Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцыяў на беларускія падзеі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Суд над сябрамі незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, беларуска-латыскі дыпляматычны скандал, парушэньні правоў чалавека знаходзіліся ў цэнтры ўвагі замежных палітыкаў, праваабаронцаў, прэсы.

Дыпляматам замежных краінаў было адмоўлена прысутнічаць на працэсе над сябрамі незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, і таму яны штодня прыходзілі да будынку суду, каб падтрымаць сваякоў падсудных. Адразу ж пасьля таго, як стаў вядомы прысуд – ад паўгоду да двух гадоў турмы – выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША ў Менску Джонатан Мур заявіў нашаму радыё:

(Мур:) “Мы лічым, што рэжым абавязаны вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі, улучна з тымі чатырма маладымі людзьмі, якіх асудзілі сёньня, а таксама спадара Казуліна”.

Раней амбасадар Нямеччыны ў Менску Марцін Хэкер адносна таго, што працэс быў закрытым, зрабіў наступную заяву: “Калі суд можа працаваць сакрэтна, мы ведаем з нашай гісторыі. Гэта фашыстоўская і сталінская гісторыя, калі былі папкі з грыфам "цалкам сакрэтна". І прысуды выносіліся цалкам сакрэтна. Толькі я заўсёды думаў, што гэта немагчыма ў сёньняшняй Эўропе”.

*** Больш за тыдзень працягваецца беларуска-латыскі дыпляматычны скандал, зьвязаны зь ператрусам у кватэры другога сакратара амбасады Латвіі ў Менску, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў распаўсюдзе порнапрадукцыі. Фінляндыя, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, выказала ўладам Беларусі пратэст супраць іх дзеяньняў у дачыненьні да латыскага дыплямата. У адмысловай заяве падкрэсьліваецца, што яны парушылі Венскую канвэнцыю 1961 году, і выказваецца патрабаваньне ад Менску як “неадкладнага тлумачэньня”, гэтак і выкананьня сваіх міжнародных абавязкаў.

Дыпляматычны скандал атрымаў шырокі розгалас у Латвіі. Дэпутат Сэйму, сябра камісіі ў міжнародных справах Аляксандар Кірштэйнц лічыць інцыдэнт з латыскім дыпляматам правакацыяй з боку беларускіх уладаў, аднак гаворыць і пра патрэбу супрацоўніцтва паміж краінамі.

(Кірштэйнц: ) “Мы – суседзі. Па-другое, даволі шмат беларусаў жыве ў Латвіі. Я думаю, што эканамічныя інтарэсы ў нас даволі важкія. Натуральна, Латвія заўсёды будзе абараняць правы чалавека. І, натуральна, не падтрымлівае палітычнага ладу Лукашэнкі. Але важныя ня столькі эканамічныя пытаньні, колькі пытаньні аховы навакольнага асяродзьдзя на Даўгаве (Заходняй Дзьвіне) праз фонды Эўразьвязу. Мы ўсё роўна павінны супрацоўнічаць”.

Уплывовая латыская газэта «Diena» з дыпляматычнага скандалу зрабіла наступную выснову: “Нават калі б на касэтах і была парнаграфія, гэта зусім нікчэмная зачэпка, каб парушаць міжнародныя абавязкі і правакаваць вялікі міжнародны скандал. У рэжыма апошняга дыктатара Эўропы Аляксандра Лукашэнкі і так зусім кепская рэпутацыя. Пасьля сакавіцкіх выбараў яму і шэрагу вышэйшых чыноўнікаў Беларусі забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і Паўночнай Амэрыкі, а банкам даручана замарозіць іхныя асабістыя рахункі. Парушэньне Венскай канвэнцыі даказала, што рэжым Лукашэнкі яшчэ горшы, чым Захад дагэтуль думаў, і ад яго можна чакаць чаго заўгодна”.

***

Эўрапейскі камісарыят у гандлі, які зьяўляецца часткай Эўрапейскай Камісіі, мае намер прапанаваць Радзе Эўразьвязу адмяніць прэфэрэнцыі ў гандлі краінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю. Адпаведны ліст камісар у зьнешнім гандлі Эўракамісіі Пэтэр Мандэльсон накіраваў лідэрам трох буйных міжнародных прафсаюзных цэнтраў. Эканамічныя санкцыі, зьвязаныя з парушэньнем правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі, могуць быць уведзены з 2007 году.

“Пастаянныя прадстаўнікі НАТО ў Брусэлі разгледзяць далейшыя варыянты дачыненьняў зь Беларусьсю”, – заявіў сьпікер гэтай арганізацыі Джэймс Апатурай. Падставай для гэтага ёсьць стаўленьне сяброў альянсу да сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле Джэймса Апатурая, “пакуль яшчэ не зразумела, якія захады будуць зробленыя альянсам”, аднак “сярод сяброў арганізацыі існуе вялікая незадаволенасьць тымі маніпуляцыямі, які мелі месца ў часе галасаваньня”.

***

“Урад Швэцыі прадоўжыць ажыцьцяўляць сваю актыўную лінію, як у рамках Эўрапейскага Зьвязу, гэтак і ў двухбаковым парадку, мэта якой – дэмакратычныя перамены ў Беларусі", – пра гэта гаворыцца ў лісьце прэм''ер-міністра Швэцыі Ёрана Пэрсана лідэру аб''яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандру Мілінкевічу. Паводле Ёрана Пэрсана, “поруч з палітычнымі захадамі, зробленымі Эўразьвязам, такімі як абмежаваньні ў выдачы візаў і замарожваньне рахункаў, праграма новага эўрапейскага суседзтва і партнэрства, якая ўвойдзе у сілу з 2007 году, дасьць магчымасьці для пашырэньня падтрымкі недзяржаўных арганізацыяў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі”.

“Польшча зацікаўленая ў нармалізацыі стасункаў зь Беларусьсю”, – заявіла міністар замежных справаў Польшчы Ганна Фатыга ў інтэрвію міжнароднаму інтэрнэт-парталу "Wider Europe". Аднак, "у імя далейшага разьвіцьця двухбаковых адносінаў, а таксама прымаючы да ўвагі агульнапрынятыя эўрапейскія стандарты, беларускія ўлады павінны спыніць ужываньне рэпрэсіяў у дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама адмовіцца ад практыкі стварэньня нэгатыўнага вобразу Польшчы ў афіцыйных беларускіх сродках масавай інфармацыі", – заявіла кіраўніца польскага зьнешнепалітычнага ведамства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG