Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная супольнасьць узмацняе высілкі па замірэньні ў Лібане


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што замірэньне на Блізкім Усходзе павінна быць дасягнутае на гэтым тыдні, каб спыніць крывавыя баі паміж ізраільскім войскам і ваеўнікамі "Хэзбалы", што працягваюцца ў рэгіёне ўжо тры тыдні. Гэтая заява, разам зь іншымі заклікамі спыніць баі, зьявілася пасьля таго, як у нядзелю ў мястэчку Кана ад ізраільскіх ракетаў загінулі 54 лібанцы, большасьць якіх – дзеці.

Гаворыцца, што гэта месца, дзе, паводле Бібліі, Ісус Хрыстос зьдзейсьніў цуд – ператварыў ваду ў віно. Аднак у мінулую нядзелю Кана сталася арэнай найбольш крывавага бамбаваньня за ўсю гісторыю трохтыднёвага ізраільскага наступу на пазыцыі "Хэзбалы".

Прынамсі 54 чалавекі, большасьць зь якіх – дзеці, загінулі, калі ізраільская бомба трапіла ў будынак, дзе яны хаваліся.

Тэлеканалы ва ўсім сьвеце паказалі шакіруючыя кадры, на якіх двое мужчынаў несьлі на руках сваіх забітых дзяцей.

Ізраіль заявіў, што шкадуе аб “гэтым трагічным інцыдэнце”, пагадзіўся спыніць авіяўдары на 48 гадзінаў і даць суткі цывільным жыхарам на тое, каб тыя маглі пакінуць рэгіён. Ізраільскі бок падкрэсьліў таксама, што адказнасьць за ахвяры нясе таксама "Хэзбала", чые ваеўнікі выстрэльваюць ракеты па Ізраілі з тэрыторыі мірных паселішчаў.

Ракетны ўдар у Кане, аднак, выклікаў шок у Лібане і за межамі краіны. Бамбаваньне асудзіла Рада Бясьпекі ААН.

(Дэ ля Саблірэ: ) “Рада бясьпекі ААН заяўляе аб надзвычайным шоку і шкадаваньні, якія выклікала бамбаваньне ізраільскімі сіламі мястэчка Кана ў паўднёвым Лібане, у выніку якога загінулі дзесяткі мірных жыхароў, пераважна дзяцей, а шмат іншых былі параненыя”.

У заяве няма закліку да тэрміновага замірэньня, як хацеў генэральны сакратар ААН Кофі Анан, бо супраць такой фармулёўкі выступілі ЗША. Тым ня менш, трагедыя ў Кане ўзмацніла ўціск у справе спыненьня вайсковых дзеяньняў.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, пакідаючы Ізраіль, заявіла, што аптымістычна глядзіць на магчымасьць замірэньня:

(Райс: ) “Вяртаючыся ў Вашынгтон, я вязу з сабой разуменьне, якое зьяўляецца ў справе таго, што патрэбна, каб дасягнуць хуткага замірэньня і працяглага міру. Я ўпэўненая, што мы можам дасягнуць гэтых дзьвюх мэтаў на гэтым тыдні”.

Паводле словаў спадарыні Райс, ЗША зьвернуцца да Рады Бясьпекі ААН з прапановай дзейнічаць паводле пляну, які складаецца з трох частак: замірэньне, пагадненьне ў справе палітычных прынцыпаў працяглага міру і стварэньне міжнародных сілаў, якія дапамагалі б лібанскай арміі падтрымліваць мір.

Аднак усяго празь некалькі гадзінаў пасьля адлёту Кандалізы Райс з Ізраілю, міністар абароны гэтай краіны Амір Пэрэс заявіў, што неадкладнае замірэньне было б на карысьць "Хэзбалы", таму ізраільскія сілы будуць пашыраць і ўзмацняць наступ на ваяўнікоў групоўкі ў Лібане.


Працаўнік "Чырвонага крыжа" нясе на руках дзіця, параненае падчас ізраільскага бамбаваньня ў Кане, 30 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG