Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтары беларускіх палітыкаў да ўкраінскіх падзеяў


Радыё Свабода Сёньня а другой гадзіне начы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка паведаміў у жывым тэлеэфіры, што прыняў рашэньне ўнесьці кандыдатуру лідэра “Партыі рэгіёнаў” Віктара Януковіча на пасаду прэм''ер-міністра. Магчыма, мы сёньня маем унікальны шанец – пра тое, пра што мы казалі на Майдане,.. – як зьвесьці два берагі Дняпра да ўзаемаразуменьня, я маю на ўвазе ў палітычным сэнсе”, -- заявіў Юшчанка падчас тэлезвароту.

Цягам усяго дня і начы 2 жніўня ішлі напружаныя кансультацыі паміж Юшчанкам, Януковічам і сьпікерам Рады Аляксандрам Марозам. Напачатку паведамлялася, што прэзыдэнт гатовы пайсьці на роспуск парлямэнту, але выглядае, што Юшчанка гэтай пагрозай прымушаў сваіх апанэнтаў пайсьці на нейкія саступкі. Юшчанка аб’явіў, што сёньня павінен быць падпісаны “Унівэрсал нацыянальнай еднасьці” – гэта дакумэнт магчыма, дасьць адказ на пытаньне пра саступкі.

Беларускія палітыкі камэнтуюць рашэньне Прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі не распускаць Вярхоўную раду і ўнесьці кандыдатуру свайго галоўнага апанэнта Віктара Януковіча на пасаду прэм''ер-міністра

Як паведамляе БелаПАН, на думку лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, тое, што адбылося, з аднаго боку, зьяўляецца "сьведчаньнем дэмакратычных працэсаў у краіне", а з другога - "большая частка ўкраінцаў будзе расчараваная", таму што "аб''яўленыя ідэалы аранжавай рэвалюцыі адыходзяць на другі плян". Акрамя таго, зазначыў Вячорка, не абышлося без інтрыг і "пэўнага ўплыву звонку".

"Прэзыдэнт Украіны выказаў палітычную мудрасьць", - лічыць намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоль Красуцкі. Дэпутат перакананы, што рашэньне Юшчанкі стала "разумным кампрамісам". "Абодва бакі разумелі, што іншы крок прывядзе да далейшай эскаляцыі канфлікту і перагляду Канстытуцыі. Тыя, хто зараз гаворыць аб здрадзе Майдана, дзейнічаюць не ў інтарэсах краіны, а ў сваіх асабістых", - лічыць Красуцкі.

Юшчанка спрабуе злучыць два берагі Дняпра, але пакуль незразумела, які гэта будзе мець посьпех", - сказаў старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. "Згублена вельмі шмат часу і дынамікі. Нават у Беларусі стаміліся ад паслявыбарнай нявызначанасьці ва Украіне. Калі б асобныя сілы не спрабавалі ўсіх перайграць, можна было б атрымаць лепшы вынік", - лічыць А.Лябедзька. На думку палітыка, Юшчанка і яго каманда будуць імкнуцца зрабіць частку бізнес-каманды В.Януковіча "рэалізатарамі сваіх прыярытэтаў". Паўторныя ж выбары ў Вярхоўную раду наўрад ці зьмянілі б суадносіны сіл, перакананы лідэр АГП.

Парлямэнцкія выбары ва Украіне адбыліся 26 сакавіка. Партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча атрымала 32,14% галасоў, Блёк Юліі Цімашэнкі - 22,29%, прапрэзыдэнцкая "Наша Украіна" - 13,95%, Сацыялістычная партыя Украіны Аляксандра Мароза - 5,69%, Камуністычная партыя Украіны Пятра Сіманенкі - 3,66%. У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі палітычныя сілы, якія прайшлі ў Вярхоўную раду, утвораць парлямэнцкую большасьць, якая ўносіць прэзыдэнту кандыдатуру прэм''ер-міністра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG