Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хусэйн быў найгоршым кіраўніком Іраку...”


Кастусь Бандарук, Прага Прысуд, вынесены Садаму Хусэйну, выклікаў розную рэакцыю: і ўхваленьне, і асуджэньне, і боязь, што прыхільнікі Хусэйна пачнуць эскаляцыю гвалту.

Зь ліку 7 падсудных Садам Хусэйн, былы кіраўнік разьведвальнай службы Барзан Ібрагім аль-Тыкрыці і былы пракурор Авад Хамэд-аль-Бандэр маюць быць павешаныя, былы віцэ-прэзыдэнт Ясін Рамазан прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, яшчэ тры падсудныя атраымалі па 15 гадоў турмы, а адзін быў вызвалены з прычыны адсутнасьці доказаў. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назваў суд над Садамам Хусэйнам важнай падзеяй ў гісторыі ірацкага народу.

(Буш: ) “Перад Іракам яшчэ шмат працы каб пабудаваць грамадзтва, якое гаарантуе роўныя правы і аднолькавую ахову для ўсіх грамадзянаў. Аднак сёньняшні прысуд запішацца ў гісторыі як важнае дасягненьне на шляху да свабоды і да аб’яднанага грамадзтва”.

Прадстаўнік Белага Дому Тоні Сноў заявіў, што гэта “шчасьлівы дзень для ірацкага народу”. Таксама на думку амэрыканскага амбасадара ў Іраку Залмая Халізада, “закрыцьцё старонкі гісторыі Садама і ягонага рэжыму дае шанец на нацыянальнае адзінства іракцаў”.

Задавальненьне прысудам выказалі многія ірацкія лідэры, у прыватнасьці, прэм’ер Нуры аль-Малікі.

(Нуры аль-Малікі: ) “Усе пакутнікі і ўсе іракцы могуць усьміхнуцца і з радаснай палёгкай успрыняць гэты прысуд. Аднак, пакараньне Садама ня верне да жыцьця ні такіх людзей, як вялікі аятала аль-Садр, ні сотняў і тысячаў мужчын, жанчын, нявінных людзей. Хусэйн быў найгоршым кіраўніком Іраку, які зьнішчаў свой уласны народ, як найгоршай партыяй у гісторыі краіны была партыя Баас. Цягам 35 гадоў сваёй тыраніі ён уціскаў свой народ, а цяпер ягоныя прыхільнікі і хаўрусьнікі далей праводзяць тэракты”.

Паводле лідэра шыіцкай большасьці ў ірацкім парлямэнце Абдулы Азіза-аль-Гакіма, “лёс Садама і ягоным памагатых павінен быць урокам для ўсіх астатніх тыранаў.

Аднак, некаторыя эўрапейскія лідэры, у прыватнасьці Францыя, Італія,Гішпанія і Фінляндыя, якая старшынюе ў Эўразьвязе, хаця і прызналі суд над Хусэйнам “перамогай правасудзьдзя” усё ж такі адмоўна паставіліся да самога сьмяротнага пакараньня. Прадстаўніца ААН у пытаньнях правоў чалавека Луіза Арбур заклікала да абвяшчэньня мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў у Іраку. З падобнымі заклікамі выступілі таксама іншыя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Human Rights Watch, а таксама Ватыкан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG