Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь выступае за стварэньне альтэрнатыўных цэнтраў сілы?


Уладзімер Глод, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза “Свабоды. Удзельнікі: палітолягі, кандыдаты навук Уладзімер Падгол і Андрэй Фёдараў.

(Глод: ) “На нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой Аляксандар Лукашэнка заявіў пра геапалітычныя інтарэсы Беларусі. Стратэгічнымі саюзьнікамі Беларусі ён назваў Расею й Кітай. Як мне падаецца, упершыню стратэгічных партнэраў у Лукашэнкі стала адразу двое – Масква й Пэкін. Да гэтага цягам доўгага часу ў такой якасьці выступала выключна Расея. А сёлета ў штогадовым пасланьні Нацыянальнаму сходу спадар Лукашэнка згадаў толькі Кітай. У чым тут справа, спадар Падгол?”

(Падгол: ) “Я лічу, што наагул гэтыя словы пра Кітай, пра Расею – своеасаблівая заслона. І таму хачу абагульніць, цытуючы Лукашэнку: “Беларусь самастойна робіць свой гістарычны выбар, і ў тым ліку ўласны зьнешнепалітычны курс. Як паважная дзяржава яна актыўна й пасьлядоўна, разам з хаўруснікамі й партнэрамі, удзельнічае ў фармаваньні аднаго з сур’ёзных усясьветных цэнтраў сілы, адстойваючы свае нацыянальныя інтарэсы”. Дык вось менавіта тут ключ усяго выступу перад дыпляматамі й, як заўжды, перад народам Беларусі. Галоўнае – альтэрнатыўны цэнтар сілы. А ўжо далей мы можам разглядаць, хто сюды ўваходзіць, выпадкова ці не выпадкова. Кітай, Расея… А ёсьць жа яшчэ й неназваныя краіны – у зьвязку канфлікту Ізраілю з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Бо мы ведаем (і адпаведныя матэрыялы друкаваліся), што рэжым Лукашэнкі сыстэматычна гандляваў ракетамі ды іншай зброяй. Я не выключаю, што ракеты, якія цяпер ляцяць на Ізраіль, прададзены Беларусьсю”.

(Глод: ) “Спадар Фёдараў, з вашага пункту гледжаньня, ці сапраўды ствараецца нейкая новая ўсясьветная сіла? І хто, акрамя ўжо названых краінаў, калі гэта так, у яе ўваходзіць?"

(Фёдараў: ) “Трэба крыху вярнуцца ў мінулае й прыгадаць тэзы, якія беларускае кіраўніцтва прасоўвала ўжо даўно. Я памятаю, напрыканцы мінулага стагодзьдзя Лукашэнка ўжо высоўваў такія ідэі. Ён прапаноўваў стварыць антыамэрыканскую вось, у якую ўвайшлі б Расея, Беларусь, Кітай, арабскія краіны, Іран... Гэта ён прапаноўваў на сустрэчы з амбасадарамі арабскіх краінаў, якія прыехалі ў Менск з Масквы (у Беларусі яны працуюць па сумяшчальніцтве). Гэта ўсё й ёсьць разьвіцьцём тых ідэй, тых паняцьцяў. Іншая справа, што становішча ў сьвеце пакрыху зьмяняецца. І падзеі на Блізкім Усходзе, прынамсі, рэакцыя на іх Расеі, Кітаю даюць падставы меркаваць, што нейкая антыамэрыкаская супольнасьць будзе створана. Але ўсё ж пакуль жаданае выдаецца за сапраўднае, бо і Расея, і Кітай не зацікаўлены ў жорсткім супрацьстаяньні ні ЗША, ні Эўропе. І ў гэтым сэнсе спадзяваньні беларускіх уладаў мне здаюцца марнымі”.

(Падгол: ) “Тут варта прыгадаць некаторыя цытаты з выступаў Лукашэнкі 1999 году. Прынамсі, пра тое, што сьвет стаў аднапалярным, і трэба сурьёзным чынам перагледзець увесь усясьветны парадак, а калі мы ня створым альтэрнатыўнага цэнтру сілы, дык сарвём плянэту з арбіты. Але тут надзвычай важны псыхалягічны момант. За гэтымі словамі праглядаецца намаганьне Лукашэнкі абараніць сябе, сваю ўладу. Ён вельмі спадзяецца, што (калі раптам паўторыцца югаслаўскі сцэнар) і сьвет не захоча цярпець дыктатара, дык Расея й, можа, Кітай, стануць яго бараніць. Вось у чым глыбінны сэнс апэляцыі да стварэньня альтэрнатыўнага цэнтру сілы”.

(Глод: ) “Добра. Уявім, што альтэрнатыўны цэнтар, які, паводле нашых экспэртаў, будзе накіраваны супраць ЗША й Эўразьвязу, сфармуецца. Як у гэтым кантэксьце зразумець учарашняю параду Аляксандра Лукашэнкі дыпляматам, палітыкам, мэдыям асьцярожна й разважна крытыкаваць ЗША й Эўразьвяз?”

(Падгол: ) “Лукашэнка ў сваім выступе, як мэдык, дазавана, выказвае камплімэнты на адрас ЗША й Эўразьвязу. І ў гэтай сувязі хачу адзначыць, што другім прынцыпам Лукашэнкі (пасьля стварэньня альтэрнатыўнага цэнтру сілы) зьяўляецца ягоная эканамічная бясьпека. Звышмэта Лукашэнкі – прасунуць беларускія вырабы на ўсе рынкі, у тым ліку на рынкі Эўразьвязу ды ЗША. Ён заяўляе, што Беларусь не зьяўляецца эканамічным ці нават ідэалягічным супраціўнікам Эўразьвязу. Гэткім чынам ён указвае дыпляматам і, ускосна, кіраўнікам беларускіх прадпрыемстваў, што трэба дзейнічаць, як Эўразьвяз і ЗША, – падае іх за прыклад. У выступе Лукашэнка падкрэсьлівае, што эканамічная бясьпека – гэта падмурак, базыс. У яго два прынцыпы ўтрыманьня ўлады. І якраз іх ён прэзэнтуе ў сваім выступе перад дыпляматамі, беручы сабе ў хаўрусьнікі – у якасьці ўзору – і ЗША, і Эўразьвяз”.

(Глод: ) “Раз мы вылучаем два аспэкты – палітычны й эканамічны – і зьвяртаемся да гандлю на зьнешніх рынках, дык на гэтым тле бачна: і ўчора, і раней кіраўнік дзяржавы часта падкрэсьлівае, што эфэктыўнасьць дзейнасьці беларускай дыпляматыі за мяжой перадусім вызначаецца колькасьцю тавараў, якія яна дапамагла прадаць беларускім прадпрыемствам. І, падобна, чыноўнікі зрабілі гэта галоўным у сваёй працы. Пра гэта, на мой погляд, сьведчыць такі факт: сёлета палова ўсяго беларускага экспарту прыпадае на краіны Эўразьвязу. У чым тут справа? Няўжо якасьць беларускіх тавараў стала такой высокай? І як зразумець такі значны ўздым гандлю – пры тым, што Эўразьвяз вельмі востра крытыкуе ўлады Беларусі й нават не дапускае на сваю тэрыторыю групу беларускіх афіцыйных асоб? Ці не выяўляецца ў гэтым нейкая нестыкоўка?”

(Фёдараў: ) “Не, нестыкоўкі тут няма. Эўразьвяз насамрэч прымае пэўныя абмежавальныя захады. Але эканамічных санкцыяў ён пакуль не ўжывае. Больш за тое, нават апазыцыя не заклікае Захад да гэткага. Таму Беларусь фактычна ня мае сур’ёзных абмежаваньняў на гандаль. Ёй дазваляюць прадаваць і тэкстыль, і калій... Але калі глянуць на структуру беларускага экспарту ў Эўразьвяз, дык стане зразумела: амаль палову яго складаюць нафта й нафтапрадукты”.

(Глод: ) “Выбачайце, спадар Андрэй. Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў прааналізаваў сёлетнюю афіцыйную статыстыку й адзначае, што нафта й нафтапрадукты складаюць ужо больш за палову беларускага экспарту на Захад. Больш за палову!”

(Фёдараў: ) “Тым больш. Далей ідуць калійныя ўгнаеньні, драўніна й вырабы зь яе, металяпракат. Дык вось, калі перакачка таннай расейскай нафты на беларускія прадпрыемствы скончыцца, дык і гандаль з Захадам, адпаведна, істотна зьменшыцца. І гэтае становішча ня вельмі надзейнае. Канечне, добра, што Лукашэнка спрабуе прасунуць беларускія тавары на ўсе рынкі. Але ці атрымаецца гэта? Тут ёсьць пэўныя сумневы”.

(Глод: ) “Спадары экспэрты, як вы думаеце, ці можа Лукашэнка падобнымі сустрэчамі, заявамі, накачкамі, інструкцыямі дасягнуць сваёй дзьвюадзінай мэты?”

(Падгол: ) “Калі ўважліва пачытаць прамову спадара Лукашэнкі, дык бачна, што ён ставіць задачы ня толькі дыпляматам, але й кіраўнікам навуковых і прамысловых устаноў. Ён зазначае: калі мы прайграем вядомым усясьветным вытворцам у тэхналёгіях, – нам будзе вельмі дрэнна. Трэба так разумець: будзе дрэнна ягонай уладзе найперш. Лукашэнка пастанаўляе: нават на расейскі рынак трэба прасоўваць самыя перадавыя тэхналёгіі, бо Расея стварае паралельную вытворчасьць. Ён цудоўна разумее сваю пэрспэктыву: калі прайграюць навука й вытворчасьць, дык прайграе й кіраўнік дзяржавы. Для Лукашэнкі выжываньне цяпер – спаборніцтва з усясьветна вядомымі фірмамі. І ён адкрыта пра гэта гаворыць. І тут мы выходзім на старт новага этапу. Чым ён скончыцца? Паглядзім: перамогуць аўтарытарныя ці дэмакратычныя мэтады”.

(Глод: ) “Вось такі пераход ад экстэнсіўнай да інтэнсіўнай эканомікі, спадар Фёдараў, ён магчымы? І ён можа быць пасьпяховым?”

(Фёдараў: ) “Вельмі цяжка паверыць, што гэта адбудзецца. Бо без эканамічнай свабоды такое немагчыма. А даць эканамічную свабоду – гэта значыць абмежаваць сваю ўладу. Тое, як адбывалася ўсё дагэтуль, ніякім чынам ня сьведчыць пра такую гатовасьць”.

(Глод: ) “Дык выглядае, што нечага надзвычайна новага мы ўчора не пачулі. Лукашэнка фактычна разьвіў тыя ідэі, што былі публічна заяўлены яшчэ з 1999 году, – ідэі, якія ўжо ажыцьцяўляюцца. А чым усё гэта скончыцца –пабачым празь нейкі час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG