Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прылёт Уга Чавэса зноў адкладзены, яго чакаюць у нядзелю ўвечары


Радыё Свабода, Менск Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс другі раз за суткі адтэрмінаваў свой прылёт у Менск. Спачатку меркавалася, што ягоны самалёт прыбудзе ў суботу ўвечары, пазьней прылёт быў перанесены на раніцу нядзелі, цяпер жа лідэра Вэнэсуэлы чакаюць увечары ў нядзелю. У МЗС Беларусі тлумачаць адтэрміноўкі тэхнічнымі і арганізацыйнымі прычынамі, выкліканымі тым, што спадар Чавэс знаходзіцца ў вялікім міжнародным турнэ.

Трохдзённы афіцыйны візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў Менск, анансаваны беларускім МЗС, фактычна будзе доўжыцца крыху больш за суткі. Сустрэча Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі перанесеная на панядзелак, як і наведваньне мэмарыяльнага комплексу “Лінія Сталіна”. У аўторак раніцай пасьля сустрэчы ў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь Уга Чавэс адляціць у Маскву, дзе ён мае падпісаць буйны кантракт на пастаўку расейскай зброі.

У сувязі са скарачэньнем часу знаходжаньня Уга Чавэса ў Беларусі з праграмы ягонага візыту выкрасьлілі наведваньне Музэю Вялікай Айчыннай вайны і брыгады ўнутраных войск МУС Беларусі. Так што з палкоўнікам Дзьмітрыем Паўлічэнкам Уга Чавэс хутчэй за ўсё не сустрэнецца.

Зьмест перамоваў Уга Чавэса ў Менску прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў акрэсьліў наступным чынам:

(Папоў: ) “У ходзе беларуска-вэнэсуэльскай сустрэчы на вышэйшым узроўні мяркуецца абгаварыць ключавыя пытаньні міжнароднага жыцьця, пытаньні ўзаемадзеяньня дзьвюх краін у ААН, Руху недалучэньня, разьвіцьцё двухбаковага супрацоўніцтва па самым шырокім спэктры накірункаў”.

Адзін з лідэраў беларускай апазыцыі Вінцук Вячорка мяркуе, што шчыльныя кантакты з лідэрам Вэнэсуэлы супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі:

(Вячорка: ) “Можна толькі парадавацца за Аляксандра Рыгоравіча, які знайшоў сабе сябра, што разумее яго з паўслова. Думаю, што гэта ў пэўным сэнсе карысны знак для міжнароднай супольнасьці, таму што рэпутацыя абодвух адназначная… У нацыянальных інтарэсах Беларусі – вярнуць у краіну дэмакратыю, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары і вярнуцца ў міжнародную супольнасьць. А з Лукашэнкам і Чавэсам гэта немагчыма”.

Спадар Вячорка перакананы, што ў міжнароднай супольнасьці будзе меней ілюзій, калі такія фігуры як Лукашэнка і Чавэс стануць сябрамі.

Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандр Вайтовіч галоўнай прычынай разгортваньня адносін Беларусі з яшчэ адным замежным лідэрам, якога на Захадзе лічаць дыктатарам, – назваў міжнародную ізаляцыю Аляксандра Лукашэнкі:

(Вайтовіч: ) “Спадар Лукашэнка не мае магчымасьці выехаць у шмат якія краіны: у краіны Эўразьвязу, Паўночнай Амэрыкі. Таму, каб прадэманстраваць нашым грамадзянам, што ў Беларусі ёсьць быццам бы шырокія міжнародныя сувязі, ён пайшоў на тое, каб сустрэцца з Чавэсам, хаця для Беларусі не мае ніякай карысьці гэтая сустрэча”.

Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што Лукашэнка і Чавэс – палітыкі падобнага складу, аднак у Вэнэсуэла ў адрозьненьне ад Беларусі багатая на нафту, таму можа адчуваць сябе ў сьвеце больш разьняволена. Беларуская ж эканоміка іншая, яна вымагае больш адкрытага і вытрыманага тыпу замежнай палітыкі.

---------------------------------------------------------------------------------------------

Наша даведка:

Прэзыдэнту Венэсуэлы Уга Чавэсу 51 год. Ён паходзіць зь індзейцаў, кар’еру пачаў як вайсковец, на пачатку 1990-х гадоў кіраваў няўдалай спробай вайсковага перавароту, за што два гады адбыў у турме. Пасьля амністыі на прэзыдэнцкіх выбарах 1998 года ён атрымаў 56 адсоткаў галасоў. У 2002 годзе няўзброеныя натоўпы грамадзян, незадаволеных ягоным кіраваньнем, адхілілі яго ад улады. Але празь нейкі час яму ўдалося вярнуцца ў прэзыдэнцкі палац. Уга Чавэс праводзіць адкрытую антыамэрыканскую палітыку. На Захадзе яго ўспрымаюць як папуліста і дыктатара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG