Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Беларусь” рыхтуецца да мясцовых выбараў


Радыё Свабода Праваабарончы рух “Наша Беларусь” абнародаваў стратэгію сваёй дзейнасьці. Адным з галоўных яе накірункаў зьяўляецца ўдзел у якасьці назіральнікаў у мясцовых выбарах, якія маюць адбыцца ў 2007 годзе – праваабаронцы зьбіраюцца весьці маніторынг парушэньняў у часе выбарчай кампаніі.

Паводле дакумэнта, шляхам выбараў можна дамагчыся рэалізацыі мэтаў праваабарончага руху. Бо дэпутацкі мандат, аб чым гаворыцца ў законе “Аб статусе дэпутата мясцовага Савету дэпутатаў”, дазваляе актыўна змагацца за правы і інтарэсы грамадзянаў. Знаходжаньне ж гэтых мандатаў у руках прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, паводле праваабаронцаў, аддаляе ўсталяваньне ў Беларусі прававой дзяржавы. Вось чаму “Наша Беларусь”, як патлумачыў каардынатар руху Ігар Леднік, падтрымлівае тых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія плянуюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Пры гэтым спадар Леднік прагназуе, што кампанія будзе для іх нялёгкай.

(Леднік: ) “Мы ведаем, што гэтыя выбары зноў-такі будуць уладай, рэжымам Аляксандрам Лукашэнкі выкарыстаны дзеля яго далейшага знаходжаньня ва ўладзе. Таму зноў будуць парушэньні. Але мы будзем іх фіксаваць і інфармаваць пра гэта пракуратуру і выбаркамы. І потым прад’яўляць гэта нібыта абраным дэпутатам, якія атрымаюць дэпутацкія мандаты, што яны дасягнулі ўлады незаконным чынам”.

Паводле каардынатара “Нашай Беларусі”, выбарчыя кампаніі ў апошняе дзесяцігодзьдзе адметныя непавагай да заканадаўства. Прычым гэтая непавага зыходзіць найперш ад чыноўнікаў і ўладных структур. У часе мясцовых выбараў 2007 году праваабарончы рух зьбіраецца супрацьстаяць парушэньням зь іх боку. Ці будзе гэта мець плён для кампаніі дэмакратычных сіл? Ці дапаможа гэта апазыцыйным прэтэндэнтам у атрыманьні дэпутацкіх мандатаў? Меркаваньне дэпутата Гомельскага гарадзкога савету Юрася Глушакова.

(Глушакоў: ) “У мінулую кампанію 2003 году гэта быў вельмі ўплывовы фактар, які часткова, магчыма, забясьпечыў маю перамогу на тых мінулых выбарах. На жаль, умовы цяпер вельмі зьмяніліся. Адносіны ўлады да ўсіх незалежных прэтэндэнтаў сталі больш жорсткімі. Тым ня менш, гэта ўсё роўна трэба рабіць. Незалежнае назіраньне патрэбна. І я лічу, што гэта можа даць пэўны вынік, калі гэта будзе добра зроблена. То бок, ня трэба падаць духам, трэба змагацца, разьлічваючы перш-наперш на перамогу, а не на палітычную кампанію. Гэта мой асабісты погляд. І праваабаронцы, назіральнікі яшчэ могуць адыграць тут вельмі неблагую ролю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG