Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Латвіі расьсьледуе інцыдэнт зь ператрусам у кватэры дыплямата


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства замежных спраў Латвіі накіравала ў Менск свайго прадстаўніка, які мусіць прыбыць сёньня ўвечары й правесьці расьсьледаваньне інцыдэнту зь ператрусам, учыненым прадстаўнікамі сілавых структураў Беларусі ў кватэры латвійскага дыплямата.

25 ліпеня а 3 гадзіне ночы група прадстаўнікоў сілавых структураў Беларусі ўварвалася ў кватэру другога сакратара латвійскай амбасады ў Менску й зрабіла там ператрус. Падчас гэтай апэрацыі былі забраныя некаторыя асабістыя рэчы дыплямата, сярод якіх і відэакасэты. Прозьвішча дыплямата латвійскі бок не называе. Прэсавы сакратар МЗС Латвіі Аціс Лотс заявіў:

(Лотс: ) “Адбыўся такі беспрэцэдэнтны выпадак. Хачу нагадаць, што жыльлё дыплямата знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй дзяржавы знаходжаньня, і дыплямат, а таксама ягонае жыльлё, карыстаецца ўсімі прывілеямі ды імунітэтам, як прадугледжана Канвэнцыяй пра дыпляматычныя стасункі 1961 году”.

У сувязі зь інцыдэнтам у МЗС Латвіі быў запрошаны прадстаўнік пасольства Беларусі ў Рызе, дарадца амбасады Валеры Доўгань. Дзяржсакратар МЗС Латвіі ўручыў яму ноту з патрабаваньнем тлумачэньняў. Беларускі бок паабяцаў разабрацца.

(Лотс: ) “Мы накіравалі ў Менск супрацоўніка Міністэрства замежных спраў, які на месцы больш падрабязна азнаёміцца з тым, што адбылося, пагутарыць з дыпляматам, і мы ўдакладнім сьпіс забраных рэчаў. Мы пакуль афіцыйных тлумачэньняў на гэты конт не атрымоўвалі”.

Паводле спадара Лотса, знаходжаньне дыплямата на тэрыторыі Беларусі не выклікае ніякіх сумневаў. Ён таксама паведаміў, што дыплямат, кватэра якога была абшуканая, знаходзіцца на волі, а ў выпадку яго затрыманьня сытуацыя выглядала б яшчэ больш абсурднай.

Начальнік Упраўленьня інфармацыі беларускага Міністэрства ўнутраных спраў Кацярына Самусенкава-Шэлегава заявіла, што на кватэры дыплямата быў ня вобыск, але агляд з санкцыі пракурора, бо, відаць, былі перадумовы для такіх дзеяньняў.

(Самусенкава: ) “Я думаю, што тут усё ж крыху ўтрыравана. Усё ж ніхто туды не ўрываўся. Як толькі супрацоўнікі міліцыі даведаліся, што гэта дыпляматычны супрацоўнік, усе дзеяньні былі спынены. Усё было на законных падставах”.

Якія рэчы забралі міліцыянты, у прэсавай службе МУС не патлумачылі і параілі зьвяртацца ў Міністэрства замежных спраў. Прэсавы сакратар Міністэрства Андрэй Папоў заявіў:

(Папоў: ) “Мы цяпер вывучаем гэтыя ўсе абставіны. І, напэўна, сваім часам латвійскаму боку па дыпляматычных каналах мы наш адказ накіруем”.

Міністар замежных спраў Латвіі Арціс Пабрыкс заявіў: “Гэта быў ня толькі напад на дыплямата, але й на нашу краіну”. Паводле спадара Пабрыкса, “гэта, пэўна, паўплывае на думку Эўразьвязу й дыскусію па Беларусі”. Латвійскі міністар замежных спраў таксама падкрэсьліў, што прадстаўнікі беларускіх уладаў, якія ўварваліся ў кватэру дыплямата, ніяк не абгрунтоўвалі прычынаў ператрусу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG