Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка і лідэры фракцыяў праводзяць "круглы стол"


Юры Сьвірко, Кіеў А 14-й гадзіне ў сакратарыяце прэзыдэнта Ўкраіны распачалося паседжаньне “круглага стала” пад кіраўніцтвам Віктара Юшчанкі, які ўначы абвясьціў, што сёньня адбудзецца падпісаньне Ўнівэрсалу нацыянальнага адзінства, праект якога быў узгоджаны пасьля працяглых кансультацыяў.

Аднак першы ж пасьля спадара Юшчанкі выступовец -- лідэр камуністаў Пятро Сіманенка -- заявіў, што падпіша гэты Ўнівэрсал толькі з агаворкамі. Такім чынам, зноў распачалася дыскусія. Хаця лідэр фракцыі сацыялістаў Васіль Цушко, які выступаў другім, ад імя сваёй партыі сказаў, што падпіша тэкст цалкам. Юлія Цімашэнка заявіла, што гэты дакумэнт створаны на ўмовах Партыі рэгіёнаў і ёсьць “актам палітычнай капітуляцыі памеранчавага лягеру”. Украінскія тэлеканалы вядуць жывы эфір паседжаньня круглага стала

Варта нагадаць, што гэты Ўнівэрсал меліся падпісаць яшчэ на мінулым тыдні, але ня здолелі. Экс-прэм''ер Юлія Цімашэнка, якая сёньня таксама сядзіць за круглым сталом, яшчэ тады заявіла, што тэкст ні ў якім разе не падпіша, бо гэты тэкст ніхто ня будзе выконваць. Учора, пасьля першай няўдачы з Унівэрсалам, прэзыдэнт Украіны заяўляў, што распачынае працэдуру роспуску Вярхоўнай Рады.

Дарэчы, хаця Юшчанка і прадставіў кандыдатуру свайго суперніка на прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Януковіча на пасаду прэм''ера, паводле Канстытуцыі прэзыдэнт яшчэ можа распусьціць Вярхоўную Раду, бо яна пакуль не сфармавала цалкам урад краіны. Плянуецца, што галасаваньне за міністраў адбудзецца заўтра, таму прынамсі сёньня спадар Юшчанка яшчэ можа распусьціць парлямэнт. Палітолягі кажуць, што такі варыянт мажлівы ў выпадку непадпісаньня Ўнівэрсалу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG