Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль заяўляе, што будзе працягваць баявыя дзеяньні


Аляксей Дзікавіцкі, Прага На Блізкім усходзе працягваюцца баі – ізраільскае войска правяло рэйд углыб лібанскай тэрыторыі. Ізраіль заяўляе, што будзе працягваць баявыя дзеяньні да часу, пакуль у рэгіёне ня зьявяцца моцныя міжнародныя міратворчыя сілы.

48-гадзінны перапынак у авіяналётах, які Ізраіль абвясьціў каб даць цывільным лібанцам магчымасьць пакінуць памежныя тэрыторыі, скончыўся – уначы ізраільскія спэцназаўцы высадзіліся зь верталётаў у старажытным горадзе Бальбэк, захапілі пяцёх меркаваных ваяўнікоў групоўкі "Хэзбала" і вывезьлі іх у Ізраіль. "Хэзбала" абвяргае інфармацыю аб колькасьці захопленых.

Але незалежна ад гэтага, у часе рэйду у Бальбэк, што каля мяжы з Сырыяй, ізраільскія жаўнеры зайшлі найдалей углыб тэрыторыі Лібану за ўвесь час канфлікту, у выніку якога ўжо загінулі больш за 600 лібанцаў і каля 50 ізраільцаў.

Учора міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу, якія тэрмінова сустрэліся ў Брусэлі, каб абмеркаваць сытуацыю на Блізкім Усходзе, заклікалі неадкладна спыніць баявыя дзеяньні. Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс ізноў заявіла, што замірэньне можа быць дасягнутае цягам бліжэйшых дзён.

(Райс: ) “Калі мы насамрэч сур’ёзна падумаем над гэтым і зробім патрэбныя захады, замірэньне на гэтым тыдні цалкам магчымае. Мы несумненна гаворым пра дні, не пра тыдні, якія засталіся да часу спыненьня баявых дзеяньняў. Час скончыць гвалт”.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Эгуд Ольмэрт, аднак, заявіў сёньня, што ягоная краіна будзе працягваць вайну супраць "Хэзбалы" прынамсі да часу, пакуль у рэгіёне ня зьявіцца моцны кантынгент міжнародных міратворчых сілаў. Калі гэта здарыцца – невядома, бо абмеркаваньне пытаньня аб міратворчых сілах адбудзецца ў ААН заўтра.

Між тым ва ўсім сьвеце працягваецца абмеркаваньне хады і магчымых наступстваў канфлікту на Блізкім Усходзе. Газэта “New York Times” піша, што большасьць амэрыканцаў лічаць, што ізраільска-лібанскі канфлікт прывядзе “да больш маштабнай вайны” і амаль палова жыхароў ЗША кажуць, што Вашынгтон павінен пакінуць вырашэньне гэтай праблемы іншым.

Між тым былы дарадца прэзыдэнта ЗША Зьбігнеў Бжазінскі заявіў, што сытуацыя на Блізкім Усходзе – сур’ёзнае выпрабаваньне для амэрыканскай дыпляматыі, ад якога магчыма залежыць ці захавае Амэрыка здольнасьць да сусьветнага лідэрства. Паводле ягоных словаў варта зьвярнуць увагу на тое, што роля Ірану ў блізкаўсходнім урэгуляваньні будзе ўзрастаць і да гэтага трэба рыхтавацца.

Сёньня ж духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў у тэлебачаньні, што ягоная краіна стане побач зь Лібанам у змаганьні супраць Ізраілю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG