Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму некаторыя дэпутаты ад апазыцыі ігнаруюць мясцовыя выбары?


Вячаслаў Кулік, Менск Пачатак выбарчай кампаніі ў рэгіёнах выявіў дэпутатаў ад апазыцыі, якія не жадаюць балятавацца паўторна. Наконт прычынаў такога рашэньня з дэпутатамі гутарыў наш карэспандэнт.

Дэпутат Мсьціслаўскага раённага савету на Магілёўшчыне Аляксандар Галакціёнаў зьяўляецца сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён катэгарычна адмаўляецца ад паўторнага вылучэньня кандыдатам і тлумачыць прычыны гэтак:

(Галакціёнаў: ) “Ня бачу ў гэтым сэнсу, бо мала што такім чынам можна зьмяніць у нашай краіне. Тым больш, што, як мяркуецца, у раённым савеце незалежных дэпутатаў, як я, могуць апынуцца адзінкі. І фактычна яны нічога ня могуць вырашыць, нават калі жадаюць. Па-другое, для мяне гэта ўжо пройдзены этап. Я ўжо ведаю, што за праца ў мясцовым савеце. Гэта ня тое, што я хацеў мець. Публічная палітыка там адсутнічае. Яе проста там няма”.

(Карэспандэнт: ) “Пра такія настроі іншых дэпутатаў даводзілася чуць?”

(Галакціёнаў: ) “Калі шчыра, то такія настроі, безумоўна, ёсьць, але, як ні дзіўна — яны ў меншасьці. Усё ж такі мае сябры й калегі супэраптымісты. Крайнасьць і катэгарычнасьць я не вітаю й не жадаю быць такім. Я лічу сябе прагматыкам, таму прыняў рашэньне ў гэтых выбарах ня ўдзельнічаць”.

Сказаў Аляксандр Галакціёнаў.

А вось меркаваньне Вячаслава Герасіменкі зь Петрыкава, які мае досьвед дэпутацкай працы, як у мясцовым, так і Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня.

(Герасіменка: ) “Пяць гадоў быў дэпутатам Петрыкаўскага раённага савету. Гэта абсалютна пусты і непатрэбны занятак. Страта часу, энэргіі ды іншага. Гэта абсалютна ня мае ніякага значэньня для лёсу Беларусі. Па-другое, нават сёньня мясцовыя саветы ніякай абсалютна ролі не адыгрываюць. Абсалютна!”

Прычыны сваёй адмовы ад барацьбы за дэпутацкае месца ў мясцовым савеце гарадзкога пасёлку Барань ля Воршы тлумачыць Зьміцер Каваленка:

(Каваленка: ) “Маральная прычына ў тым, што праца дэпутата мясцовага савету зводзіцца да пошуку, законаў, паправак да іх. Гэта вымушае знаходзіцца між молатам і кавадлам. Молат — выбарцы, кавадла — улада. Заканадаўчыя дакумэнты нам патрэбныя, каб абараняць людзей. Гэта значыць, што пераважна праца зводзіцца да інфармаваньня. А, на мой погляд, мясцовы савет павінен распрацоўваць стратэгію разьвіцьця рэгіёну. Але з гэтай працы мы цалкам выключаныя”.

(Карэспандэнт: ) “Вы прынялі рашэньне — але ці азначае гэта і адмову ад грамадзкай працы?”

(Каваленка: ) “Поглядаў я не зьмяняю. Буду працаваць у камандзе для вылучэньня Васіля Леўчанкі. Буду дапамагаць іншым дэпутатам, якія будуць балятавацца, — Віктару Міхасёву, Ганьне Леўчанцы. Такое маё рашэньне”.

У дзейнай у Беларусі Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў удакладняюць, што ўсе 70 сябраў арганізацыі вырашылі балятавацца на выбарах паўторна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG