Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава аб паваеннай дапамозе ААН Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск У Дзяржаўным музэі Вялікай Айчыннай вайны пры спрыяньні прадстаўніцтва ААН у Беларусі і амбасады ЗША ў Менску адкрылася выстава “Місія ААН-ЮНРРА ў Беларусі ў 1946 – 1947 гадах”. Выстава прымеркаваная да 60-годзьдзя пачатку дзейнасьці ў паваеннай Беларусі місіі ААН для дапамогі і аднаўленьня вызваленых ад нацыстаў краінаў.

На выставе прадстаўленыя дакумэнты і матэрыялы зь беларускіх і амэрыканскіх сховішчаў, у тым ліку архіваў ААН, МЗС Беларусі, бібліятэкі Каламбійскага ўнівэрсытэту, асабістага архіву кіраўніка місіі Тэадора Ўолера, які яшчэ жыве ў ЗША. Жонка Тэадора Ўолера Рут амаль 60 гадоў таму была пахаваная ў Менску на Вайсковых могілках. Яна выратавала беларускае дзіця, якое танула, пасьля чаго сама моцна захварэла і памерла.

Пра выставу гаворыць амбасадар ЗША Джордж Крол:

(Крол: ) “Гэта ня толькі амэрыканскі праект і выстава, прысьвечаная місіі амэрыканцаў. Гэта першая місія ААН у сьвеце, яна была менавіта тут, у Беларусі. І было шмат амэрыканцаў, якія працавалі ў гэтай місіі”.

Ці не найбольшы ўнёсак у дапамогу ЮННРА аднаўленьню Беларусі быў амэрыканскі, але донарамі былі таксама Канада, Францыя, Аўстралія, Вялікая Брытанія. Усяго ў Беларусь было пастаўлена больш за 140 тысяч тонаў прадуктаў харчаваньня, абсталяваньня, матэрыялаў коштам звыш 60 мільёнаў тагачасных даляраў – у цяперашніх цэнах гэта адпавядае 600 мільёнам даляраў.

У першай партыі паваеннай дапамогі Беларусі з Захаду было 270 трактараў, насеньне, адзеньне, харчы, мэдычнае абсталяваньне. Перш за ўсё гэтая дапамога накіроўвалася ў шпіталі, дзіцячыя дамы. На выставе можна даведацца, што з дапамогай амэрыканскіх бульдозэраў быў пабудаваны аэрапорт “Менск-1”, пасьля вайны на амэрыканскім абсталяваньні працавалі менскія друкарні і перадаваліся перадачы Беларускага радыё.

На адкрыцьці выставы былі замежныя дыпляматы, прадстаўнікі ўладаў, а таксама беларускія грамадзяне, якія перажылі цяжкасьці паваеннай адбудовы краіны і цяпер, праз 60 гадоў, дзякавалі амэрыканскаму народу за дапамогу. Варта дадаць, што матэрыялы пра дапамогу паваеннай Беларусі з боку ЗША і іншых заходніх краін у часы халоднай вайны былі засакрэчаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG