Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: першыя націскі на незалежную прэсу


Іна Студзінская, Менск Пры канцы 1980-х у Беларусі пачалі зьяўляцца недзяржаўныя газэты, якія рабілі першыя свае крокі ў вельмі няпростых умовах. Ступень свабоды прэсы ў першыя гады сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі вывучала нашая карэспандэнтка.

Самым першым недзяржаўным выданьнем можна лічыць “Навіны БНФ”, якія выйшлі ў 1988 годзе і друкаваліся ў суседняй Літве. У рэдкалегію ўваходзілі Сяргей Дубавец, Алесь Суша, Ірына Лазоўская, Алесь Бяляцкі. Расказвае адзін з выдаўцоў Павал Жук:

(Жук: ) “Куплялі паперу тут з-пад крыса і вазілі спачатку ў Вільню. Там стаяў такі задрыпаны “рэмаёр”. Мяжы тады яшчэ не было, але міліцыя ўжо сачыла. Потым вазілі друкаваць у Ігналіну, потым у Латвію, нават Эстонію. Тут гэта было проста немагчыма. Для нас гэта была проста рэвалюцыйная дзейнасьць – тут няможна, а мы робім усё роўна... Гэта былі такія рамантычныя і прыгожыя часы”.

У 1990-м зьявіліся “Биржи и банки”, “Белорусский рынок”, “Свободныя новости”, “Свабода”... Як грыбы пасьля дажджу, пачалі стварацца недзяржаўныя выданьні і ў рэгіёнах. Праўда, спачатку “Свабода”, да прыкладу, друкавалася ў Латвіі, потым у Эстоніі. А з 1991 году недзяржаўныя выданьні друкаваліся ўжо ў Беларусі. Пачаўся нядоўгі пэрыяд, так бы мовіць, разгулу дэмакратыі. У дні путчу, у жніўні 1991 году, у Магілёўскай друкарні быў выпушчаны нумар “Свабоды” пад лёзунгам “Путч ня пройдзе”, які потым раздавалі на плошчы тады яшчэ Леніна перад Домам ураду на мітынгу.

Што да дзяржаўных газэт, то яны ў той пэрыяд таксама маглі сабе тое-сёе дазволіць. Згадвае тагачасны галоўны рэдактар газэты “Знамя юности” Аляксандар Класкоўскі:

(Класкоўскі: ) “Галоўліт быў скасаваны разам з распадам Савецкага Саюзу. І быў такі пэрыяд адноснай свабоды, калі інстанцыяў, якія б цэнзуравалі наўпрост, не было. Іншая рэч, што ў нас фактычна ўсе газэты як былі дзяржаўнымі, так і засталіся. Большасьцю газэт кіравала тады адміністрацыя Кебіча. Што да дзяржаўных газэт, дык іх рэдактараў зьбіралі тады ў кебічаўскай адміністрацыі, праводзілі інструктажы… Большасьць прэсы была пад Кебічам, так бы мовіць”.

Але за “кебічаўскім часам” першыя націскі на прэсу былі (у параўнаньні з лукашэнкаўскімі гадамі) даволі мяккімі. Пасьля некалькіх вострых публікацыяў была спроба забараніць друкаваць “БДГ” у Беларускім доме друку. Прычына надуманая – маўляў, няма адмысловых платаў для друку. Хлопцы тэрмінова зьезьдзілі ў Вільню, купілі платы, і друкарам не было чым крыць – газэту прыйшлося друкаваць, апавёў тагачасны рэдактар “БДГ” Аляксандар Вальвачоў.

(Вальвачоў: ) “Прычына была сьмешная, і вырашэньне яе таксама сьмешнае. У іншы час проста “паслалі” б як мага далей або дамову скасавалі, як потым гэта й адбылося. А тут яны толькі рукамі разьвялі: калі самі такую вялізную праблему вырашылі, якія яшчэ могуць быць “наезды”? А болей я ніякіх “наездаў” ня памятаю. Дый не было іх”.

Адразу ж пасьля развалу Савецкага Саюзу зьявілася “Народная газета”, якую рэдагаваў Іосіф Сярэдзіч. Яна была органам Вярхоўнага Савету, дзе тады існаваў плюралізм, была даволі ўплывовая фракцыя БНФ. І дэ-факта “Народная газета” была адносна вольнай, прытрымлівалася дэмакратычнага кірунку... Гаворыць Аляксандар Класкоўскі, які стаў тады намесьнікам галоўнага рэдактара “Народнай газеты”:

(Класкоўскі: ) “Калі параўноўваць зь цяперашнім часам, тады быў адносна лібэральны пэрыяд. Не было такога наўпроставага рэпрэсіўнага ўзьдзеяньня… Іншая рэч, што “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка” былі саўмінаўскімі выданьнямі. А вось Шушкевіча і апазыцыю БНФ толькі адна “Народная газета” падтрымлівала. Існаваў пэўны плюралізм, сапраўды”.

Пра гэта сьведчыць і юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “У той час ступень свабоды дзяржаўных мэдыяў была непараўнальна большая, чым цяпер. Працавала радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная” (якая была закрытая яшчэ да выбараў). Тады “Народная газета”, “Знамя юности”, “Советская Белоруссия”, па вялікім рахунку, адрозьніваліся няшмат ад недзяржаўнай прэсы, у першую чаргу формай уласнасьці, але не падыходам да асьвятленьня падзеяў у краіне”.

Так бы мовіць, больш сур’ёзнае “закручваньне гаек” пачалося ў 1993 – 94 гадох. Тут даволі паказальны прыклад – радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная”, якая вызначалася тады даволі вострымі праграмамі. За даволі бяскрыўдны першакрасавіцкі жарт на месяц ад кіраўніцтва рэдакцыяй была адхіленая галоўны рэдактар Жанна Літвіна:

(Літвіна: ) “1 красавіка ў гумарыстычнай праграме “Сёмая пятніца” дыктар Мікалай Кузьцяцоў “левітанаўскім” голасам сказаў, што “празь некалькі хвілін прагучыць важнае ўрадавае паведамленьне”. Можаце ўявіць, якім сродкам узьдзеяньня тады было радыё, якім аўтарытэтам карысталася: усе сапраўды чакалі, кажуць, апарат Саўміну, Вярхоўны Савет нават перасталі працаваць, чакалі... Празь некалькі хвілін у эфіры патлумачылі, што гэта быў жарт. Але яго не зразумелі...”

А праз год, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, радыёстанцыю “Беларуская маладзёжная” закрылі, 18 журналістаў звольнілі. Падстава – чарговая рэарганізацыя Белтэлерадыёкампаніі. Пачаўся ўціск і іншых выданьняў. Расказвае юрыст БАЖу Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Яшчэ ў лютым 1994 году Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць нумар газэты “Свабода”, і толькі празь дзень друк быў адноўлены. У сакавіку быў арыштаваны рахунак гэтага выданьня. Мы бачым, што тыя мэтады, якія цяпер ужываюцца, былі апрабаваныя больш як 12 гадоў таму”.

Але ўсё адно тады, за Кебічам, як кажуць, былі яшчэ толькі кветачкі… Галоўным ідэолягам ягонай прэзыдэнцкай кампаніі быў тады палкоўнік Замяталін. Кажуць, менавіта ён быў распрацоўнікам гучных сцэнароў – сюжэту пра стуардэсу на Беларускай тэлевізіі, артыкулу быццам бы ў галяндзкай газэце, які перадрукавалі амаль усе беларускія дзяржаўныя газэты. Але тады іншыя мэдыі мелі магчымасьць зьняпраўдзіць гэтыя небыліцы. Расказвае тагачасны намесьнік галоўнага рэдактара “Народнай газеты” Аляксандар Класкоўскі:

(Класкоўскі: ) “Я зрабіў тады журналісцкае расьсьледаваньне, і высьветлілася, што ў Галяндыі наагул няма газэты з такім назовам, што ўсё гэта высмактана з пальца. Я тады ў “Народнай газеце” надрукаваў артыкул. Гэта якраз быў разгар перадвыбарчай кампаніі. Нягледзячы на тое, што гэта быў антызамяталінскі артыкул, ніхто ня мог мне перашкодзіць, ніхто ня мог зьняць з паласы. Кебіч пры ўсёй сваёй уладзе ня мог ніяк узьдзейнічаць, забараніць гэтую публікацыю”.

Літаральна празь месяц улада памянялася. Прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка, які на першай пасьля выбараў прэсавай канфэрэнцыі заявіў: “Уся прэса з сёньняшняга дня становіцца вольнай”. Але пра гэта ўжо – у нашай наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG