Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зацьверджаньне украінскага прэм’ера перанесенае на заўтра


Юры Сьвірко, Кіеў Плянаванае на сёньня зацьверджаньне прэм''ер-міністрам Украіны Віктара Януковіча не адбылося – Вярхоўная Рада перанесла яго на заўтра. Таксама заўтра адбудзецца прысяга сяброў Канстытуцыйнага суду Ўкраіны, чыя дзейнасьць спаралізаваная зь мінулага году з прычыны шматлікіх вакансіяў. Галоўнай падзеяй сёньняшняга дня ва Ўкраіне стала падпісаньне Унівэрсала нацыянальнай еднасьці. Праўда, паставіць подпіс пад ім адмовілася Юлія Цімашэнка, якая перайшла ў апазыцыю.

У тэксьце Ўнівэрсалу 27 пунктаў – яны тычацца розных сфэраў жыцьця, але самыя цікавыя пункты знаходзяцца ў канцы дакумэнту. 25-ы пункт гаворыць пра неабходнасьць супрацоўніцтва з Эўразьвязам, 26-ы – пра інтэграцыю ў адзіную эканамічную прастору з Расеяй і Беларусьсю, а 27-ы кажа пра неабходнасьць узаемавыгаднага супрацоўніцтва з НАТА.

Адным з галоўных момантаў, які выклікаў спрэчкі, быў пункт пра дзяржаўнасьць украінскай мовы. У выніку запісана, што ва Ўкраіне ёсьць адна дзяржаўная мова, аднак усім грамадзянам дзяржавы гарантуецца права карыстацца сваёй роднай мовай.

Тэкст падпісалі прадстаўнікі Кампартыі, сацыялістычнай партыі, блёку "Наша Ўкраіна", партыі рэгіёнаў, прэм''ер-міністар, сьпікер Вярхоўнай Рады і прэзыдэнт. Юліі Цімашэнцы дакумэнт на подпіс нават не прапаноўвалі, бо яна раней адмовілася гэта рабіць, назваўшы яго "актам капітуляцыі памаранчавых ідэалаў.

Пасьля падпісаньня Юлія Цімашэнка заявіла, што пераходзіць у жорсткую апазыцыю і, магчыма, будзе прэтэндаваць на вакансію кіраўніка Падліковай палаты Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG