Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра геапалітычныя інтарэсы Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск На сёньняшняй нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой Аляксандар Лукашэнка заявіў пра геапалітычныя інтарэсы Беларусі, пра імкненьне да шматпалярнага сьвету. Стратэгічнымі саюзьнікамі Беларусі ён назваў Расею й Кітай ды заклікаў умацоўваць уласныя Ўзброеныя сілы й пазыцыі Беларусі ў Арганізацыі Дагавору аб Калектыўнай Бясьпецы.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з дыпляматамі й сябрамі ўраду ў Палацы Рэспублікі заклікаў павялічваць эканамічную прысутнасьць Беларусі ў сьвеце й параіў шукаць простыя рашэньні складаных праблем:

(Лукашэнка: ) “Мы павінны зыходзіць з таго, што рашэньне самых складаных пытаньняў у самым простым. Якім бы складаным ні было пытаньне, – рашэньне вельмі простае”.

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь ужо стала актыўным “суб’ектам міжнародных адносін”, прыкметнай і значнай дзяржавай, сур’ёзным канкурэнтам. “Іначай да нас не было б столькі ўвагі з боку звышдзяржавы – ЗША й іхных саюзьнікаў ды сатэлітаў”, – зазначыў спадар Лукашэнка. Паводле яго, Беларусьсю цікавяцца й іншыя цэнтры сілы: Кітай, Індыя, Расея. У Беларусі ж няма глябальных геапалітычных амбіцый, – падкрэсьліў А.Лукашэнка, але ёсьць геапалітычныя інтарэсы: разам са сваімі саюзьнікамі яна ўдзельнічае ў фармаваньні аднаго з усясьветных цэнтраў сілы, адстойвае шматпалярнасьць сьвету.

У якасьці новага цэнтру сілы й гаранту бясьпекі ў Эўропе Аляксандар Лукашэнка назваў Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы краін СНД. Ён таксама нагадаў: на Захадзе чутны выказваньні, што ад Беларусі зыходзіць пагроза нестабільнасьці ў рэгіёне. І адказаў на гэта загадам: умацоўваць уласныя Узброеныя Сілы й пазыцыі ў АДКБ.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка пагаджаецца, што Беларусь як сувэрэнная дзяржава мае свае геапалітычныя інтарэсы, згодна зь якімі й павінна абіраць сабе саюзьнікаў:

(Вячорка: ) “Я ведаю, як і шмат мільёнаў беларусаў, што мы належым да эўрапейскай, эўраатлянтычнай цывілізацыі, і гуляць у пабудову нейкіх штучных цэнтраў сілы разам з Уга Чавэсам, Фідэлем Кастра, іранскімі аяталамі й паўночнакарэйскім дыктатарам нам абсалютна не з рукі. Гэта гульня, якая скончыцца на заўтра ж пасьля адыходу Лукашэнкі ад улады, і нічога ня дасьць Беларусі ў эканамічным, культурным і абарончым сэнсе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG