Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Якубовіч у "Праскім акцэнце" – аб новай стратэгіі ЭЗ адносна Беларусі


Юры Дракахруст, Прага Ці пагражае цяперашні беларуска-расейскі газывы крызыс незалежнасьці Беларусі? Ці можа Беларусь за кошт сваіх козыраў у адносінах з Расеяй кампэнсаваць шок ад скачка цэнаў на энэрганосьбіты? Якое значэньне ў гэтай сытуацыі маюць прапановы Беларусі з боку Эўразьвязу, абнародаваныя на гэтым тыдні? На гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” вядуць гутарку намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, эканаміст Яраслаў Раманчук, рэдактар газэты “Советская Белоруссия" Павал Якубовіч і ўкраінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў.

(Якубовіч: ) “Я мяркую, што, як любая прапанова, яна павінна быць узятая пад ўвагу і абмяркоўвацца і ў грамадзтве і ў палітычным кіраўніцтве краіны, бо ёсьць ініцыятыва, ёсьць ідэя – яе варта абмяркоўваць.

Перш за ўсё, я хацеў бы сказаць наконт зьместу дакумэнту, які зараз жвава камэнтуецца ў Маскве, у Эўропе і, зразумела, у Менску. Мне здаецца, што ён супярэчлівы. З аднаго боку Эўразьвяз, прапаноўваючы нейкія салодкія пернікі для Беларусі, гаворыць аб тым, што ўсё гэта будзе, калі ня будзе Лукашэнкі і цяперашняга ўраду. З другога боку, там ясна падкрэсьліваецца, што Эўразьвяз прызнае легітымнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі.

Зь іншага боку, нягледзячы на антылукашэнкаўскую сутнасьць дакумэнта, прапануецца прэзыдэнту Лукашэнку падтрымка і нейкія схаваныя козыры ў яго канфрантацыі з крамлёўскім кіраўніцтвам. Я мяркую, што гэтыя прапановы ня надта рэалістычныя і ня надта патрэбныя. Ну што – усур''ёз можа паверыць, што на Беларусь могуць пасыпацца нейкія гіганцкія грошы для вырашэньня бягучых эканамічных задачаў?

Віталь Портнікаў ужо казаў пра тое, што ўкраінскае грамадзтва было расчараванае чаканьнямі, якія на Майдане здаваліся яснымі, што як толькі будуць выкананыя ўмовы, як толькі ўкраінскае грамадзтва адгукнецца на эўрапейскія прапановы, адразу ж усе праблемы будуць вырашаныя дзякуючы спонсарскай дапамозе.

Мне гэты дакумэнт нагадвае пугачоўскія "прелестные грамоты", калі грамадзтву даваліся абяцаньні лёгкіх грошай. Гэты дакумэнт вельмі палітызаваны і скіраваны на пашырэньне магчымай канфрантацыі паміж Менскам і Масквой, што ўжо пасьпеў заўважыць расейскі друк. Скажам, "Известия" пішуць, што Лукашэнка ідзе ў раскрытыя абдымкі Эўропы.

Гэтыя чыньнікі варта браць пад увагу, як і разумець, што апакаліптычныя часы не прыйшлі і наўрад ці прыйдуць у такім выглядзе, як гэта ўяўляе Яраслаў Раманчук. Абмяркоўваць гэты дакумэнт трэба, але ня больш таго. Кідацца на гэтыя гукі гамеленскай дуды, якія прагучалі з Эўропы, наўрад ці варта. Як і адмахвацца адразу таксама ня трэба.

Але і прымаць усё гэта за чыстую манэту могуць толькі нашы менскія пікейныя камізэлькі, якім з аднаго боку ўсё ў жыцьці зразумела, а з другога боку, зразумела робіцца тады, калі прыйдзе чарговае тлумачэньне з Эўропы.

Наўрад ці маюць рацыю тыя, хто лічыць беларускае кіраўніцтва людзьмі, якія нічога не разумеюць у навакольным жыцьці і толькі рэагуе на падзеі. Мы пачыналі зь вельмі складанай сытуацыі, зараз яна стабільная, эканамічна больш менш прыстойная. Гэта сьведчыць пра тое, што працэс ня быў стыхійным, як гэта часам уяўляюць сабе нашы лінейна мысьлячыя камэнтатары".

Усю перадачу слухайце ў нядзелю і чытайце пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG