Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга Чавэс наведае ў Беларусі вайсковыя і вайскова-гістарычныя аб’екты


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Менск павінен быў прыляцець прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс, аднак, як паведамілі ў МЗС Беларусі, ягоны прыезд адкладваецца прынамсі да заўтрашняй раніцы. Заплянавана, што Уга Чавэс прыедзе ў Беларусь з двухдзённым афіцыйным візытам. Ён правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і наведае шэраг аб’ектаў. Гэта – першы візыт лідэра лацінаамэрыканскай краіны ў Рэспубліку Беларусь.

Толькі напярэдадні прыезду Уга Чавэса ў Менск была апублікаваныя праграма ягонага знаходжаньня ў Беларусі. Пасьля афіцыйных перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам адзін на адзін і ў пашыраным складзе лідэр Вэнэсуэлы наведае амаль выключна вайсковыя і вайскова-гістарычныя аб’екты: музэй Вялікай Айчыннай вайны, мэмарыяльны комплекс “Лінія Сталіна”, Вайсковую акадэмію Рэспублікі Беларусь, вайсковую частку 3214 Унутраных войск. Вэнэсуэла зараз актыўна пераўзбройваецца, толькі ў Расеі яна вырашыла купіць некалькі дзясяткаў баявых самалётаў на мільярд даляраў. Ці будуць перамовы на тэму закупкі зброі і вайсковага абсталяваньня ў Беларусі, афіцыйна не паведамляецца.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што будуць абмяркоўвацца ключавыя міжнародныя праблемы, пытаньні пашырэньня супрацоўніцтва дзьвюх краін у ААН і Руху недалучэньня, двухбаковага гандлю. Аднак падпісаньне нейкіх дамоваў ці пагадненьняў пад час візыту не чакаецца,– зазначыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

(Папоў: ) “На дадзены момант мы лічым мэтазгодным пакуль што шырока не камэнтаваць нейкія нашы чаканьні адносна дадзенага візыту, перш за ўсё з пункту гледжаньня меркаваньняў, што гэта першы візыт такога кшталту, такога ўзроўню”.

Андрэй Папоў запэўніў, што ў перамовах беларускага і вэнэсуэльскага лідэраў ня будзе нейкіх канфрантацыйных нотак адносна ЗША ці нейкіх іншых трэціх краін.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол таксама ня бачыць магчымасьці стварэньня нейкай антыамэрыканскай кааліцыі ў складзе Вэнэсуэлы, Беларусі, Кубы і іншых краін, тут падставы для клопату Злучаных Штатаў іншыя.

(Крол: ) “Вэнэсуэла – багатая нафтай краіна, і калі яна хоча выкарыстоўваць гэтае багацьце, каб фінансаваць антыамэрыканскія ці тэрарыстычныя рухі альбо правакаваць сутыкненьні ў іншых краінах Паўднёвай Амэрыкі, – гэта непакоіць ЗША як пагроза”.

Вэнэсуэла залежыць ад продажу сваёй нафты ЗША, фактычна, яна трымае 30 адсоткаў нафтавага рынку ЗША. Вэнэсуэльская нафта, занадта багатая серай, можа перапрацоўвацца толькі на амэрыканскіх НПЗ.

Беларуска-вэнэсуэльскія гандлёвыя адносіны вельмі сьціплыя, за кошт экспарту беларускага калію двухбаковы таваразварот летась складаў 15,6 мільёна даляраў. Сёлета Беларусь нічога не экспартавала ў Вэнэсуэлу. Пастаўкі тавараў з Вэнэсуэлы ў Беларусь за першае паўгодзьдзе гэтага года склалі 6 тысяч даляраў.

Прэзыдэнту Венэсуэлы Уга Чавэсу 51 год. Ён паходзіць зь індзейцаў, кар’еру пачаў як вайсковец, на пачатку 1990-х гадоў кіраваў няўдалай спробай вайсковага перавароту, за што два гады адбыў у турме. Пасьля амністыі на прэзыдэнцкіх выбарах 1998 года ён атрымаў 56 адсоткаў галасоў. У 2002 годзе няўзброеныя натоўпы грамадзян, незадаволеных ягоным кіраваньнем, адхілілі яго ад улады. Але празь нейкі час яму ўдалося вярнуцца ў прэзыдэнцкі палац. Уга Чавэс праводзіць адкрытую антыамэрыканскую палітыку. На Захадзе яго ўспрымаюць як папуліста і дыктатара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG