Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн пакараны сьмерцю (абноўлены)


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня a 5-й гадзіне раніцы па менскім часе ў Багдадзе быў выкананы сьмяротны прысуд былому ірацкаму кіраўніку Садаму Хусэйну. Пасьля 24 гадоў жорсткага кіраваньня краінай, тры гады пасьля знаходжаньня за кратамі, за генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці Хусэйн быў павешаны.

Садам Хусэйн нарадзіўся 28 красавіка 1937 году ў вёсцы Аль-Аўя каля Тыкрыту. Ва ўзросьце 19 гадоў ён далучыўся да ўзброенай барацьбы партыі БААС супраць брытанскага панаваньня і ўся ягоная далейшая кар’ера была зьвязаная з гэтай сьвецкай пан-арабскай партыяй. У 1959 годзе, пасьля адхіленьня ад улады караля і спробы забойства прэм’ера Хусэйн быў вымушаны ўцякаць за мяжу. У краіну ён вярнуўся праз 4 гады, калі ў выніку дзяржаўнага перавароту БААС захапіла ўладу. Аднак празь 9 месяцаў партыя была адхіленая ад улады, і Хусэйн трапіў амаль на 5 гадоў у турму. За кратамі ён быў абраны намесьнікам генэральнага сакратара партыі. Пасьля 12-ці гадоў стаў другой асобай у Радзе рэвалюцыйнага камандаваньня, 16 ліпеня 1979 году, стаў кіраўніком дзяржавы і заставаўся пры ўладзе цягам 24-х гадоў.

2 жніўня 1990 году ірацкія сілы захапілі Кувэйт. У пачатку 1991 году міжнародныя сілы вызвалілі Кувэйт, але ваенная апэрацыя супраць Іраку была спыненая, і Хусэйн яшчэ цягам 12 гадоў застаўся пры ўладзе, незважаючы на міжнародныя санкцыі.

Ягонае кіраваньне закончылася ў красавіку 2003 году. У выніку “другой вайны ў Пэрсідзкай затоцы”, на падставе падазрэньняў у спробе авалодаць зброяй масавага зьнішчэньня, кааліцыйныя сілы на чале з ЗША занялі Ірак. У сьнежні гэтага ж году Садам быў спайманы і апынуўся за кратамі. Суд над ім і ягонымі найбліжэйшымі памочнікамі пачаўся 19 кастрычніка 2005 году па абвінавачаньні ў масавых забойствах і генацыдзе курдаў. Ад самага пачатку Хусэйн не прызнаваў легітымнасьці трыбуналу і лічыў сябе бязьвіннай ахвярай нападу зьнешніх ворагаў.

(Хусэйн: ) “Хай жыве (наш) народ! Хай жыве (наша) краіна! Далоў агентаў! Далоў нападнікаў! Алах вялікі! Алах вялікі!”

На пачатку лістапада Ірацкі Трыбунал прызнаў Садама вінаватым ў забойстве 148 шыітаў і прысудзіў да сьмяротнага пакараньня. 26 сьнежня Апэляцыйны суд падтрымаў прысуд і загадаў выканаць яго цягам месяца.

Паводле згоднай ацэнкі міжнароднай супольнасьці Садам Хусэйн быў адным з самых адыёзных дыктатараў ў гісторыі. У часе свайго панаваньня Садам пачаў крывавую вайну з Іранам, якая доўжылася 8 гадоў і каштавала жыцьцяў каля мільёну чалавек. Ён жорстка перасьледаваў шыітаў і зьнішчыў сотні тысяч этнічных курдаў. У адрозьненьне ад іншых дыктатараў – Піначэта, Мілошэвіча, Ніязава, якія ў 2007 памерлі без судовага пакараньня, – Хусэйн стаў перад ірацкім судом і атрымаў сьмяротны прысуд ўсяго за невялікую частку сваіх злачынстваў. Незважаючы на пагрозы помсты з боку ягоных прыхільнікаў, на пратэсты з боку праціўнікаў сьмяротнага пакараньня, праваабарончых арганізацыяў, Эўразьвязу і нават Ватыкану Садам Хусэйн быў павешаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG