Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдуць беларускія ўлады насустрач Эўразьвязу?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Іен Боўг прэзэнтуе новы праект стратэгіі Эўракамісіі адносна Беларусі. Як палітыкі ў Менску камэнтуюць новую стратэгію Эўразьвязу?

Паводле новай стратэгіі, Эўразьвяз гатовы адчыніць свае рынкі для беларускіх тавараў, даць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць візавы рэжым і гэтак далей. Але для гэтага афіцыйны Менск мусіць выканаць 12 патрабаваньняў. Сярод іх спыненьне перасьледу апазыцыі, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сапраўднага сьледзтва ў справах зьніклых палітыкаў, свабодныя выбары.

У міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі, што пакуль не атрымалі ніякіх дакумэнтаў ў гэтым пытаньні і ўстрымаліся ад камэнтароў.

Старшыня камісіі міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў:

(Папоў: ) “Гэта чарговая палітыка дыктату: вы гэта рабіце, а мы потым паглядзім. Ня будзе так ніколі. Сустрэчныя крокі павінны быць аднолькавыя і роўныя па часе. Вуліца з двухбаковым рухам, а пакуль нам прапануюць зноў жа вуліцу з аднабаковым рухам. Усё гэта песьні з адной опэры, як і тыя падвойныя стандарты”.

Ці пойдуць жа ўлады насустрач Эўразьвязу? Кіраўнік ініцыятыўнай групы ў стварэньні руху “За свабоду” Віктар Карняенка заявіў.

(Карняенка: ) “У чарговы раз Эўропа дэманструе, што Беларусі ёсьць месца ў сучаснай Эўропе. Але з сучасным рэжымам Эўропе дамовіцца ніколі ня ўдасца. Лукашэнка проста па сваім вызначэньні ня здольны дамаўляцца нават нягледзячы на жорсткую палітыку Расеі ў дачыненьні да яго. Я ня бачу вялікіх пэрспэктыў у дамовах паміж Лукашэнкам і Эўропай”.

Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП(Грамада) Анатоль Ляўковіч пазытыўна ставіцца да гэтай стратэгіі. Ён лічыць, што вызваленьне палітвязьняў мусіць быць прыярытэтным. Аднак ці пагодзіцца афіцыйны Менск вызваліць сваіх апанэнтаў?

(Ляўковіч: ) “Рэжым можа самае вялікае зрабіць бачнасьць дэмакратызацыі: вось Астрэйку ўжо перавялі з турмы на папраўчыя працы. Але ісьці на нейкія прынцыповыя саступкі ён ня можа ў сілу сваёй прыроды. Рэжым тады зьнікне. А яны ж не самазабойцы. Прырода рэжыму такая. Рэжым ня пойдзе на саступкі”.

Намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык мяркуе:

(Шынкарык: ) “Афіцыйны Менск ня пойдзе на выкананьне гэтай стратэгіі. Лукашэнка ніколі, пакуль ён будзе кіраўніком дзяржавы, не правядзе сапраўднае расьсьледаваньне зьнікненьня палітыкаў. Я таксама ня веру, што Лукашэнка выпусьціць з турмаў усіх палітрэпрэсаваных. Гэта нейкі цуд, што выпусьцілі Астрэйку. Але ён пакуль не пацьвярджае нічога.

Не выносілі б такія жудасныя прысуды Зьміцеру Дашкевічу і астатнім. І Казуліну ў першую чаргу. Не для таго гэта рабілася цягам столькіх гадоў, каб усё гэта прыпыніць і памяняць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG