Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт на Блізкім Усходзе: чаму далёка да замірэньня?


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Баі паміж ізраільскім войскам і ваеўнікамі групоўкі “Хэзбала” цягнуцца ўжо больш як два тыдні – дзясяткі людзей забітыя, разбураныя сотні дамоў, зьявілася шмат уцекачоў. Аднак, нягледзячы на заклікі лідэраў вядучых дзяржаваў сьвету, міжнародных арганізацыяў, хуткае замірэньне выглядае малапраўдападобным. Чаму бакі дагэтуль ня могуць спыніць баявых дзеяньняў?

Крызіс на Блізкім Усходзе – галоўная тэма сёньняшніх перамоваў прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра ў Вашынгтоне. Дагэтуль брытанскі лідэр падтрымліваў амэрыканскую пазыцыю, якая палягае ў тым, што Вашынгтон хоча не “фальшывага, часовага міру”, а доўгатэрміновай стабільнасьці. Іншымі словамі, нэўтралізацыі здольнасьці “Хэзбалы” атакаваць Ізраіль.

Брытанцы крытыкуюць Блэра, патрабуючы спыніць падтрымку Вашынгтону і заклікаць абодва бакі канфлікту да неадкладнага замірэньня. Аднак заклікі не гарантуюць хуткага спыненьня агню. Пакуль, прынамсі, не выглядае на тое, каб Ізраіль і “Хэзбала” імкнуліся да замірэньня.

(Насрала: ) “Мы будзем працягваць наступ, і я хачу заявіць, што ізраільскі вораг вымусіў нас пашырыць нашыя вайсковыя дзеяньні ня толькі на Хайфу, але й іншыя тэрыторыі”,

– заявіў Хасан Насрала, лідэр “Хэзбалы”.

У гэты ж час ізраільскі бок таксама заяўляе пра тое, што ня мае намеру спыніць баявыя дзеяньні супраць “Хэзбалы”. Вось што сказаў прэм’ер-міністар Ізраілю Эхуд Ольмэрт:

(Ольмэрт: ) “Ізраіль настроены рашуча, каб працягваць змаганьне супраць “Хэзбалы”. Мы да іх дойдзем, спынім іх і ня будзем вагацца, каб ужыць найбольш жорсткія меры супраць тых, хто абстрэльвае невінаватых цывільных жыхароў сотнямі ракет з адной мэтай – забіць іх. Гэта рэч, да якой мы ня будзем ставіцца талерантна”.

Шмат экспэртаў кажуць, што замірэньня нельга дасягнуць безь перамоваў з Сырыяй і Іранам – краінамі, якія найбольш падтрымліваюць “Хэзбалу”. Але Тэгеран перамоваў з ЗША весьці ня хоча, Дамаск жа, магчыма, і вёў бы такія перамовы, але тут ужо размаўляць ня хоча Вашынгтон, які лічыць Сырыю спонсарам тэрарыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG