Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя беларускія ўцекачы выехалі з зоны канфлікту на Блізкім Усходзе


Радыё Свабода Першая група беларускіх грамадзянаў-уцекачоў з зоны баявых дзеяньняў у Лібане прыляцела ў Маскву самалётамі расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Першы спэцыяльны самалёт “Белавія” зь беларускімі ўцекачамі прыляціць з Дамаску заўтра раніцай.

Беларускае замежнапалітычнае ведамства ажыцьцяўляе самую буйную ў сваёй гісторыі гуманітарную апэрацыю. Яно арганізоўвае вяртаньне на радзіму некалькіх соцень грамадзянаў Беларусі з зоны канфлікту на Блізкім Усходзе. За апошнія два дні было эвакуявана 40 чалавек рэйсамі МНС Расеі. Яны правялі ноч у гатэлі пры беларускай амбасадзе і ўжо сёньня цягніком накіраваліся ў Менск. Гаворыць супрацоўніца беларускай амбасады ў Маскве:

(Супрацоўніца: ) “Яны пераначавалі, тут ім арганізавалі квіткі праз прадстаўніцтва чыгункі, харчаваньне… Усе пытаньні, якія ўзьнікалі, вырашалі ў працоўным парадку. І цягніком №27 яны ўжо выехалі ў Менск”.

Учора ўвечары з Бэйруту ў Дамаск прыбыў адмысловы аўтобусны канвой, арганізаваны ганаровым консульствам Беларусі ў Лібане. У ім было эвакуявана 127 грамадзянаў Беларусі. Самастойна ў Сырыю дабраліся яшчэ 33 беларусы. Такім чынам, заўтра а сёмай раніцы 160 беларускіх грамадзянаў павінны прыляцець у менскі аэрапорт спэцыяльным рэйсам кампаніі “Белавія”. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Міністэрствам замежных справаў у рамках магчымасьцяў, якія ў нас ёсьць, прынятае рашэньне аб кампэнсацыі расходаў нашых грамадзянаў дзеля пераезду з Бэйруту ў Дамаск і іхнага знаходжаньня ў Сырыі”.

Паводле Андрэя Папова, на тэрыторыі Лібану яшчэ знаходзіцца каля 80 грамадзянаў Беларусі, 30 зь іх заявілі, што хочуць вярнуцца дадому, 15 — вырашылі застацца ў Лібане, трое яшчэ вагаюцца. Зь іншымі беларускімі грамадзянамі зьвязацца пакуль не ўдаецца, ня выключана, што яны знаходзяцца на поўдні Лібану, дзе разбураная інфраструктура. Чакаецца, што для рэшты беларусаў, якія знаходзяцца ў зоне канфлікту, будзе арганізаваны яшчэ адзін авіярэйс “Белавія” з Дамаску.

Што да грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў Ізраілі, то ніякіх спэцрэйсаў для іх не арганізоўваецца, паведаміў Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Вядома, сытуацыя ў Ізраілі крыху менш напружаная, бо ёсьць магчымасьць самастойнай эвакуацыі грамадзянаў з тэрыторыі гэтай краіны, калі яны такое жаданьне маюць. І некаторыя грамадзяне, параіўшыся з нашай амбасадай у Тэль-Авіве, такое рашэньне ўрэшце прымаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG