Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцыяў на беларускія падзеі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Замежныя палітыкі і прэса – пра падзеі ў Беларусі.

Міжнародная прэса камэнтавала замежнае турнэ прэзыдэнта Вэнэсуэлы Ўга Чавэса, якое пралягала і праз Беларусь. Амэрыканскае выданьне “The Wall Street Journal” адзначыла, што “Чавэс пахваліў аўтарытарнае кіраваньне прэзыдэнта Лукашэнкі і паабяцаў знайсьці шляхі пашырэньня гандлёвых сувязяў паміж дзьвюма краінамі”. Газэта таксама падкрэсьліла, што “мэта ўсясьветнага турнэ вэнэсуэльскага лідэра – назьбіраць хаўрусьнікаў дзеля геапалітычнай супрацьвагі ЗША”.

Брытанская “"Financial Times" лічыць, што “вось зла” пераўтвараецца ў “кола антаганізму”, і што маршрут Чавэса, які ахоплівае Беларусь, Іран, Віетнам і Малі, часткова скіраваны на тое, каб павялічыць шанцы Вэнэсуэлы атрымаць месца ў Радзе Бясьпекі ААН.

Расейская “Новая газета” напісала, што яднаюцца два прэзыдэнты на пазыцыі антыамэрыканізму: “Яны па-сапраўднаму пасябравалі за гэтыя два дні – Ўга і Аляксандар. Высьветлілася, што ў іх шалёна шмат агульнага. І гэта ня толькі адсутнасьць шанцаў быць дапушчанымі нават на парог прыстойных дамоў. Ня толькі чорная фарба, якой зафарбоўваюць абедзьве дзяржавы на мапе сьвету. Ня толькі анэкдоты. Галоўная сіла, якая іх яднае, – гэта лютая нянавісьць да Амэрыкі і шчырая перакананасьць у тым, што калі б не было Штатаў, дык і праблемаў у абодвух ізгояў не было б зусім”.

*** На гэтым тыдні ў Менску распачаўся закрыты працэс над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколам Астрэйкам, Энірай Браніцкай, Цімохам Дранчуком і Аляксандрам Шалайкам. За працэсам сочаць заходнія дыпляматы, якія ўчора прыйшлі да будынку суду Цэнтральнага раёну Менску, каб прадэманстраваць пазыцыю сваіх краінаў. Гаворыць амбасадар Вялікай Брытаніі ў Менску Браян Бэнэт.

(Бэнэт: ) “Мы тут, каб паказаць, што мы пільна сочым за гэтым працэсам, і каб прадэманстраваць нашу падтрымку дэмакратычным пераўтварэньням у краіне. А таксама каб паказаць уладам, што мы занепакоеныя разьвіцьцём сытуацыі і тым, як яны ставяцца да актывістаў “Партнэрства”, у прыватнасьці. Мы хацелі б бачыць на волі ўсіх, хто тут абараняе дэмакратычныя прынцыпы, і патрабуем іхнага вызваленьня з турмаў”.

Латвія выказала пратэст супраць ператрусу ў кватэры яе дыплямата ў Менску, які правялі ўначы 25 ліпеня прадстаўнікі сілавых структураў Беларусі. Прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі Аціс Лотс адзначыў, што было парушана міжнароднае права:

(Лотс: ) “Адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак. Хачу нагадаць, што жыльлё дыплямата знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй дзяржавы знаходжаньня, і дыплямат, а таксама ягонае жыльлё, карыстаецца ўсімі прывілеямі ды імунітэтам, як прадугледжана Канвэнцыяй пра дыпляматычныя стасункі 1961 году”.

Міністар замежных справаў Латвіі Арціс Пабрыкс заявіў, што “гэта быў ня толькі напад на дыплямата, але й на Латвію”. Паводле міністра, “гэта, відавочна, паўплывае на думку Эўразьвязу й дыскусію па Беларусі”.

***

На гэтым тыдні завяршыў дыпляматычную місію ў Менску амбасадар ЗША Джордж Крол. Ён пакінуў Беларусь. На разьвітаньне ў эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода спадар Крол сказаў:

(Крол: ) “Жадаю ўсім беларусам свабоды й мірнага жыцьця. Каб грамадзяне краіны не сядзелі ў турмах за свае палітычныя ці рэлігійныя погляды. І ўсіх беларусаў, якія цяпер сядзяць у турме, трэба вызваліць. Я жадаю ўсім беларусам міру й лепшай будучыні ў дэмакратычнай і свабоднай краіне, як тое й належыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG