Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс наведала Лібан


Тацяна Поклад, Прага Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс бяз папярэдняга абвяшчэньня, прыбыла сёньня ў Лібан і далей мае наведаць Ізраіль. Мэта нечаканага візіту – перамовы пра магчымасьці вырашэньня канфлікту Ізраілю з ўзброеннай групоўкай “Хэзбала”. У выніку гэтага канфлікту загінула ўжо больш за 400 чалавек, 500 000 былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Паводле Кандалізы Райс, ЗША лічаць, што “неадкладнае” спыненьне агню неабходна, але гэта ня можа быць дасягнута, пакуль няма належных умоваў. Вашынгтон супраць таго, каб вымусіць Ізраіль да неадкладнага перамір’я, ня гледзячы на тое, што павялічваецца колькасьць ахвяраў з ліку мірных жыхароў.

Калі Кандаліза Райс прыбыла на верталёце ў Бэйрут, ракетныя удары працягваліся па абодва бакі ізраільска-лібанскай мяжы. І таксама на поўдні адбываліся Лібану цяжкія баі за горад Бінт Жбайл, -- ёсьць зьвесткі, што там знаходзіцца база “Хэзбалы”. Візіт дзяржсакратара ЗША чакаўся зь нецярплівасьцю. Прадстаўнік ААН Ян Эгеланд, каардынатар па гуманітарным апэрацыям, у нядзелю пасьля паездкі па ваколіцах на поўдні Бэйруту, гаварыў пра гуманітарную катастрофу ў рэгіёне і заклікаў да неадкладнага спыненьня агню.

Але, адрозна ад сваіх эўрапейскіх калегаў, Кандаліза Райс ізноў і ізноў паўтарае, што ЗША не хацелі б перамір’я любым коштам, асабліва калі гэта – часовае рашэньне.

ЗША выступаюць за поўнае вырашэньне канфлікту, якое б дало упэўненасьць, што “Хэзбала” больш ня здолее накіроўваць свае ракеты на Ізраіль з паўдзённага Лібану.

Ізраіль заяўляе, што мае падобныя памкненьні. Афіцыйныя прадстаўнікі Ізраілю, у тым ліку міністар замежных справаў Цыпі Лівні, заявілі ў нядзелю, ўчора, што Ізраіль гатовы прыняць і такую магчымасьць – замежныя войскі на паўдзённай мяжы Лібану, магчыма войскі НАТО альбо Эўразьвязу.

Так што тут заўважныя зьмены ў ізраільскай палітыцы і гэта, без сумневаў, будзе таксама адной з тэмаў, якія будзе абмяркоўваць Кандаліза Райс цягам яе візіту.

Многія аналітыкі адзначалі, што адна з прычынаў, чаму Кандаліза Райс гэтак доўга адкладала свой візіт ў рэгіён – жаданьне даць Ізраілю больш часу, каб зламіць “Хэзбалу”.

Але дасюль гэтага не здарылася.У мінулую суботу на Ізраіль абрынулася рэкордная колькасьць ракетных удараў -- каля 160 ракетаў -- на знак таго, што шыіцкія ваяўнікі працягваюць весьці вайсковыя апэрацыі напоўніцу.

Кандаліза Райс мае складаную задачу. Адміністрацыя Буша, як адзначаюць аналітыкі, мае унікальню магчымасьц цяпер аслабіць “Хэзбалу” і тых, хто яе падтрымлівае з Ірану і Сырыі. Аднак расьце колькасьць ахвяраў зь ліку цывільных жыхароў – і Вашынгтон са сваёй пазыцыяй апынаецца ва ўсё большай ізаляцыі.

Тым часам, як адзначае палітоляг Эфраім Інбар, прафэсар Унівэрсітэту Бар-Ілан ў Тэль-Авіве, -- пакуль якім-небудзь чынам “Хэзбалу” ня вымусяць спыніць ракетныя удары супраць Ізраілю, Ізраіль не складзе зброі, нават пры умове ціску і з боку Вашынгтону.

Нядаўна адбылася сустрэча высокіх прадстаўнікоў Сырыі і Саудаўскай Арабіі з прадстаўнікамі Белага Дому, у тым ліку і з Кандалізай Райс.

Паводле вынікаў гэтай сустрэчы, падобна, што ключ да вырашэньня канфлікту мае Сырыя. Калі Сырыю можна будзе пераканаць адмовіцца ад хаўрусу з Іранам, паводле лідэраў арабскіх краінаў, “Хэзбала” будзе нэўтралізаваная і канфлікт з Ізраілем будзе вырашаны. Кандаліза Райс дала зразумець што ЗША будуць ўлічваць гэтую магчымасьць, але рэалізаваць яе ня будзе лёгка. Але, тым ня мяней, як Кандаліза Райс нагадала журналістам, Вашынгтон падтрымлівае дачыненьні з Дамаскам, ў тым часе як з Тэгеранам -- не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG