Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Юшчанка, магчыма, выбіраў паміж горшым і самым горшым"


Радыё Свабода Ва Ўкраіне падпісаны "Ўнівэрсал нацыянальнай еднасьці". Асноўныя пункты непаразуменьня прэзыдэнта Віктара Юшчанкі і кіраўніка "Партыі рэгіёнаў" Віктара Януковіча, былога кандыдата на прэзыдэнта Ўкраіны, якога падтрымлівала Расея – былі: ўступленьне ўкраіны ў НАТО, наданьне расейскай мовы статусу дзяржаўнай, прынцып фэдэралізму ва Ўкраіне.

Пытаньне пра далучэньне да НАТО, магчыма, будзе вынесена на ўсенародны рэфэрэндум ва Ўкраіне, пытаньні пра фэдэралізм і расейскую мову зьнятыя. Мы працягваем знаёміць вас з рэакцыяй у Беларусі на палітычныя падзеі ва Ўкраіне.

Адны палітыкі гавораць пра капітуляцыю памаранчавых ідэалаў, другія пра непазьбежны кампраміс. Што магло паўплываць на рашэньні прэзыдэнта Ўкраіны? У беларускіх палітыкаў гэта высьвятляў Уладзімер Глод. Ён пагаварыў з сябрам Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандрам Дабравольскім і намесьнікам кіраўніка міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатолем Красуцкім

Аляксандар Дабравольскі на ўласныя вочы бачыў Кіеў часоў бурных падзеяў напрыканцы 2004 году. Ва Ўкраіне ў яго застаецца шмат сяброў і таму цяперашнія падзеі спадар Дабравольскі прымае вельмі блізка:

(Дабравольскі: ) "Думаю, што напэўна не было іншага выйсьця. Таму Юшчанка і пайшоў на такі кампраміс, у істотнай ступені небясьпечны. І не вельмі лягічны, а калі ўзгадаць падзеі 2004 году, здаецца і нават немажлівы. Юшчанку прыйшлося, мусіць, выбіраць паміж горшым і самым горшым".

Эканоміка - вось што стала вызначальным чыньнікам кампрамісу цьвердзіць намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі:

(Красуцкі: ) "Абсалютна зразумела. што тыя канфліктныя эканамічныя дачыненьні, што склаліся паміж Украінай і Расеяй, працягвацца надалей не маглі. І ў дадзеным выпадку перадусім узяў верх эканамічны складнік".

А як жа магчымае далучэньне да НАТО, статус расейскай мовы ды іншыя неэканамічныя пытаньні, цікаўлюся у дэпутата:

(Красуцкі: ) "Замежнапалітычны курс, які тычыцца арыентацыі на заходні вэктар з боку вышэйшага кіраўніцтва Ўкраіны, канечне, не зьменіцца".

Падчас выбараў прэзыдэнта Ўкраіны сымпатыі кіраўніцтва Расеі былі выразна на баку Віктара Януковіча. Дастаткова ўзгадаць сустрэчу з ім прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна альбо як асьвятлялі выбары расейскія мэдыі. А як было гэтым часам? Ці адчувалася і цяпер так званая рука Масквы?

Аляксандар Дабравольскі гаворыць, што расейскі ўплыў, безумоўна, быў:

(Дабравольскі: ) "Нават калі ўзгадаць гэтую газавую вайну, гэта таксама ўплыў. Расейскае кіраўніцтва цяпер вельмі радуецца, калі ў некага, хто адмовіўся ім падпарадкавацца, нешта не атрымліваецца. Але ж галоўныя дзейныя асобы былі ўсё ж ва Ўкраіне. І ўкраінцы, мне здаецца, самі вырашалі праблемы".

А Анатоль Красуцкі думае, што расейскі фактар гэтым разам як бы зьмяніў акцэнт: з палітычнага на эканамічны:

(Красуцкі: ) "Мне падаецца, што на гэтым полі цяпер больш гулялі прадстаўнікі расейскага бізнэсу, дакладней нават бізнэс-эліты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG