Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі консул у Горадні: “Хаця б засталіся суседзкія адносіны”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні былі запрошаны журналісты. Яны атрымалі інфармацыю наконт выдачы візаў беларускім грамадзянам, лічба якіх павялічылася, а таксама маглі задаць пытаньні адносна белеруска-польскіх дачыненьняў.

Журналістаў цікавіла, калі ў Менск можа прыехаць польскі амбасадар? Генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі зазначыў, што з палітычных прычынаў гэта зацягваецца, хаця даўно вядома, хто гэта мае быць.

(Крэнтоўскі:) “Я думаю, што гэтае пытаньне штодня абмяркоўваецца, як штодня абмяркоўваецца стан польска-беларускіх адносінаў, паколькі яны сёньня складаныя, вельмі складаныя”.

Напрыклад, чаму ў Беларусі існуюць праблемы ў польскай меншасьці? — гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне для польскага боку, зазначыў дыплямат.

(Крэнтоўскі:) “Чаму гэта адбываецца, я ня буду казаць “паміж сяброўскімі краінамі”, як казалі раней, таму што ў нас, можна сказаць, сяброўскіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю ўвогуле няма. Няхай хаця б застануцца суседзкія адносіны. Таму што мы ня можам забывацца аб тым, што мы суседзі”.

Спадар Крэнтоўскі зазначыў, што з краінаў – суседзяў цяпер мае свайго паўнамоцнага амбасадара ў Менску толькі Расея.

Далей дыплямат паведаміў, што консульства ня мае кантактаў з афіцыйным Саюзам палякаў на чале з Юзафам Лучнікам. Анджэй Крэнтоўскі падкрэсьліў, што польскія ўлады падтрымліваюць кіраўніцтва Саюзу, якое было абрана ў 2005 годзе на дэмакратычных выбарах, і ніякіх зьменаў у гэтым няма. Кіраўніком тады была абраная Анжаліка Борыс.

Я пацікавіўся ў спадара Крэнтоўскага стаўленьнем польскага боку да здарэньня на беларуска-літоўскай мяжы, калі ў машыне, у якой спадарыня Борыс ехала з калегамі, мытнікі знайшлі наркотык. Паводле гэтага была распачата крымінальная справа.

(Крэнтоўскі:) “Я б хацеў коратка сказаць, што гэта вельмі брутальная правакацыя. Таму што мы ўжо раней адчувалі, што такое можа здарыцца. І тым больш зараз, я гэта падкрэсьліваю, я яшчэ болей баюся, што такіх правакацыяў можа быць больш, і ня толькі ў адносінах Саюзу палякаў”.

На здымку: на прэс-канфэрэнцыі (справа налева) Генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі, ягоны намесьнік Януш Дамброўскі і консул Зоф’я Шмыд
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG