Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разановіч заявіла, што адмаўляецца ад мэдычнай дапамогі


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Міхаіл Юхімук наведаў кватэру галадоўніцы Любові Разановіч. Прыйшлі на гэтую сустрэчу й іншыя ўдзельнікі масавай галадоўкі. У выніку гутаркі з чыноўнікам Любоў Разановіч заявіла, што ад сёньня адмаўляецца ад мэдычнай дапамогі.

Вось невялікі фрагмэнт гутаркі намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Міхаіла Юхімука з галадоўнікамі, які сьведчыць пра вынікі сустрэчы:

(Лаўруковіч: ) “Не, мы плаціць ня будзем! Плаціць нам няма чым”.

(Юхімук: ) “Я мог бы й не прыяжджаць. Мяне ніхто не змушаў ехаць і гаварыць”.

(Разановіч: ) “Я буду паміраць галоднай сьмерцю...”

Любоў Разановіч адмаўляецца ад мэдычнай дапамогі. Пайшлі ўжо трэція суткі, як яна ня п’е вады. Міхаіл Юхімук не камэнтуе сытуацыі. Ягоны памочнік, Вячаслаў Мятліцкі, таксама ўхіліўся ад наўпростага адказу на пытаньні нашага карэспандэнта.

(Мятліцкі: ) “Мы з вамі размаўлялі неаднаразова. На гэты момант вядзецца гутарка, і нічога сказаць дадаткова мы ня можам”.

Што заявілі аднаму з кіраўнікоў мясцовай “вэртыкалі” берасьцейскія галадоўнікі? Гаворыць Любоў Разановіч:

(Разановіч: ) “Гэты Мятліцкі... Ён жа хлусіць. Мільён разоў мы з Лаўруковічам былі ў яго. Я ў лякарні ляжу пад кропельніцамі. З падатковай інспэкцыі тэлефануюць: “Калі вы ня прыйдзеце, то вышлем нарад міліцыі”. Я кажу: “Прыяжджайце! Гарадзкая больніца, нэўралёгія, 12-я палата”. Паўгода ганяліся. Дзеці дрыжаць. “У кайданках маці забяром!”… Гэта хіба нармальна?”.

Гаворыць прадпрымальнік Віктар Чайкоўскі, які далучыўся да акцыі на папярэднім тыдні:

(Чайкоўскі: ) “Адна паездка ў маршрутцы каштуе 800 рублёў. У сярэднім за дзень яна перавозіць 100 пасажыраў. Каля 20 гадоў трэба Любові Разановіч перавозіць пасажыраў, каб заплаціць такія падаткі”.

Слова – Вячаславу Кухарчуку. Ён узначальвае Берасьцейскае аддзяленьне грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў і таксама ўдзельнічае ў галадоўцы:

(Кухарчук: ) “На такі крок, як галадоўка, каб выказаць пратэст, здольныя адзінкі. Гэта – першае. Па-другое, Указ прэзыдэнта №140 – несправядлівы. Бо заднім чыслом яго ўводзяць. Закон адваротнай сілы мець не павінен”.

Галадоўка ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. Цяпер у ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG