Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Пракурор запатрабаваў даць актывістам ”Партнэрства” ад двух да трох гадоў пазбаўленьня волі (фота)


Любоў Лунёва, Менск Напрыканцы сёньняшняга паседжаньня пракурор Цэнтральнага раёну Андрэй Мігун зачытаў абвінавачваньне і папрасіў судзьдзю Леаніда Ясіновіча пакараць Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука й Аляксандра Шалайку двума гадамі пазбаўленьня волі. Для Міколы Астрэйкі пракурор запатравабаў тры гады пазбаўленьня волі.

Як паведамілі адвакаты, абвінаваўчыя даволі мужна выслухалі гэтае патрабаваньне.

Нягледзячы на моцны дождж, каля будынку суду сёньня зноў сабраліся сваякі й паплечнікі актывістаў “Партнэрства”. Сьведкі пасьля таго, як іх апыталі, выходзілі да натоўпу й распавядалі, што адбываецца ў судовай залі. Арыштаваныя Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук і Аляксандар Шалайка, калі адказвалі на пытаньні альбо пыталіся самі, уставалі – каб убачыць праз вакно людзей на вуліцы, што махалі ім рукамі.

Маці Міколы й Эніры, Яўгенія Астрэйка й Віялета Браніцкая, стаялі каля суду ад самай раніцы, пад парасонамі. Каб іх маглі бачыць дзеці, жанчыны змушаны былі стаць на прыступку на вуліцы Багдановіча. На вуліцы – інтэнсіўны аўтамабільны рух, лужыны, і кабет увесь час абпырсквалі вадой машыны.

Гаворыць Яўгенія Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Зноў мы стаім ля будынку суду… Дождж… Усе намоклі. У памяшканьне нас не пускаюць. Чакаем, што сёньня скажа пракурор. Можа, нешта добрае скажа. Але мала надзеі…Усё ж спадзяёмся…”

Ірына Казуліна прыйшла да суду, каб выказаць падтрымку сваякам арыштаваных актывістаў “Партнэрства”.

(Казуліна: ) “Прыйшла да суду, каб пабыць разам з бацькамі, з жонкамі актывістаў “Партнэрства”. Я добра разумею іх. Мабыць, больш за іншых… Я ведаю, як гэта, асабліва ў апошнія дні, калі перажываеш, калі ў цябе шмат рознай інфармацыі… І яшчэ ёсьць надзея, што ўсё скончыцца добра”.

Актывіст незарэгістраванага Маладога Фронту Зьміцер Хведарук зьявіўся да суду разам са сваімі партнэрамі з іншых моладзевых арганізацый. Ён паведаміў “Свабодзе”, што прыйшоў сюды прадэманстраваць салідарнасьць з арыштаванымі актывістамі “Партнэрства”.

Да абеду заслухалі паказаньні сьведак, а пасьля перапынку судзьдзя Леанід Ясіновіч зачытаў паказаньні тых, хто ня змог прыйсьці на суд. Ён выказаў просьбу да ўдзельнікаў працэсу падрыхтавацца да спрэчак.

Заўтра на судзе будзе апошняе слова арыштаваных і прамова іхніх абаронцаў.



На здымках -- маці Міколы Астрэйкі Яўгенія, сёньня каля будынку суду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG