаў:) “27 гадоў я аддаў спорту, і вось цяпер наагул ніяк, нічога – ні капейкі. Нікуды не запрашаюць, ні на якія падзеі, мерапрыемствы й так далей. На парад запрашалі – за ўсе гады першы раз”.

Залаты мэдаліст манрэальскай Алімпіяды 1976 году Аляксандар Газаў не хавае, што ў душы прытаілася крыўда на дзяржаву: 27 гадоў аддаў стралковаму спорту, выступаў за СКА, чэмпіён – і што з таго? Цяпер жыве ў вёсцы Калодчына Вялейскага раёну толькі за кошт вайсковай пэнсіі: прыблізна сто пяцьдзясят даляраў. Аляксандар Газаў не спадзяваўся, што Беларусь памяняе сваё стаўленьне да былых алімпійскіх чэмпіёнаў:

(Газаў:) “Пісалі зварот да Прэзыдэнта – у нас летась быў зьлёт старых алімпійцаў. Цяпер, калі парад быў, там прысутнічалі прадстаўнікі НАКу. Мы ім задавалі пытаньне. Тыя кажуць, ляжыць, маўляў, у Лукашэнкі пад сукном, але ўсё гэта адпала”.

Многія алімпійцы ды пераможцы міжнародных спаборніцтваў даўно не чакаюць дапамогі ад радзімы, але рэалізоўваюцца за мяжой. Гутару з прадстаўніком Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі.

(Гімнаст:) “Даволі шмат ад’яжджаюць, у асноўным у Амэрыку. Кучкуюцца там, адзін аднаго выклікаюць... Ну, ёсьць такая тэндэнцыя, ёсьць”.

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка плаціць удалым дзейным спартоўцам пэрсанальную стыпэндыю з асобнага прэзыдэнцкага фонду. Для алімпійскіх прызэраў яна дасягае паўтары тысячы даляраў штомесяц... да пацьверджаньня заслугі на чарговых спаборніцтвах.

А колішнія чэмпіёны, якія пакінулі спорт? Алена Марфель – шматразовы чэмпіён сьвету ў стральбе з лука, нават занесеная ў кнігу рэкордаў Гінэса, двойчы заваёўвала для зборнай пуцёўку на Алімпіяду. Пяць гадоў таму Алена Марфель пакінула вялікі спорт. Кажа, абрыдлі ўнутраныя інтрыгі.

(Марфель:) “Чамусьці прафэсіяналаў-спартоўцаў пасьля спорту ня хочуць дапускаць да спорту. Таму што там ужо ўсё падзеленае. Ува ўсіх відах і ня відах – мастацтва, музыкі, на тэлевізіі, на радыё існуе сытуацыя, калі чыноўнік сядзіць і баіцца, каб яго ня зьняў, не прыйшоў малады-пэрспэктыўны, які гарыць жаданьнем зрабіць”.

Сёньня Алена Марфель эфэктная энэргічная кабета, працуе рыэлтарам, то бо агентам у продажы нерухомасьці.

(Марфель:) “Цяперашняя работа мне надта падабаецца. Яна нечым нагадвае спорт. Тут сам ставіш мэту, і сам ідзеш да яе. Атрымалася, я сьцьвердзіла сябе ва ўласных вачах. Няпраўда, калі кажуць, што спартоўцы вузкаскіраваныя людзі. І што яны больш ні на што ня здатныя. Калі таленавіты чалавек... Талент шматгранны, трэба ведаць, дзе яго адкрыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG