Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга Чавэс: “Беларусь і Вэнэсуэла вымушаныя трымаць руку на клінку”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня перад адлётам у Расею Уга Чавэс разам з Аляксандрам Лукашэнкам наведаў Вайсковую акадэмію Беларусі. Там прайшлі ўрачыстасьці з нагоды чарговага дня нараджэньня лідэра вызвольнага руху ў Паўднёвай Амэрыцы Сымона Балівара. На іх з прамовамі выступілі лідэры абедзьвюх краін. Сярод іншага прэзыдэнт Вэнэсуэлы заявіў пра абмеркаваныя пляны вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс у сваім паўгадзінным выступе шмат разоў называў Аляксандра Лукашэнку сябрам і “дарагім таварышам прэзыдэнтам”, заклікаючы яго актыўна супраціўляцца “штучнай і фальшывай дэмакратыі, якая ёсьць дыктатурай эліты й транснацыянальных алігархаў”. Уга Чавэс урачыста падкрэсьліў, што цягам двух дзён 24 – 25 ліпеня ўдалося стварыць “сапраўдны стратэгічны альянс паміж Беларусьсю й Вэнэсуэлай”, што стасункі паміж краінамі будуць ажыцьцяўляцца праз розныя мэханізмы, у тым ліку праз вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

(Чавэс: ) “Таму што абедзьве краіны змушаныя трымаць руку на клінку. Нават, магчыма, дзьве рукі. Нам жыцьцёва важна захаваць нашую радзіму й супрацьстаяць любой унутранай і вонкавай пагрозе, спробе пакончыць з нашымі нацыянальнымі праектамі, якія непакояць імпэрыялізм”.

Уга Чавэс запэўніў, што Беларусь і Вэнэсуэла заклалі пакт аб альянсе, і заклікаў да шчыльнейшай лучнасьці арміяў і народаў дзьвюх краін.

Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе пацьвердзіў: дзеля справы адстойваньня шматпалярнасьці сьвету ён гатовы аб’яднаць з кіраўніцтвам Вэнэсуэлы намаганьні ў супраціве замежнаму ціску, у тым ліку ў галіне калектыўнай бясьпекі й абароны:

(Лукашэнка: ) “Нам настойліва спрабуюць накінуць чужыя ідэалёгію й мараль, псэўдаэканамічныя рэформы, якія вядуць да зьбядненьня большасьці народу дзеля звышпрыбыткаў кучкі таўстасумаў. Калі ж народ кажа такім добразычліўцам “не”, то краіну вінавацяць у адсутнасьці дэмакратыі й парушэньні правоў чалавека”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што права на самастойны выбар народу будзе бараніць усімі дасягальнымі сродкамі. Супрацоўніцтва Беларусі з Вэнэсуэлай ён ацаніў як доўгатэрміновае й шматбаковае партнэрства, а палітычныя пераўтварэньні ў Вэнэсуэле й Беларусі назваў падобнымі.

Пасьля агляду ўзораў беларускай вайсковай тэхнікі Уга Чавэс накіраваўся ў Расею, дзе яго чакае падпісаньне мільярдных кантрактаў на пастаўку расейскай зброі.

* * * Прэзыдэнту Вэнэсуэлы Уга Чавэсу 51 год. Ён паходзіць з індыянаў, кар’еру пачаў як вайсковец, на пачатку 1990-х гадоў кіраваў няўдалай спробай вайсковага перавароту, за што два гады адбыў у турме. Пасьля амністыі, на прэзыдэнцкіх выбарах 1998 году, Чавэс атрымаў 56 адсоткаў галасоў падтрымкі. У 2002 годзе няўзброеныя групы вэнэсуэльцаў, не задаволеных усталяваным кіраваньнем, адхілілі Чавэса ад улады. Аднак пазьней Чавэсу ўдалося вярнуцца ў прэзыдэнцкі палац. Чавэс праводзіць адкрытую антыамэрыканскую палітыку. На Захадзе яго ўспрымаюць як папуліста й дыктатара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG