Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча заблякавала перамовы Расеі з Эўразьвязам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча канчаткова заблякавала перамовы паміж Эўразьвязам і Расеяй у справе падпісаньня новага пагадненьня аб супрацоўніцтве, якія павінны былі пачацца заўтра на саміце Эўразьвяз-Расея. Варшава не пагадзілася пайсьці на саступкі ў справе эмбарга на экспарт польскіх харчоў у Расею.

Расея забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю польскіх мясных прадуктаў і харчоў расьліннага паходжаньня год таму, патлумачыўшы сваё рашэньне падробкамі вэтэрынарных сэртыфікатаў польскімі экспартэрамі.

У Польшчы, аднак, кажуць, што гэта перадусім палітычнае рашэньне, бо дробныя праблемы ў гандлі ўзьнікаюць заўсёды, але каб іх вырашыць не абавязкова ўводзіць эмбарга. Віцэ-прэм''ер польскага ўраду і містар сельскай гаспадаркі Анджэй Лепэр кажа:

(Лепэр: ) “Ніякіх канкрэтных абвінавачаньняў расейскі бок нам не прадставіў, толькі агульныя рэчы. Маўляў, мусіце вырашыць праблемы. Але якія праблемы? Я не кажу, што ў нас усё ідэальна, дробныя недахопы заўсёды ёсьць, але ўзровень адказу на іх неадэкватны. Польскі бок губляе штодзённа каля мільёна эўра з-за расейскага эмбарга”.

Таму Варшава заявіла, што ня дасьць згоды на пачатак перамоваў з Масквой, пакуль Расея не скасуе эмбарга. Расейскі МЗС настойвае на тым, што гэта двухбаковая праблема, аднак Польшча заяўляе, што ўваходзіць у склад Эўразьвязу і гэта праблема паміж усёй аб’яднанай Эўропай і Расеяй.

Прэм’ер-міністар Польшчы Яраслаў Качынські заявіў, што Варшава не адступіцца ад сваёй пазыцыі і будзе абараняць свае нацыянальныя інтарэсы.

Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Філіп Тод заявіў сёньня, што Масква ня мае падставаў далей ўтрымліваць эмбарга на польскія харчы, а старшыня камісіі тэлефанаваў ўчора польскаму прэм’еру і выказаў поўную салідарнасьць з Варшавай у гэтым пытаньні.

Паводле шэрагу адмыслоўцаў, цьвёрдая пазыцыя Польшчы ў гэтай справе, якую на пачатку крытыкавалі некаторыя краіны Эўразьвязу, насамрэч спрычынілася да згуртаваньня аб’яднанай Эўропы.

(Ротфэльд: ) “Цягам, можна сказаць, дзесяці дзён, што раней вельмі рэдка здаралася, мы маем супольную пазыцыю Эўразьвязу”, - заявіў былы міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд.

Тэрмін дзеяньня цяперашняга пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж Расеяй і Эўразьвязам скончыцца ў наступным годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG