Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь БНФ рыхтуецца да зьезду


Радыё Свабода Моладзь БНФ, напрыклад, пачала падрыхтоўку да свайго заплянаванага на верасень з’езду. На рэгіянальных сходах пачалося вылучэньне дэлегатаў. Першая такая сустрэча адбылася на Лідчыне, а сёньня яна пройдзе ў Клецку.

На сходзе моладзі ў Лідчыне былі вылучаныя два дэлегаты, а сам сход праходзіў ва ўрочышчы Крыжы, на прыродзе, бо для актывістаў не знайшлося памяшканьня ў горадзе. Расказвае Юрась, адзін з тамтэйшых актывістаў.

(Юрась: ) “Амбіцыі ў моладзі БНФ даволі моцныя і добра падмацаваныя справамі, плянамі і ўчынкамі. Таму, я лічу, што менавіта моладзь БНФ павінна быць галоўным. Моладзь БНФ зьбірае вакол сябе людзей адукаваных, інтэлігентных і таму, я думаю, што ў гэтай арганізацыі добрая будучыня. Моладзь БНФ заснаваная на партыі БНФ, а гэта ўжо імя, гэта брэнд. А раскруціць цяпер нейкую новую палітычную партыю ці арганізацыю вельмі цяжка ў нашым становішчы. Яны будуць існаваць, але будуць вельмі малыя”.

У Беларусі дэмакратычны моладзевы рух разнастайны, і падзеі сакавіка 2006 году далі яму імпульс арганізавацца. Узьнікла некалькі ініцыятываў. Сярод іх “Адпор” і “Бунт”, зьявіліся суполкі – “Акцыя” ды іншыя, якія правялі сэрыю палітычных флэш-мобаў. А вось “Зубар” у траўні гэтага года заявіў, што перапыняе дзейнасьць пад сваім брэндам. Грамадзянская актыўнасьць моладзі зьведвае ціск і перасьлед з боку ўладаў. Раскручваюцца справы супраць “Маладога фронту” і моладзевай ініцыятывы “Бунт”. Паводле ўдзельніцы “Бунта” Крысьціны Шацікавай, моладзь вымушана весьці падпольную працу. А чым яна тлумачыць ціск уладаў на актыўную моладзь?

(Шацікава: ) “Адзінае, на чым трымаецца наша ўлада – на нашым страху. І калі яны адчуваюць, што гэта пачуцьцё сыходзіць з-пад кантролю, то тут жа меры становяцца больш жорсткімі, каб вярнуць усё на месца”.

Сябра палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў Уладзімер Навасяд сустрэўся з моладзевымі актывістамі ў Магілёве. Ён лічыць, што ў рэгіёнах людзі гатовыя аб’яднацца і чакаюць палітычных кампаній.

(Навасяд: ) “Ведаеце, падзеі павінны адбыцца ў Беларусі, тады мы ўсіх гэтых людзей ўбачым. А падзеі павінны арганізоўваць сталае пакаленьне ці палітычныя партыі, якія абавязаны займацца палітычнай дзейнасьцю. Моладзевы рух жыве сваім жыцьцём, робіць сваю справу, працуе аўтаномна, і ні дзяржава, ні дэмакратычныя сілы кантраляваць моладзевы рух ужо на сёньняшні дзень ня маюць магчымасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG